• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Намагаемся не згубіць нашу лёгкасць»: у лістападзе стартуе другі сезон праекта «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы»

    На пачатку лістапада на канале Malan­ka Action адбудзецца прэм’ера другога сезону папулярнага беларускага рэаліці-шоу «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы». Праект, у якім дуэт фатографаў Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік паказвае працэс стварэння аўтарскіх фотапартрэтаў вядомых постацей беларускай культуры, палітыкі, спорту, у новых эпізодах значна пашырыў сваю геаграфію здымак.

    Фрагмент партрэта Зоі Белахвосцік, зроблены Яўгенам Канаплёвым і Юліяй Лейдзік. Скрыншот

    Пра гэта Reform.news паведаміў рэжысёр, прадзюсар праекта Аляксанр Гарадко на Другім з’ездзе беларускіх незалежных кінематаграфістаў, які зараз ідзе ў Нямеччыне. Як зазначыў творца, у новым сезоне аўтары шоу пастараліся захаваць знойдзеную канцэпцыю праекта.

    — У першым сезоне мы не разумелі правілы гульні, самі іх прыдумывалі, дастаткова шмат было хаоса, — прызнаецца Аляксандр. — А потым хаос стаў галоўнай фішкай шоу. Таму ў другім сезоне нам не хацелася б згубіць нашу лёгкасць і панкавасць, і не стаць надта структурнымі і правільнымі.

    Як падзяліўся рэжысёр, новыя эпізоды каманда атрымала магчымасць здымаць у розных краінах. Будуць героі для сустрэчы з якімі Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў адправяцца ў Гішпанію, Вялікабрытанію, Нарвегію, Латвію…

    Акрамя таго, стваральнікі папрацавалі над тым, каб зрабіць шоу больш эстэтычна прывабным.

    — Працавалі на тое, каб зрабіць другі сезон больш візуальна прыгожым, — дадае аўтар. — Мы заводзілі нашых герояў падчас гутарак у атмасферныя месцы — у пустыню, лес, каб раскрыць іх у новым атачэнні.

    На пытанне, ці зменіцца роля фатографаў Яўгена Канаплёва і Юліі Лейдзік у новым шоу, Аляксандр Гарадко адказаў, што вельмі цэніць знойдзены фармат і не збіраецца яго перазапускаць.

    — Аўтары працягнуць быць сабой у праекце. Яны будуць рыхтавацца да сустрэчы з героем, задаваць пытанні, якія прыйшлі ў галаву падчас непасрэднага дыялогу, будуць нараджаць канцэпцыю здымак партрэта. Яны працягнуць захоўваць сваю жвавасць і непасрэднасць. Я бы сказаў, што за гэты час яны сталі прафесіяналамі ў тым, каб не абмяжоўваць сабе пэўнымі рамкамі.

    Усяго ў другі сезоне «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы» будзе шэсць выпускаў.

    — Лічу, што за мінулыя выпускі мы намацалі пэўны нерв, і зараз наша задача сканцэнтравацца на ўмовах, на тым, каб зрабіць крыху лепш і глыбей, а не перапрыдумаваць штосьці. Знойдзены фармат ужо можна быць доўгаіграючым — ён можа працаваць гадамі, бо ў яго рамках ўсё роўна ў кожным новым эпізодзе паўстае ўнікальная гісторыя, — падсумаваў рэжысёр і прадзюсар.

    «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы» — YouTube-праект, які пачаў выходзіць на канале Malan­ka Media на пачатку 2024 года. У рэаліці-шоу беларускія фатографы Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік не проста раскрываюць адметнасці сваёй «кухні» фатографаў, але праз фатаграфію ствараюць свой вобраз вядомых беларускіх асобаў. У мінулым сезоне героямі выпускаў «Без рэтушы» сталі: Святлана Ціханоўская, Зоя Белахвосцік, Сяргей Доўгушаў, Сяргей Пукст, Марыя Колесава-Гудзіліна, Анастасія Рыдлеўская, Вольга Сафронава і іншыя постаці.

    Юля Лейдзік і Жэня Канаплёў — пра тое, як ім удалося пракрасціся ўнутр Ціханоўскай

    Фатаграфіі Яўгена Канаплёва і Юліі Лейдзік беларусы маглі бачыць у «мірным жыцці» ў часопісах «Большой», «Таймер», Fash­ion Col­lec­tion, Yoga+Life, – у 2014 годзе працы аўтараў былі адзначаны ў намінацыі «Пастановачны партрэт» на «Прэс-фота Беларусі». Дуэт ствараў фотасесіі для музычных гуртоў Molchat Doma і Brut­to, актыўна працаваў у рэкламнай фатаграфіі. У 2020 годзе Kanaplev + Lei­dik сталі аўтарамі вядомага фотаздымку Святланы Ціханоўскай, фотасерыі з Віктарам Бабарыкам.

    Bar­Camp незалежных беларускіх кінематаграфістаў — унікальная антыканферэнцыя, якая збірае за мяжой фільммейкераў розных узроўняў і спецыялізацый з усяго свету ўжо ў другі раз. Нефармальная падзея, з’езд, які сёлета ладзіцца ў Германіі з 7 па 10 кастрычніка намаганнямі Беларускай сеткі кінематаграфістаў BFN (Belaru­sian Film­mak­ers’ Net­work), сабрала больш пяцідзесяці беларускіх фільммейкераў з больш як дзесяці краінаў свету.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці