• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выпускнік Баўхауса, сябра Андрэ Мальро — фатограф з беларускага мястэчка Мошэ Верабейчык, спадчыну якога адкрываюць у Ізраілі. Хто ён такі?

    Moi Ver/Мошэ Равіў/Мошэ Верабейчык — фатограф з беларускіх Заскавічаў, які вырас у Вільні, вучыўся ў Баўхаусе, у Парыжскай школе Ecole Pho­to Cine, сябраваў з ідэолагам французскай Пятай Рэспублікі, пісьменнікам Андрэ Мальро, фатаграфаў польскія гарады, і ў тым ліку жыццё габрэйскай абшчыны ў Польшчы, а ў апошнія гады жыцця спрычыніўся да стварэння кварталу мастакоў у Цфаце. Чым не гісторыя для кінаўвасаблення?

    У Тэль-Авіўскім музеі мастацтваў зараз ладзіцца выставачны праект, прысвечаны спадчыне фатографа, якога лічаць адным з найяскравейшых прадстаўнікоў авангарднай фатаграфіі. Але імя Мошэ Верабейчыка можна далучыць і да гісторыі беларускай фатаграфіі — бо на яго фотаадбітках можна ўбачыць і краявіды Беларусі.

    Moshe Vorobe­ichic (Moï Ver), «Аўтапартрэт» (Self-por­trait), 1928, gelatin sil­ver print. © Yos­si Raviv-Moi Ver. Archive. Repro­duc­tion: Yigal Par­do

    Імя Мошэ Верабейчыка, ураджэнца Заскавічаў (1904), сапраўды новае: праца з яго архівам пачалася толькі ў апошнія дзесяць гадоў. І толькі зараз адбылася першая рэтраспектыўная выстава «Moi Ver/Мошэ Равіў/Мошэ Верабейчык. Мадэрнізм у пераходны перыяд». Даследаванне і выставачны праект у Тэль-Авіўскім музеі мастацтваў падрыхтавала куратар доктар Рона Сэла. 

    Для Беларусі, акрамя паходжання фатографа-мадэрніста, цікавы яшчэ і факт адукацыі Верабейчыка ў Баўхаус, знакамітай Школе дызайну і архітэктуры. Мы даволі шмат ведаем пра мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі і былі праслаўленыя Парыжскай школай; а вось Баўхаус — іншая гісторыя, але не менш значная для мастацтва і XX, і ХХI стагоддзяў. 

    Moshe Vorobe­ichic (Moi Ver) «Фотамантаж» (Pho­tomon­tage), gelatin sil­ver print. ©Yos­si Raviv-Moi Ver Archive

    Мошэ Верабейчык паступіў у Баўхаус у 1927 годзе, у бытнасць працы Школы ў горадзе Дэсаў (Германія). Вядомая яна ў першую чаргу сваімі настаўнікамі, сярод якіх былі Вальтэр Гропіус, Ханес Майер ды іншыя. Верабейчык вывучаў новыя метады ў архітэктуры і дызайне, візуальнаму мастацтву вучыўся ў Васіля Кандзінскага, Паўля Клее, Джозэфа Альберса, а ў фатаграфіі гэта быў перш за ўсё Ласла Махой Надзь. Новыя сацыяльныя ідэі, эксперыменты, дакументальная фатаграфія і мастацкі авангард – усё прыжылося на добрай глебе, студэнт з беларускага мястэчка аказаўся таленавітым. (Ва ўзросце 11 гадоў Мошэ разам з сям’ёй пераязджае ў Вільню, дзе вучыцца ў Школе Віленскага мастацкага таварыства, а потым ва Універсітэце Стэфана Баторыя.) Рух «Новая фатаграфія» (Новая аб’ектыўнасць), які прапаноўвае нестандартныя прыёмы ў духу мадэрнізму насуперак традыцыйным выявам, стане яго захапленнем, а затым і творчым падыходам, усвядомленым і пазнавальным. 

    Пасля закрыцця Школы дызайну і архітэктуры ў нямецкім Дэсаў нацысцкімі ўладамі Верабейчык працягвае адукацыю ў Парыжскай школе Ecole Pho­to Cine, шмат падарожнічае па Еўропе. Гэты перыяд таксама апынуўся вельмі ўдалым: адзіны час ён вучыцца разам з французскім жывапісцам і скульптарам Фернанам Лежэ, па парадзе ўжо вядомага пісьменніка Андрэ Мальро бярэ псеўданім Moi Ver, супрацоўнічае з фотаагенцтвам Pho­to Glob Pic­ture, друкуецца ў польскіх і французскіх ілюстраваных газетах. Андрэ Мальро, дарэчы, належыць фраза-ацэнка: «Гэтыя фатаграфіі мог стварыць толькі мастак». 

    Moshe Vorobe­ichic (Moi Ver). Габрэйскія інтэлектуалы з Вільні на возеры Нарач, 1931 (Jew­ish Intel­lec­tu­als from Vil­nius at Lake Naraсh), gelatin sil­ver print. ©Yos­si Raviv-Moi Ver Archive

    Выстава ў Тэль-Авіўскім музеі імкнецца да класічнага рэтраспектыўнага фармату: асобныя яе часткі прысвечаны перыядам працы ў Вільнюсе (1928 – 1929), у Парыжы (1930 – 1931), у Польшчы (1928 – 1939) і ў Ізраілі (1934 – 1954). Паралельна паказаны невялікія серыі і цыклы. Напрыклад, здымка падчас паездкі на Нарач («Віленскія інтэлектуалы на Нарачы», «Студэнты») – гэтыя кадры планаваліся для публікацыі ў альбоме з назвай «Нарач» (1931). Кантэкст мы ведаем: еўрапейская міжваенная Беларусь, найцікавейшы перыяд у жыцці краіны; і ў эксплікацыі, дарэчы, пазначана, што Заскавічы знаходзяцца ў «Расійскай імперыі, цяперашняя Беларусь», а Нарач – у «Мінскім рэгіёне». Усё гэта асабліва цікава, і вядома, дадае аб’ём і асобе Верабейчыка, і нашай уваге да яго фатаграфічнага архіва і спадчыны наогул. 

    Moshe Vorobe­ichic (Moi Ver). Вокладка фотаальбома «Нарач», 1931 (Book cov­er for the pho­to album «Naroch»). ©Yos­si Raviv-Moi Ver Archive

    У Польшчы Верабейчыка прыцягвае жыццё, у тым ліку, габрэйскай абшчыны, і акрамя каларытных выяў старых вулак, дворыкаў і рынкаў, фатограф стварае партрэтную галерэю «Faces of Yes­ter­day» (1929 – 1939). Не толькі Варшава, але і Кракаў, Чэнстахова даюць яму досвед здымкі гарадскіх пейзажаў, элементаў архітэктуры, працы са святлом. У польскім раздзеле архіва каля 1700 кадраў! Зараз усе яны маюць каштоўнасць аўтэнтычных дакументаў (як і серыя «Габрэйская вуліца ў Вільні» (1931), але мантаж, незвычайныя ракурсы і кампазіцыі фатограф па-ранейшаму шукае, спрабуе, вывучае. Ягоныя працы – не анталогія тыпажоў і гістарычных помнікаў, гэта новае і нават рэвалюцыйнае бачанне мастака, які працуе з фатаграфіяй як са спецыфічным медыя. Відавочна, гэта моцнае медыя – дадамо сюды ўплыў Аляксандра Родчанкі і Эль Лісіцкага, фотамантажы якога ён адкрыў для сябе ў 1929 годзе на міжнароднай выставе прэс-фатаграфіі ў Кёльне.

    Авангардная серыя Верабейчыка «Ci-Con­tre» (1931, 1940‑я) была паказана ў Кёльне, адзіны раз пры жыцці аўтара (1987), і набыта Цэнтрам Пампіду. А альбом «Парыж» прызнаны адным з самых цікавых і паспяховых. 

    На Блізкі Усход фатограф прыязджае, пачынаючы з 1932 года. Ізраільскі перыяд яго творчасці датуецца 1934 – 1954 гадамі: ён здымае Іерусалім, узгоркі і палі, кібуцы і будоўлі ў Тэль-Авіве, заняткі фізкультурай на фабрыках і партрэты габрэяў, арабаў, еменцаў. Займаецца графічным дызайнам: ілюстрацыямі, калажамі, плакатамі, натхняючыся сацыялістычнымі і сіянісцкімі ідэямі. Гэты час значна адрозніваецца ад мінулых гадоў – развіццём візуальнай мовы, паступовым пераходам да жывапісу і графікі, а потым стварэннем квартала мастакоў у Цфаце, як зараз бы сказалі, арт-кам’юніці. Толькі вось важны нюанс: Цфат – горад каббалістаў, перанасычаны сапраўднай гісторыяй і містыкай… 

    Moshe Vorobe­ichic (Moï Ver), «Негатывы» (Neg­a­tives), gelatin sil­ver print. © Yos­si Raviv-Moi Ver Archive

    Дыяпазон паміж першымі і апошнімі серыямі Верабейчыка велізарны: ён паспеў паспрабаваць сябе ў дакументалістыцы, мадэрнізме і альтэрнатыўных тэхналогіях, у аўтапартрэтах і скетчах; нарэшце, паэзія і старажытны горад захапляюць яго на апошнія 40 гадоў жыцця. І, вядома, ізраільскі глядач счытвае ў экспазіцыі змену вобразаў старой габрэйскай абшчыны перыяду да Халакосту на парадыгму новага моцнага грамадства незалежнай краіны.

    Тут імя мастака становіцца ізраільскім – Мошэ Равіў. Гэтак біяграфія, творчая кар’ера і тры імёны адлюстроўваюць развіццё, фармаванне ідэнтычнасці аўтара. Збольшага гэта тлумачыць і той факт, што пакуль што яго персона мала вядомая ў міжнародным кантэксце – будзем лічыць, то неабходныя выдаткі, бо ад гэтага яна не стала менш цікавай, і выстава робіць значны крок у патрэбным кірунку. Затое якая актуальная тэма для нашых дзён!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці