• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістыка ў эміграцыі: як не страціць жанравую разнастайнасць?

    У апошнія чатыры гады мы назіраем, як шматлікія жанры, якія не так даўно былі будзённасцю беларускай журналістыкі, апынуліся ў крызісе. Ці магчымы іх уздым або нам трэба прыняць тое, што з імі неабходна развітацца назаўсёды? Вольга Класкоўская спецыяльна для БАЖ апытала экспертаў, каб даведацца іх меркаванне на гэтую тэму.

    «Журналісты-эмігранты моцна адарваныя ад беларускай рэчаіснасці»

    — За апошнія чатыры гады ў сувязі з рэпрэсіямі практычна знік такі класічны, найважнейшы жанр як рэпартаж. І гэта не таму, што сярод нас няма рэпарцёраў, а таму што ўсе яны альбо сядзяць у турмах, альбо знаходзяцца за мяжой. Мы можам рабіць рэпартажы з любога месца планеты апроч нашай краіны. Рэпартажаў з Беларусі ў нас больш няма, — гаворыць журналістка «Новой газеты Европа» Ірына Халіп. — Практычна цалкам мы згубілі і навіновую журналістыку.

    Ірына Халіп

    Ірына Халіп. Выява: скрыншот праграмы ТОК Настассі Роўды

    Абставіны, у якіх цяпер працуюць беларускія журналісты, Ірына Халіп называе «анамальнымі»: «Мы пішам пра сваю краіну, але пры гэтым у ёй не знаходзімся».

    Меркаванне эксперта падзяляе і каманда журналістаў-расследавальнікаў «Партызанскай хвалі»:

    — Мы, журналісты, што з’ехалі, не маем паўнавартаснага доступу да інфармацыі. Возьмем тую ж расследвальніцкую журналістыку — каб па-сапраўднаму ёй займацца, трэба быць у Беларусі, нам патрэбна магчымасць выехаць на месца, дзе сам можаш непасрэдна пабачыць, даследаваць. Мы не можам гэта зрабіць альбо робім такую працу ў вельмі  абмежаванай колькасці. Аднак праблема яшчэ ў тым, што асноўная аўдыторыя нашых ролікаў — гэта дыяспара, якой многія тэмы непасрэдна з Беларусі ўжо не цікавыя.

    Фатограф Вадзім Заміроўскі зазначае, што «не стаў бы так ужо адназначна казаць, што жанр фотажурналістыкі страчаны»:

    — Канешне, знаходзячыся па-за межамі краіны, захаваць менавіта беларускую фотажурналістыку як частку журналістыкі складана. Запатрабаванасць у беларускіх фотажурналістах сёння вельмі маленькая. Ну што можна здымаць у экзайле? Жыццё эміграцыі? Гэта не цікава людзям унутры краіны. А ў Беларусі мы здымаць не можам. Нядаўна я вось рабіў партрэты для інтэрв’ю чалавека, якому, дзякуй богу, удалося выехаць з Беларусі. Вельмі цікава, але такое адбываецца раз на месяц, ну два-тры разы.

    Вадзім Заміроўскі

    Вадзім Заміроўскі. Фота: з архіва героя

    «Сапраўдныя навіны звязаныя выключна з рэпрэсіямі»

    — Цяпер, на жаль, у сувязі с рэпрэсіямі мы маем жудасныя навіны кожны дзень: таго пасадзілі, гэтага арыштавалі, таго не выпусцілі, таму дадалі тэрмін — бясконцыя затрыманні, здзекі, — працягвае Ірына Халіп. 

    Добра, калі навін шмат — кепска, калі ўсе навіны скрозь страшныя. Але гэта той выпадак, калі нельга прад’яўляць прэтэнзіі ні да сябе, ні да сваіх калег. Так склаліся абставіны, што мы не можам рабіць рэпартажы з роднай краіны, і ў нас няма навін, апроч як пра рэпрэсіі.

    Ірына Халіп лічыць, што на сёння даволі блякла выглядае і аўтарская журналістыка:

    — Лічу, што акурат у такіх умовах яна павінна была расквітнець. Таму што ў нас усе, каго ні вазьмі, — мы ўсе прайшлі праз такое пекла, што, на жаль, цяпер адначасова з’яўляемся і журналістамі, і ньюсмэйкерамі. Наш асабісты досвед, як арышты, адсідкі ці уцёкі праз мяжу ў пантофлях дадаў нам, што называецца, медыйнасці. І гэта дае права казаць і пісаць ад імя першай асобы — тое, што мы лічым важным і патрэбным. Не толькі паведамляць навіны, не проста распавядаць нейкія гісторыі, але і выказваць уласны пункт гледжання.

    Што ж замінае беларускім журналістам пісаць аўтарскія тэксты? Суразмоўца дапускае, што адна з прычын — цэйтнот і вялікія нагрузкі: штаты рэдакцый зменшыліся, захліствае руцінная канвеерная праца. Другі момант палягае ў слабым матэрыяльным стымуле — ганарары не такія вялікія, і не ва ўсіх рэдакцыях стымулюецца менавіта аўтарская журналістыка, напісанне аналітычных, публіцыстычных артыкулаў. Таму выглядае, што прасцей зрабіць пару просценькіх тэкстаў, чым напружваць мазгі над аўтарскай калонкай.

    Замінае аўтарскай журналістыцы і вымушаная ананімнасць большасці калег, што апынуліся ў эміграцыі — бо аўтарскі тэкст пішацца ад свайго імя ад першай асобы. Тым болей рэдактарам варта заахвочваць тых, хто ў сённяшніх умовах бярэцца пісаць пад сваім прозвішчам, гатовы выказаць свой погляд на тыя ці іншыя праблемы.

    Расследавальніцкая журналістыка: упадак ці рэнесанс?

    Журналісты «Партызанскай хвалі» мяркуюць, што гэты жанр страчаны амаль што цалкам. І што тыя расследаванні, якія робяцца зараз, — не цікавыя для аўдыторыі ў Беларусі:

    — Людзей заўжды прываблівалі не нейкія там глабальныя расследаванні — як функцыянеры абыходзяць санкцыі і крадуць мільярды, а як крадзе іх умоўны дырэктар завода ці старшыня ЖКГ, чаму ў кватэрах звычайных грамадзян лопаюцца трубы, чаму няма гарачай вады, ацяплення, якімі антыбіётыкамі кормяць курэй на фермах. Шырокай аўдыторыі цікава і блізка тое, што непасрэдна ўплывае на яе штодзённае жыццё. Дык вось такі жанр — расследаванні на месцы —мы ўжо рэальна страцілі. Плюс моцна падзялілася аўдыторыя — на тых, хто ўнутры краіны і па-за яе межамі. Ну скажыце, каго з беларусаў замежжа цікавіць умоўны дырэктар ЖКГ Ганцавіцкага раёна? Нам тут у Польшчы гэта дакладна не цікава. А людзям у Беларусі — так.  

    Скрыншот відэа перадачы журналістаў-расследавальнікаў «БГУ без купюр»

    На думку каманды «ПХ», беларускія журналісты-расследавальнікі за мяжой выконваюць ролю прадстаўнікоў замежных праваахоўных органаў: «Мы робім іх працу, і па сутнасці для тых краін, што ўводзяць санкцыі».

    Ірына Халіп дадае, што «расследаванні перасталі існаваць у тым выглядзе, у якім існавалі раней». Паводле суразмоўцы, гэта звязана з абсалютным падзелам грамадства на карнікаў і ахвяр.

    — Калі раней мы, незалежныя журналісты, маглі камунікаваць з тымі ж сілавікамі, таму што яны раз-пораз забяспечвалі нас нейкай інфармацыяй, то цяпер ужо ні мы ім руку не пададзім, ні яны не захочуць з намі мець зносіны, бо для іх гэта страшна і небяспечна, — працягвае экспертка. — Усе сувязі такога кшталту рассечаныя. Але тое, чым, напрыклад, займаўся палітзняволены Дзяніс Івашын, вывела гэты жанр на падставе адкрытых звестак на нейкі касмічны ўзровень. І ў большай ступені дзякуючы яму, пачала развівацца такая журналістыка, як OSINT-расследаванне.

    Меркаванне калег у корані не падзяляе заснавальнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч:

    — На сённяшні дзень беларуская расследавальніцкая журналістыка — гэта феномен, які развіваецца і квітнее. Да 2018 года ў разуменні міжнароднай расследавальніцкай супольнасці журналісцкіх расследаванняў у Беларусі не было ў прынцыпе. У 2018‑м беларускія журналісты паўдзельнічалі ў расследаванні панамскіх дакументаў, мы выйшлі на сусветны ўзровень.

    Станіслаў Івашкевіч

    Станіслаў Івашкевіч

    У дзевяностыя былі асобныя артыкулы беларускіх журналістаў-расследавальнікаў, часам заснаваныя на злівах, часам на ўласнай расследавальніцкай працы, але ж гэта не было тое, што мы сёння разумеем пад міжнароднай журналістыкай паводле міжнародных стандартаў — з поўнай доказнай судовай базай.

    Станіслаў Івашкевіч дадае, што «ў 2020 годзе расследавальніцкая журналістыка атрымала вельмі моцны імпульс дзякуючы серыі зліваў з сістэмы, а ў 2021 годзе беларусы паўдзельнічалі ў міжнародным праекце расследаванняў афшорных схемаў «Дасье Пандоры» – гутарка аб расследаванні пра золата Шэймана ў Афрыцы.

    Суразмоўца перакананы, што расследаванні набываюць усё большы маштаб, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі і сітуацыю з незалежнымі медыямі ў цэлым. У якасці аднаго з апошніх прыкладаў журналіст прыводзіць расследаванне аб’яднання былых сілавікоў BelPol, які раскрыў дэталі пра ўласнасць Лукашэнкі, у прыватнасці яго рэзідэнцыі.

    — Калі ў 2021 годзе агульная сума па карупцыі і абыходзе санкцый, якія атрымалася раскрыць, дасягала крыху больш за паўмільярда долараў, то сёлета ўжо толькі адно расследаванне выявіла патаемныя афшорныя здзелкі схаванага нафтавага кашалька Лукашэнкі — Анатоля Тарнаўскага на 2 мільярды долараў. Пашыраецца і геаграфія працы ў гэтым жанры: мы навучыліся разблытваць афшорныя схемы, пры дапамозе якіх кіроўныя беларускія эліты хаваюць свае багацці, — гаворыць Станіслаў Івашкевіч.

    Суразмоўца згадвае і іншыя сюжэты і называе іх паспяховымі, цікавымі для аўдыторыі:

    — Нядаўна было расследаванне, як Лукашэнка ўчыніў перадзел рынку платных эндапратэзаў на бядро і калена.  Лукашэнка ўсіх абвінавачвае ў карупцыі, але БРЦ устанавіў, што ў выніку гэтай чарговай антыкарупцыйнай кампаніі кошты на пратэзы яшчэ больш павысіліся, а выгаду атрымала кампанія, якая звязана з беларускімі топ-сілавікамі, зарэгістраваная ў ЗША.

    Паводле эксперта, «беларускія журналісты-расследавальнікі навучыліся працаваць па міжнародных стандартах фактчэкінгу»:

    — Гэта цяжкая праца, бо Беларусь займае апошняе месца ў Еўропе і СНД паводле open gov­ern­ment index, то-бок індэксу адкрытасці ўладаў для сваіх грамадзян.

    Не да стылю?

    Становішча, у якім апынуліся беларускія медыі, бясспрэчна, драматычнае і анамальнае. Праз прафесійнае выгаранне і абмежаваныя магчымасці журналісты часта забываюцца, што ў сваёй працы трэба браць не толькі аператыўнасцю, але і прыгожым стылем.

    Гонка за аператыўнасцю часта ператварае артыкулы ў сурагат. Страчаныя не толькі пэўныя жанры, але і традыцыя, што журналістыка — гэта ў значнай ступені ўменне добра пісаць.

    Наколькі магчыма захаваць літаратурны падыход у журналісцкай працы ў новых абставінах?

    Журналістыка ў эміграцыі

    Выява створана БАЖ з выкарыстаннем Chat­G­PT

    — Першы раз мяне працяла да дрыжыкаў, калі нейкае медыя ў выгнанні апублікавала аб’яву, што шукае журналіста ў нейкі аддзел і адна з галоўных умоў — не знаходзіцца ў Беларусі (па прычыне бяспекі самаго карэспандэнта — заўвага БАЖ). Гэта вельмі страшна, бо пазбаўляе нас магчымасці працаваць так, як гэта прынята ва ўсім свеце. У нас цалкам пачварная і ўнікальная па ўзроўні жахлівасці сітуацыя, — дзеліцца думкамі Ірына Халіп.

    Суразмоўца дадае, што «на жаль, многія калегі з‑за асабістых траўмаў, выгарання панізілі свой пісьменніцкі ўзровень да жанру смс»:

    — Магчыма, мы самі яшчэ да канца не асэнсавалі, наколькі драматычныя падзеі на радзіме ўсіх нас пераламалі, перакруцілі. Фарш немагчыма правярнуць назад — і я не ведаю, ці вернемся мы калі-небудзь да свайго звычайнага стану. Але гэта не апраўданне для таго, каб перастаць сачыць за ўласным пяром. На вялікі жаль, вельмі часта ў журналістаў-эмігрантаў атрымліваюцца нейкія каравыя, крывыя тэксты, дзе ў канструкцыі кшталту «Праязджаючы міма станцыі ў мяне зляцеў капялюш», ужо падаюцца нармальнымі.

    Медыйшчыца падкрэслівае, што не можа чытаць тэкст, калі там блытаюцца «тся» і «ться», «не» і «ні»:

    — Непісьменнасць, неахайнасць пісьма не дадае даверу да журналіста. Калі ён не ўмее пісаць, чаму я мушу верыць таму, што ён піша?

    Што рабіць?

    Вадзім Заміроўскі кажа пра важнасць захавання традыцый фотажурналістыкі праз арганізацыю розных івэнтаў:

    — Важную ролю адыгрываюць ініцыятывы, якія робяць гэтыя івэнты. Сяргей Міхаленка, Сяргей Гудзілін ладзяць праекты, у якіх закранаюць тэму фотажурналістыкі. Наталля Ткачова чытае лекцыі — і гэта вельмі істотна для захавання нашых традыцый. Хацелася б захаваць стасункі, суполкі, праекты, каб усё гэта працавала, калі мы вернемся ў Беларусь.

    Сяргей Міхаленка: Беларуская фатаграфія не памерла, яна проста замерла на час

    Вядома, можна і штосьці іншае здымаць у эміграцыі, але, сцвярджае спадар Вадім, гэта хутчэй хобі, чым праца.

    — Я працягваю працаваць фотажурналістам, але гэта не асноўны мой заробак. Можна прыдумаць нейкія праекты пра жыццё ў эміграцыі. Окей. Але колькі фатографаў выехала і колькі можна зняць праектаў? Фотажурналістыка цалкам не страчаная, але перажывае відавочны крызіс.  

    Станіслаў Івашкевіч дадае, што «самае цяжкае — гэта пастаянны недахоп інфармацыі», таму беларускія журналісты-расследавальнікі часта працуюць у кансорцыуме, то-бок у працы над тэмай адначасова бяруць удзел 4–5 выданняў з розных краінаў. Велізарную дапамогу нашым журналістам аказваюць і «Кіберпартызаны».

    — Запатрабаванасць на кантэнт ідзе хвалямі. Напрыклад, у 2020‑м многія нашыя ролікі набіралі па мільёну праглядаў. Зараз гэтая цікаўнасць відавочна ніжэйшая. Але так часта бывае: калі грамадства доўгі час вельмі наэлектрызаванае і гэта не атрымлівае выхаду ў выглядзе перамогі, адбываецца пэўны адток хвалі. Многія людзі ў апатыі. Неабходнасць выкрываць карупцыю і іншыя злачынствы рэжыму пры дапамозе расследавальніцкай журналістыкі для мяне абсалютна бясспрэчная, і я ўпэўнены, што хвалі цікаўнасці да расследаванняў зноў будуць уздымацца, — перакананы Станіслаў Івашкевіч.

    Як жа даць штуршок аўтарскай журналістыцы?

    — Мне пашанцавала, што я працую ў «Новой газете», дзе аўтарскі погляд заўсёды вітаўся. Наш галоўны рэдактар Дзмітрый Муратаў усё жыццё казаў, што ён на сваёй пасадзе — абслуговы персанал для геніяў. Ён культываваў у нас унікальнасць. І гэта заўсёды нам дапамагала і дапамагае да гэтых часоў. Упэўненасць у тым, што ты можаш, што ты талент, што цябе чытаюць, што тваіх тэкстаў чакаюць — гэта вельмі шмат значыць.

    «Новая газета» мае ў Кіеве ўласнага карэспандэнта.

    Наша Вольга Мусафірава піша свае тэксты пад бамбёжкамі,  працуе пры святле налобнага ліхтарыка, калі ў іх знікае электрычнасць. Здавалася б, яна ў самых цяжкіх умовах. Уявіце сабе, што мы ўсе ёй зайздросцім у рэдакцыі. Таму што яна сярод сваіх і працуе на сваёй зямлі.

    Яна кажа: «Я сама сабе зайздрошчу» і дадае, што ў такіх умовах, у якіх працуем мы, яны б не змагла, а «на вайне неяк лягчэй», бо дакладна ведаеш — тут свае, а тут чужыя. А мы ўжо самі чужыя, таму нам вельмі кепска, — выказвае думку Ірына Халіп.

    Спецкар «Новой газеты» ва Украіне Вольга Мусафірава

    Спецкар «Новой газеты» ва Украіне Вольга Мусафірава. Фота з сайта detector.media

    — Што можа рабіць і што заўжды цікава і актуальна — гэта выкрываць і дакументаваць злачынствы рэжыму і яго памагатых супраць чалавечнасці, — дадае каманда «Партызанскай хвалі». — Важна ўскрываць прозвішчы, не даць схавацца тым, хто збіваў, забіваў, катаваў, высвятляць усю інфармацыю пра іх, каб у будучыні ўсіх гэтых суб’ектаў прыцягнуць да адказнасці.

    З такімі расследаваннямі ў гэтай каманды багаты досвед: напрыклад, апошняе – пра рэктара БДУ. Прадстаўнікі «Партызанскай хвалі» дадаюць:

    — Тэма, якую падхапілі ўсе і якая была цікавая і ў Беларусі, — калі кіберы ўскрылі злачынцаў з БДУ, а таксама даносчыкаў КДБ. Тэма стукачоў цікавая — людзям цікава ведаць, каму можна давяраць, а каму не. Вельмі добрыя расследаванні робяць ByPol i BelPol. І такія тэмы цікавыя як беларусам замежжа, так і ўнутры краіны. Ёсць і іншыя, але іх мала і яны не такія гучныя, гэта дужа карпатлівая праца, улічваючы, што базы, доступ вельмі абмежаваныя, статыстыка хаваецца. Няма магчымасці атрымліваць адказы на запыты ад дзяржаўных структур.

    І ў любым выпадку, нягледзячы на ўсе цяжкасці, важна прытрымлівацца агульнапрынятых стандартаў журналістыкі: заставацца аб’ектыўнымі і пільна правяраць і даследаваць усю інфармацыю. Бясспрэчна, беларуская незалежная журналістыка перажывае, бадай, самыя цяжкія часы. Але любы крызіс можа стаць не толькі скочваннем у прорву, а і штуршком да эвалюцыі. Выказваць свае думкі нешаблонным чынам, глыбей капаць праблемы, арыентавацца на ўнутрыбеларускую тэматыку, дасканала правяраць інфармацыю і не забывацца пра літаратурны падыход — гэтага можна прытрымлівацца нават у самых цяжкіх абставінах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці