CPJ аб’явіў лаўрэатаў Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы
Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) аб’явіў імёны чатырох чалавек, якія сталі лаўрэатамі Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы 2024 года. Сярод іх — журналісткі з Расіі і сектару Газа.
«Лаўрэаты Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы CPJ сімвалізуюць жыццёва важную працу журналістаў ва ўсім свеце, якія паведамляюць факты, нягледзячы на лютыя спробы схаваць праўду, – адзначае генеральная дырэктарка CPJ Джодзі Гінзберг. – У гэты разбуральны год для журналістаў і свабоды прэсы для мяне вялікі гонар быць побач з імі».
Штогадовая прэмія CPJ у гэтым годзе будзе ўручацца ў 34 раз. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Нью-Йорку 21 лістапада.
Хто стаў лаўрэатам
Шрук Аль-Айла (сектар Газа) — палестынская журналістка, якая вядзе рэпартажы з Газы. Аль-Айла ўзначаліла незалежную прадзюсарскую кампанію Ain Media, якая спецыялізуецца на прафесійных медыяпаслугах, пасля таго, як яе муж — сузаснавальнік кампаніі — загінуў падчас вайны паміж Ізраілем і Газай. Яна працягвае асвятляць вайну і яе разбуральныя наступствы для жыхароў Газы, нягледзячы на тое, што некалькі разоў была вымушана пакінуць свой дом, спрабуючы пазбегнуць ізраільскіх атак.
Алсу Курмашава (ЗША — Расія) — журналістка і рэдактарка «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (РСЕ/РС)». Курмашава была арыштаваная ў Расіі ў кастрычніку 2023 года, а ў ліпені яе прыгаварылі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў распаўсюджванні «фэйкавых» навінаў аб расійскай арміі. Яна была вызвалена ў жніўні 2024 года ў рамках абмену палоннымі паміж Захадам і Расіей.
Кімі дэ Леон (Гватемала) — гватэмальская журналістка, сузаснавальніца Prensa Comunitaria — інфармацыйнага агенцтва, якое спецыялізуецца на пытаннях навакольнага асяроддзя і правоў чалавека. Яе праца з выданнем прывяла да пастаянных пагроз з боку карпарацый і ўрадавых сіл. У 2017 годзе дэ Леон заснавала Ruda — фемінісцкі анлайн-часопіс, прысвечаны сэксуальным і рэпрадуктыўным правам.
Саміра Сабу (Нігер) — адна з самых вядомых журналістак-расследавальніц Нігера. Яе арыштоўвалі, трымалі пад вартай і падвяргалі шматгадоваму пераследу з‑за таго, што на працягу ўсёй сваёй кар’еры яна пісала пра праблемы ва ўладзе. Сабу, якая публікуе артыкулы ў асноўным на сваёй старонцы ў Facebook, з’яўляецца прэзідэнтам Асацыяцыі блогераў за актыўную грамадзянскасць — арганізацыі, якая выступае за свабоду выказвання меркаванняў і правы жанчын і моладзі.
Акрамя таго, CPJ пасмяротна ўзнагародзіць Крыстафа Дэлуара, які займаў пасаду генеральнага дырэктара арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF), прэміяй імя Гвен Айфіл за свабоду прэсы 2024 года. Гэтая ўзнагарода штогод уручаецца Саветам дырэктараў CPJ у знак прызнання ўстойлівай прыхільнасці прынцыпам свабоды прэсы. Дэлуар узначальваў RSF на працягу 12 гадоў да сваёй заўчаснай смерці ў чэрвені 2024 года.