• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Барыс Гарэцкі: Новая камісія па этыцы можа фармавацца на падставе этычнага мемарандума

    БАЖ рыхтуецца да канферэнцыі, дзе абмяркуюць пытанні, звязаныя з журналісцкай этыкай. Пра гэта, а таксама пра аднаўленне камісіі па этыцы і нашых калег-журналістаў за кратамі Улад Грынеўскі з Беларускага Радыё Рацыя размаўляе з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім.

    Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ

    Найперш паразмаўлялі пра падрыхтоўку да канферэнцыі: 10 верасня ў Вільні збіраюцца прадстаўнікі незалежных СМІ.

    Звычайна мы ў медыясектары стараемся сустракацца некалькі разоў на год даволі шырокім колам для таго, каб абмяркоўваць бягучыя пытанні, праблемы. Безумоўна, штодзённая камунікацыя важная, але на вялікіх мерапрыемствах ёсць магчымасць пачуць больш меркаванняў і больш паглыбіцца ў дэталі тых ці іншых рэчаў.

    10 верасня ў Вільні будзем узнагароджваць лаўрэатаў нашага традыцыйнага конкурсу “Вольнае слова” – гэта галоўны конкурс незалежнай беларускай журналістыкі пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. А да гэтага таксама прымеркавалі канферэнцыю, прысвечаную якасці беларускіх медыя. Пагутарым пра тое, якія выклікі сёння да якасці медыя ёсць, а іх даволі шмат. І з некаторымі выклікамі мы ўмеем спраўляцца, а з некаторымі не. І таксама гутарыць будзем пра этычныя праблемы.

    Што тычыцца якасці, гэта як правяраць інфармацыю, калі ў нас няма сёння журналістаў унутры Беларусі, як не ствараць фэйкі і не публікаваць неправераную інфармацыю. Як калегі даюць гэтаму рады, што нас чакае ў наступным годзе, што зараз з’яўляецца найбольш праблемнай сітуацыяй для Беларусі – пра гэта будзем размаўляць.

    Гэта рэакцыя на нейкія праблемныя сітуацыі, якія зараз назіраюцца, ці гэта ўвогуле развіццё журналісцкай супольнасці? Ці проста трэба нейкім чынам адрэагаваць, бо гэтых праблемаў сабралася, і калі мы іх зараз не вырашым, то будзе зусім бяда?

    Мы хутчэй за ўсё гэтыя праблемы не вырашым і гэта не рэакцыя. Раз на паўгода – год мы імкнемся праводзіць такія форумы, каб камунікаваць. Вельмі важна, калі ёсць праблема, не хавацца ад яе, а спрабаваць  разам знайсці эфектыўнае выйсце. Бо мы хочам, каб нашыя медыя былі эфектыўнымі, каб нашыя слухачы нас чулі, ведалі дакладную інфармацыю. І таму разам будзем думаць, што палепшыць.

    Што тычыцца этыкі, тут яшчэ больш пытанняў. Бо ў Беларусі, калі мы былі, у нас існавала камісія па этыцы. І гэта быў галоўны этычны орган беларускага медыясектара. На жаль, з ліквідацыяй нашай арганізацыі, гэты орган тэхнічна прыпыніў працу. Зараз у беларускім медыясектары няма органа, куды чалаек можа звярнуцца са сваімі скаргамі.

    Канешне, можна сказаць, што юрыдычна многія выданні зараз знаходзяцца ў еўрапейскіх краінах, і ў кожнай краіне ёсць свой такі нацыянальны орган і можна звярнуцца ў літоўскую ці польскую камісію па этыцы, але зразумела, што наўрад беларусы будуць звяртацца ў такія камісіі, а па-другое, наўрад такія камісіі ці камітэты маюць экспертызу, каб разбіраць этычныя праблемы ўнутры беларускіх медыя.

    Але нават калі вышэй падняцца, з разбурэннем гэтай сістэмы ў нас няма і агульнапрынятага мемарандума, ці кодэкса, ці палажэння пра этыку. У кожнай рэдакцыі ёсць высокія стандарты, кожная рэдакцыя для сябе іх вызначае, Радыё Рацыя таксама, дзякуй вам вялікі. Але часам здараюцца праблемныя моманты, якія нас падштурхоўваюць да таго, што было б добра мець агульны этычны стандарт, да якога далучацца многія медыя і ён будзе высокім мерылам. А ўжо пасля гэтага можна будзе казаць пра этычны орган. Пра гэта будзем размаўляць на канферэнцыі 10 верасня ў Вільні.

    Гэта будзе рэканструкацыя камісіі па этыцы БАЖ ці тая канцэпцыя ўжо адышла, нешта новае будзе стварацца, нейкі новы такі орган дыскусійны альбо трэцейскі суд? Што гэта будзе?

    Безумоўна, БАЖ мог бы стварыць нейкі этычны орган, і ён быў бы эфектыўным, людзі бы працавалі. Толькі ў гэтай канцэпцыі ёсць дзьве акалічнасці. Першая — БАЖ экстрэмісцкае фармаванне, зварот у такі орган нясе пагрозу для чалавека. Удзел у такім органе таксама нясе адразу крымінальны склад для чалавека.

    Больш шырока калі паглядзець у нас шмат беларускіх медыя ў розных краінах, якія ўвесь час блізка з БАЖам і для іх аўтарытэт БАЖа і меркаванне БАЖаўскай камісіі па этыцы будзе важным. А хтосьці скажа: «Я вас не прызнаю» і мы не можам на гэта паўплываць. Адзінае, што мусіць такая рэдакцыя прызнаваць — гэта этычны орган той краіны, у якой яна зарэгістраваная.

    Каб пазбегнуць гэтых складаных момантаў, напэўна, мы бы хацелі, каб гэты этычны орган фармаваўся на падставе этычнага мемарандума. Рэдакцыі паміж сабой дамаўляюцца пра нейкія правілі і вырашаюць, што кожная рэдакцыя дэлегуе аднаго прадстаўніка. Ці разам нейкім складам рэдакцыі, якія далучыліся да этычнага мемарандуму, абіраюць журналістаў, якія ўваходзяць у гэты этычны орган. То бок не БАЖ яго фармуе, а непасрэдна медыясфера, рэдакцыі. Тады ён будзе найбольш незалежны, і мы пазбегнем магчымых перакосаў, таму шта калі мы будзем разбіраць сітуацыю нейкай канкрэтнай рэдакцыі, то, як мінімум, у гэтай камісіі будуць прадстаўнікі іншых медыя. І я думаю, што такая сістэма на падставе мемарандума, на падставе тых абавязкаў, якія рэдакцыі ўзялі самі на сябе, больш устойлівая.

    Цалкам гутарку слухайце тут

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці