Сайт як «дошка ганьбы»: «Пакуль няма легальных механізмаў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці»
Адным з даступных сродкаў процідзеяння парушэнню правоў чалавека з’яўляецца абнародаванне асоб, датычных да рэпрэсіяў. Адным з такіх рэсурсаў на стыку журналістыкі і актывізму з’яўляецца luka.zone. Навошта сайт ствараўся і як яму ўдаецца выжываць? БАЖ пагутарыў са стваральнікам праекта Пятром Маркелавым.
luka.zone — гэта адкрыты даследніцкі партал, на якім змяшчаецца інфармацыя пра асоб, датычных да палітычных рэпрэсій у Беларусі. Місію сайта яго заставальнікі апісваюць так: дапамога не толькі журналістам, але і бізнэсоўцам, наймальнікам, наёмным рабочым.
— Па нашай базе вельмі лёгка прабіць чалавека — гаворыць Пётр Маркелаў. — І калі гэтая асоба мае дачыненне да палітычных рэпрэсій, магчыма, вы не захочаце мець з ёй ніякіх спраў.
Суразмоўца ўпэўнены, што ў будучыні «актывісты рэпрэсій» павінны панесці адказнасць:
— Хаця б у форме люстрацыі. А пакуль Беларусь лукашэнкаўская, наша база фактычна з’яўляецца «дошкай ганьбы» — зусім у духу лукашэнкаўскай ідэалогіі.
«Без прычыны чалавек не можа патрапіць у нашу базу»
— Наколькі аб’ектыўнай з’яўляеца база асобаў, датычных да рэпрэсіяў? Ці адладжаны ў вас механізм верыфікацыі «падазраваных»?
— Па-першае, у нашым распараджэнні ёсць іншыя базы асоб, датычных да рэпрэсіяў. Падобную працу праводзілі і другія каманды, як «Чорная кніга Беларусі», «Единая книга регистрации преступлений», «Наш дом», «Народны трыбунал», «Дзікае паляванне», якое таксама збірае базу падазраваных, «Чорная карта».
Усе наяўныя спісы мы аб’ядноўваем у нашую ўласную базу (зручную для машыннай апрацоўкі), у якую ўжо ўключаны 12 тысячаў запісаў. У ёй часта некалькі запісаў прысвечаныя аднаму чалавеку.
Напрыклад, самым папулярным раздзелам з’яўляецца «Супрацоўнікі медыяў», а самым спрэчным — «Стукачы-даносчыкі». Не так даўно сумнавядомая Бондарава і яшчэ 100 чалавек падпісалі паклёпніцкую петыцыю, якая з асабістымі звесткамі падпісантаў трапіла ў інтэрнэт — мы дадалі іх у свой спіс. Я да чаго хілю? Праца ў Службе бяспекі прэзідэнта па замоўчанні з’яўляецца падставай для ўключэння чалавека ў «чорны спіс». Як і праца ў ГуБаЗіК, у МУС, КДБ…
А без прычыны чалавек не можа патрапіць у нашу базу.
— То-бок, вы ў асноўным карыстаецеся адкрытымі крыніцамі?
— Так, пераважная частка інфармацыі бярэцца з іх.
— Значыць, выпадковых людзей у вашай базе не знойдзеш?
— Здараюцца спрэчныя кейсы. Бываюць людзі, якія трапляюць у базу памылкова. Як толькі мы атрымаліваем паведамленне пра памылку ці недакладнасць, мы правяраем факты і хаваем непацверджаную ці непраўдзівую інфармацыю.
Напрыклад, мы ўнеслі ў базу некалькі чалавек, якія нібыта аказвалі ціск на палітвязняў у калоніях, але потым зразумелі, што гэта няправільна: людзей, якія пад ціскам робяць злачынствы, мы не можам дадаваць у нашу базу.
Дарэчы, літаральна днямі мы дадалі ў нашу базу каля 700 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ўзору 2024 года ад мясцовых дэпутатаў і «арганізацый грамадзянскай супольнасці».
За два гады ў сайт укладзена каля 20 тысяч еўра
— Большасць падобных праектаў спынілі сваё існаване з розных прычынаў. У чым сакрэт выжывання вашага сайта?
— Сапраўды, зараз не працуе ні «Чорная кніга Беларусі», ні «Банда Лукі», ні «Народны трыбунал». Шмат праектаў пазачынялася па розных прычынах: магчыма, справа проста ў адсутнасці фінансавання.
Але ў сайта luka.zone няма інстытуцыйнага донара, які яго падтрымлівае. 95% грошай, патрачаныя на сайт, — гэта мае ўласныя сродкі. Канешне, я не зацікаўлены ў тым, каб выкідаць свае грошы на вецер. І я, і наша каманда робім усё, каб сайт існаваў столькі часу, колькі патрэбна: пакуль у Беларусі не адбудуцца дэмакратычныя змены, а ўдзельнікі рэпрэсіяў не панясуць адказнасць згодна з нацыянальным заканадаўствам.
Зараз мы не маем легальных шляхоў прыцягнуць вінаватых да адказнасці, акрамя як змясціць усіх на «дошку ганьбы». Гэта адзіная магчымая сёння опцыя, адначасова і легальная. Мы ведаем, што публікацыя асабістай інфармацыі, якая мае важнае грамадскае значэнне, дапусцімая.
— У якую суму абыходзіцца жыццядзейнасць сайта на месяц, напрыклад?
— Я працую як бэкэнд-распрацоўшчык, ёсць спецыяліст па фротнэнд-падтрымцы, ёсць дызайнер (усе трое працуюць бясплатна), і OSINT-спецыяліст, які займаецца ўводам дадзеных (раней працавалі трое) — ён атрымлівае 6 еўра ў гадзіну. Цягам апошніх двух гадоў выплачана каля 20 тысяч еўра, менавіта на дадаванне новых людзей у базу.
Спробы знайсці донараў закончыліся правалам: нідзе ніхто не хоча даваць грошы на стварэнне базы. Але мы не губляем надзеі знайсці партнёраў, хаця пакуль і не атрымалася.
Сайт з «ценявога бану» дасяжны ў Беларусі
— А лічбамі можаце даказаць, што ваш праект паспяховы і яго варта падтрымліваць?
— Бачна, што за апошнія 12 месяцаў у нас каля 90 тысяч пошуковых клікаў і больш за паўмільёна паказаў. Паступова расце колькасць унікальных карыстальнікаў рускай версіі сайта. Паўгода таму мы запусцілі англійскую версію, а таксама польскамоўную. У дзень, па звестках Google, фіксуецца 400–700 клікаў.
Нядаўна цягам дня старонкі нашага сайта паказалі 12 тысяч праглядаў у дзень — гэта пік, зафіксаваны Google.
— Дзе геаграфічна знаходзяцца асноўныя чытачы сайта?
— Першае месца — Беларусь. Сайт знаходзіцца ў так званым «ценявым бане»: яго не ўнеслі ў афіцыйны рэест заблакаваных сайтаў, але некаторыя правайдэры яго блакуюць, а некаторыя – не. Па дадзеных Google Analytics, 10 тысяч чалавек з Беларусі зайшлі на сайт цягам года.