• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Пінску будуць судзіць журналіста, які асвятляў пратэсты пасля выбараў у 2020 годзе

    На 26 верасня прызначаны суд над Яўгенам Нікалаевічам, які ў 2020 годзе працаваў на рэгіянальнае выданне «Медиа-Полесье» і асвятляў пратэсты, што адбыліся ў Пінску пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады журналіст быў моцна збіты.

    Яўген Нікалаевіч. Фота: «Медиа-Полесье»

    У судзе горада Пінска і Пінскага раёна працягваюцца судовыя працэсы нібыта «за грубае парушэнне грамадскага парадку» ў жніўні 2020 года. Сярод тых, каго маюць намер судзіць бліжэйшым часам, — журналіст Яўген Нікалаевіч.

    Чатыры гады таму ён супрацоўнічаў з рэгіянальным выданнем «Медиа-Полесье» ў якасці відэааператара і атрымаў рэдакцыйнае заданне асвятляць пратэсты, што адбыліся ў горадзе пасля прэзідэнцкіх выбараў.

    На фота бачна, што Яўген Нікалаевіч здымаў, але ў акцыі не ўдзельнічаў

    Паводле звестак праваабаронцаў, Яўгена Нікалаевіча маюць намер судзіць 26 верасня 2024 года на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ. Весці працэс будзе суддзя Яўгенія Мельнік.

    Яўгена Нікалаевіча затрымлівалі 10 жніўня 2020 года падчас выкананння прафесійных абавязкаў. Відавочцы тых падзей сцвярджаюць, што супрацоўнікі міліцыі спачатку збілі журналіста ў Пінскім гарвыканкаме, а потым у аўтазаку.

    Пасля затрымання Яўгена Нікалаевіча прывезлі ў Пінскі ГАУС, затым ён трапіў у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання, а неўзабаве быў чамусьці адвезены ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах (там сілавікі размясцілі частку затрыманых).

    Людзі, якія бачылі журналіста праз тыдзень пасля затрымання, распавядалі, што на яго твары ўсё яшчэ заставаліся наступствы збіцця сілавікамі. Выданне «Медиа-Полесье» таксама пісала тады аб пашкоджаным воку свайго супрацоўніка.

    «Медиа-Полесье» паведамляе, што ў лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча выклікалі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў па крымінальнай справе аб знявазе мясцовага суддзі Бачыла. Як распавёў пазней Яўген, пасля гутаркі са следчым, у якога, выглядала, падазрэнні наконт датычнасці журналіста да злачынства зніклі, яго затрымалі адбываць адміністрацыйны арышт, што быў прызначаны раней.

    Пасля адбыцця 10 сутак арышту Яўген Нікалаевіч выехаў з Беларусі ў суседнюю краіну. За мяжой працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай. На пачатку 2024 года вырашыў з’ездзіць дадому. Калі і дзе журналіст быў затрыманы пасля вяртання ў Беларусь — пакуль невядома.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці