Івулін і Астапеня запусцілі YouTube-шоу пра падарожжы і выбітных беларусаў
Новы YouTube-праект называецца «Гэта топ!» У ім блогер Саша Івулін і палітолаг Рыгор Астапеня ездзяць па свеце і расказваюць топавыя гісторыі пра беларусак і беларусаў, якія паўплывалі на сусветную гісторыю і культуру.
Шоу расказвае пра самыя беларускія месцы ў розных краінах і паказвае, як гісторыя Беларусі звязаная з гісторыяй Захаду. У першым выпуску Івулін і Астапеня адправіліся ў Швейцарыю, дзе паглядзелі на вітражы Шагала і наведалі кавярню, якую наведваў Ленін.
«У гэтым відэа аповед пра Цюрых: топ‑5 беларусаў, якія пакінулі след у краіне — Касцюшка, Марыя Магдалена Радзівіл і іншыя, веліч беларускага мастака Марка Шагала, а таксама рэфлексія ў знамянальным месцы аб спадчыне Леніна для Беларусі», — гаворыцца ў анонсе.
Праект рэалізуе ініцыятыва MALDZIS, якая бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай краіны.