Незалежная асацыяцыя журналістаў Сербіі правяла акцыю салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі калегамі
У дзень, калі ў нарвежскім Осла асуджаную на 3,5 года турэмнага зняволення Ларысу Шчыракову узнагародзілі прэміяй Free Media Awards за 2024 год, незалежная асацыяцыя журналістаў Сербіі вырашыла падтрымаць і яе, і ўсіх нашых журналістаў, якія сёння знаходзяцца за кратамі.
Сербскія медыйшчыкі нагадалі, што ў жніўні 2023 года ў Гомельскім абласным судзе Ларысу Шчыракову асудзілі паводле сфабрыкаванага абвінавачвання за «дыскрэдытацыю Беларусі і спрыянне экстрэмізму».
Як журналіст-фрылансер Ларыса звярнула ўвагу на забытых ахвяраў сталінскага рэжыму і зрабіла дакументальны фільм «Забітыя і забытыя», у якім дала магчымасць выказацца сваякам дысідэнтаў.
«З моманту пераабрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам у 2020 годзе ў Беларусі да гэтага часу застаюцца ў зняволенні 34 журналісты, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. У сакавіку гэтага года БАЖ таксама быў аднесены да «экстрэмісцкіх», — занепакоеныя сербскія калегі.