• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

    Марына Ментусава — асветніца на тэму гендарнай роўнасці, аўтарка сучасных энцыклапедый для дзяўчынак і хлопчыкаў, яна трапіла ў рэйтынг Forbes «30 да 30» і нядаўна стала вядучай ютуб-шоу «Обычное утро».

    Марына Ментусава. Фота тут і далей: з архіва гераіні

    За кадрам паспяховасці для многіх застаецца беднае дзяцінства на Гомельшчыне, некалькі разводаў і чарада эміграцый з маленькай дачкой і маці пасля ўдзелу ў арганізацыі жаночых маршаў у 2020‑м.

    «Наша Ніва» пагутарыла з Марынай пра тое, на чым трымаецца яе апошняя нервовая клетка, пра гвалт у адносінах, бабулю, якая лічыць яе здрадніцай, новыя кнігі і тое, чаму, на яе погляд, Беларусі патрэбная жанчына-прэзідэнтка.

    «Тэмы свабоды слова, фемінізму складаныя для вялікай колькасці беларускай аўдыторыі»

    «Наша Ніва»: З новага сезона вы сталі вядучай ютуб-шоу «Обычное утро». Як вам працуецца? Вы самі адгукнуліся на вакансію?

    Марына Ментусава: Я сама, відаць, не звярнула б увагу на гэтую вакансію. Ведаю, што быў велізарны конкурс, але мяне напрамую паклікалі незадоўга да старту новага сезона.

    Пакуль асвойваюся, як і мой сувядучы Канстанцін Каверын. Ды і гледачы таксама. Усё патрабуе часу. Людміла Міласлаўская была вельмі добрай вядучай, і за два гады да яе папрывыкалі.

    Я з радасцю стала часцей размаўляць па-беларуску, аўдыторыя заўважыла, што ў праграме часцей гучыць беларуская мова. Я лічу, вельмі важна, каб у нас з’яўлялася больш не толькі інфармацыйнага, але і забаўляльнага кантэнту па-беларуску.

    «НН»: Разумею, што не зусім этычна каментаваць працу сувядучага, але наколькі вам складана ў дуэце з Канстанцінам? Асабліва, калі ён выказвае меркаванні, супрацьлеглыя вашаму, як было з нашумелымі нядаўна выказваннямі пра вайну і трансгендараў?

    ММ: Гэта добрае пытанне. Бывае няпроста абмяркоўваць складаныя тэмы, і яны такія не толькі для майго сувядучага, але і для вялікай колькасці беларускай аўдыторыі. Я маю на ўвазе, напрыклад, тэмы гендарнай няроўнасці, свабоды слова, фемінізму, правоў жанчын, культуры згоды, харасменту і гэтак далей.

    Але сама магчымасць гаварыць на іх на такую вялікую аўдыторыю — гэта прывілей (нас толькі ў жывым эфіры глядзіць 2–3 тысячы чалавек і яшчэ дзясяткі тысяч робяць гэта ў відэазапісе. Што важна, большая частка глядзіць нас з Беларусі).

    Мне падаецца важным уздымаць такія важныя тэмы, нават калі мы пакуль не можам дамовіцца. Мы з большасцю мужчын пра гэта сёння не дамовімся, аднак гэта не азначае, што трэба перастаць размаўляць. У новай Беларусі перад намі паўстане велізарная колькасць складаных пытанняў, і нам патрэбна будзе дамаўляцца. Я за дыялог у любых сітуацыях.

    «НН»: Ці далятае да вас рыкашэтам негатыў на выказванні калегі, раз вы тандэм вядучых аднаго шоу?

    ММ: Прылятае. Я не тое, каб была падрыхтаваная да гэтага. Але гэта мая новая роля, у якой я выступаю не як даследчыца, а як вядучая. Для мяне няпроста размаўляць на тыя ж гендарныя тэмы не з пазіцыі эксперткі, якая ведае шмат статыстыкі, даследаванняў і гэтак далей, а з пазіцыі журналісткі, якая мусіць улічваць думкі абодвух бакоў. І патрэбны час, каб звыкнуцца з новай роляй.

    Але і Косці трэба звыкацца, бо з ім побач вядучая, якая ледзь не штотыдзень падымае ў эфіры тэмы, якія раней не так часта гучалі.

    «НН»: Ці адчулася нейкая дадатковая пазнавальнасць з выхадам на новую аўдыторыю?

    ММ: Пакуль нічога такога не адчуваю. Мабыць, таму што я большую частку часу праводжу дома: з улікам надвор’я ў Варшаве я нікуды не хаджу (пасміхаецца). У інтэрнэце мне пішуць шмат каментароў і добрых, і не, але гэта было і раней, да шоу.

    «Бабуля слова ў слова паўтарае рыторыку лукашэнкаўцаў»

    «НН»: Вы неяк хваліліся, што не проста вывезлі маці з Беларусі, калі эмігравалі ў 2021‑м самі, але і вывезлі яе падалей ад «зомбаскрыні», маючы на ўвазе беларускае тэлебачанне. Маці цяпер глядзіць ваша шоу?

    ММ: Так, яна штодзень глядзіць наша шоу, чытае дэмакратычныя тэлеграм-каналы. У яе ўсё адназначна, яна ведае што вайна і дыктатура — гэта дрэнна, забіваць людзей — дрэнна. 

    Я ўдзячная сабе і ёй за рашэнне выехаць. Усё ж маці пакінула радзіму ў сур’ёзным веку, ёй было вельмі няпроста. Але цяпер у нас дома нават няма і пытання, дзе дабро, а дзе зло. Гэта вельмі важна — мець такую падтрымку, калі ты не павінна нічога даказваць блізкаму.

    З маці і дачкой

    «НН»: Але з бабуляй у вас не так — вы пісалі, што яна называла вас «наркаманкай і прастытуткай», чалавекам, які «ганьбіць сям’ю і падвёў Бога»?

    ММ: У мяне і бабуля, і бацька застаюцца ў Беларусі, і яны глядзяць беларускае тэлебачанне. І так, лічаць мяне змагаркай, якая загубіла жыццё і сабе, і сваёй дачцэ, і сям’ю разбурыла. Гэта вялікі боль, але што тут зробіш.

    Мы стараемся не размаўляць на тэму палітыкі, калі стэлефаноўваемся. Абмяркоўваем справы сям’і, я паказваю бабулі ўнучку — хвілінак 10 мы трымаемся добра, камунікуем, як звычайная сям’я, а пасля нешта пераключаецца — і пачынаецца «Добрай раніцы, Беларусь» ад БТ. Яна паўтарае слова ў слова рыторыку лукашэнкаўцаў.

    Тады я кажу ёй: «Цалую, люблю, да пабачэння, патэлефаную ўжо ў новым месяцы». А потым усё паўтараецца. Кожны раз мы перагортваем гэтую старонку.

    «НН»: Вас выхоўвалі досыць кансерватыўна, наколькі можна зразумець?

    ММ: Я нарадзілася ў Гомелі, але першыя 10 год пражыла ў Буда-Кашалёве. Навучалася там у звычайнай школе, музычнай і ў царкоўнай. Большую частку майго маладога жыцця я якраз выхоўвалася бабуляй, і вось гэтым царкоўна-прыходскім ладам. Там сапраўды было шмат кансерватызму і лукашызму ў тым ліку.

    Пры гэтым мая бабуля пры Саюзе была спявачкай, і, дзякуючы ёй, у нас хаця б быў нейкі дастатак, нейкія рэчы. Бо агулам эканамічная сітуацыя навокал у час майго дзяцінства была дрэннай. Памятаю, на нашай вуліцы быў конкурс: як шмат страў вы можаце згатаваць з адной бульбы. І былі супы са шматкамі ад гэтай бульбы, я гэта ўсё памятаю.

    Маці мае ўзбекскія карані, і ў нас да 16 гадоў гучалі жарты пра калым — выкуп за мяне. Ды і агулам я расла ў рыторыцы: «замужжа — гэта найлепшая перспектыва» (зрэшты, як многія беларускі, падаецца).

    «У беларускай праваслаўнай царкве жанчына — нераўнацэнны мужчыне чалавек»

    «НН»: Як вы звярнулі з гэтай сцежкі?

    ММ: Першы крок, здаецца, адбыўся, калі я яшчэ хадзіла ў нядзельную школу пры царкве. Варта адзначыць, што я яе наведвала не толькі таму, што бабуля настойвала, але і таму, што настаяцель храма быў надзвычайным, добрым чалавекам. Але нават ён не мог нічога супрацьпаставіць беларускай праваслаўнай царкве, у якой жанчына — нераўнацэнны мужчыне чалавек.

    Аднойчы мне не змаглі патлумачыць, чаму я не магу зайсці за алтар. Дзіця, якое толькі нарадзілася, можа там знаходзіцца, бацюшка можа, а я — не. Для мяне гэта было несправядліва. І я перастала туды хадзіць.

    Неўзабаве мы пераехалі ў Гомель, я пачала жыць з айчымам, маім новым бацькам, і ён быў вельмі адукаваны, даў мне шмат добрых кніжак, мы шмат размаўлялі. Упершыню, мабыць, да мяне звярнуліся як да чалавека, які можа разважаць пра нешта, з якім проста можна камунікаваць як з роўным. Я шмат чытала і пачала хадзіць на розныя лекцыі ва ўніверсітэт, яшчэ да паступлення.

    «НН»: Ці можна сказаць, што ваша цікаўнасць да гендарнай тэмы, жаданне атрымаць навуковую ступень і многія іншыя крокі былі дзеля таго, каб нешта даказаць сваёй сям’і?

    ММ: Мая цікаўнасць складалася са шматлікіх частак. Гэта стэрэатыпы і з сям’і, і са школы, і з медыя, рэкламы, кніжак, серыялаў. Усё гэта ўплывае на цябе, і ў нейкі момант ты пачынаеш лічыць, што праблема ў табе, што ты нейкая нязручная і няправільная, калі насамрэч праблема ў сістэме, якая цябе ставіць у такое становішча.

    Шмат чаго я зрабіла ад пачуцця злосці, спрабуючы яе канвертаваць у нейкую справу, у тое, дзе магу пафіксіць нейкі кавалак праблемы. Так атрымалася з маёй сучаснай энцыклапедыяй для дзяўчынак, таму што мне не падабаліся іншыя кніжкі. Ці з праектам «Альтэрнатыўнае 8 Сакавіка», таму што мне не падабалася, як жанчын віншуюць з гэтым святам, дзе яны — толькі ўпрыгожванне калектыву.

    Фота: n‑e-n.ru

    «Каб пазбегнуць размеркавання ў Гомель, пайшла на фіктыўны шлюб з маладым афіцэрам»

    «НН»: У Маскву вы пераехалі, таму што там было больш перспектыў для вас у гэтым полі?

    ММ: Перад пераездам я працавала ў івэнт-агенцтве. На той момант я зарабляла каля 300 даляраў, а ў Маскве мне прапанавалі адразу ў тры разы больш. Тады там яшчэ існавалі добрыя імпрэзы, фестывалі. Я паехала, бо ў Беларусі на той момант не бачыла для сябе перспектыў, на жаль, так. Плюс сутыкнулася з дзяржаўным апаратам, стаўшы адной з ахвяр размеркавання — мне не спадабалася.

    «НН»: Дзе вы праходзілі размеркаванне пасля ўніверсітэта культуры і мастацтваў?

    ММ: Я трапіла ў Мінскі радыётэхнічны каледж, дзе займалася мерапрыемствамі, вяла лекцыі па прэзентацыях. Было не так складана, але першапачаткова мяне павінны былі размеркаваць у Гомель — на 100 даляраў, без жытла, без нічога. Каб пазбегнуць гэтага, я пайшла на фіктыўны шлюб з маладым афіцэрам. Яму таксама патрэбная была жонка — маладая спецыялістка, каб пабудаваць льготнае жытло. Шлюб маладой спецыялісткі з маладым афіцэрам у Беларусі — ну, проста святая справа!

    «НН»: Як усё ж са сферы івэнтаў вы перайшлі ў актывізм?

    ММ: Яшчэ з універсітэта я пачала цікавіцца такога тыпу літаратурай. Найперш са мной здарылася Сымона дэ Бавуар і яе «Другі пол». Але я ніколі не разважала ў кантэксце, што гэта будзе мая праца, што я пабудую на гэтым кар’еру і зараблю грошы.

    У Маскве, калі я пачала арганізоўваць вялікія карпаратыўныя імпрэзы, у нас у кампаніі быў жарт, што ў якасці пакарання мы адпраўляем івэнт-менеджараў распрацаваць ідэі для гендарных свят. Мы ўсе ненавідзелі гендарныя святы, бо гэта вечна было адно і тое ж: для жанчын — ружы ў цэлафане, для мужчын — нейкія армейскія забавы.

    І калі я стала дырэктаркай у агенцтве, то паспрабавала паразмаўляць з адной з нашых кліентак на гэтую тэму — высветлілася, што і ёй не падабалася. Больш за тое, яны правялі даследаванне ў сваёй арганізацыі, і высветлілі, што 80% супрацоўнікаў таксама не па душы, як іх віншуюць з гэтымі святамі. А арганізацыя ж столькі грошай у гэта ўкладала!

    І мы тады пачалі спрабаваць рабіць новыя канцэпцыі — нейкія лекцыі, дабрачынныя справы на карысць фондаў і НДА. Я ўпершыню папрацавала ў Маскве з ААН. Я рабіла першыя крокі ў карпаратыўным кірунку паляпшэння гэтай культуры.

    Гэта і сёння застаецца найбольш цікавай для мяне тэмай — жанчыны на працоўным месцы. Каб там была роўнасць, бо гэта эканамічнае становішча жанчын, іх прафесійная самарэалізацыя.

    «У чатыры гады мая дачка ўжо ведае, што «не» — гэта скончаная фраза»

    «НН»: Вы тры разы былі замужам. Неяк вы дзяліліся фотаздымкамі з сінякамі, гэты гвалт здарыўся ў адным са шлюбаў?

    ММ: Не, гэта здарылася ў адных адносінах, не ў шлюбе.

    Ведаеце, у маёй сям’і гвалт быў на ўсіх узроўнях, і гэта было дрэнна для мяне ўжо дарослай, мне спатрэбілася некалькі гадоў тэрапіі, каб дамовіцца з самой сабой, як са мной можна абыходзіцца, а як нельга. Бо калі да цябе можа дрэнна ставіцца твой бацька альбо нехта іншы з блізкага кола, гэта можа паўплываць такім чынам, што ты пачынаеш лічыць, што гэта норма. Што гвалт можна заслужыць — словамі, паводзінамі, адзеннем альбо голасам.

    У тым ліку таму ў нас такія жудасныя лічбы па хатнім гвалце: нас не вучылі сябе абараняць. І таму сваю дачку я вучу такім рэчам з маленства, і ў чатыры гады яна ўжо ведае, што «не» — гэта скончаная фраза. У яе ёсць разуменне персанальных межаў (пры тым не толькі сваіх, але іншых людзей таксама). Яна расце зусім іншым чалавекам. 

    У мяне такога, на жаль, не было. Мне спатрэбілася не толькі тэрапія, а вельмі шмат літаратуры і праца з фундацыямі, якія працуюць з ахвярамі хатняга гвалту, каб зразумець, што праблема не ўва мне.

    Сысці з тых адносін дапамагла якасная размова з добрымі сяброўкамі, якія ўжо былі ў тэрапіі і ведалі нешта пра гэта.

    Звычайна шмат аб’юзераў кажуць жанчынам (ці аб’юзеркі — мужчынам), што не трэба з сябрамі камунікаваць, таму што тыя дрэнна ўплываюць на нашы стасункі, бо жадаюць табе дрэннага. І такім чынам ахвяры застаюцца з праблемамі сам-насам, а ў гэтай цішыні і цемры робяцца найдурнейшыя справы, якія, акурат, важна вынесці на святло, разгледзець гэта з тымі, хто сапраўды жадае вам дабрыні.

    Гэта могуць быць сяброўкі ці бацькі, калі вы ім давяраеце. На жаль, не ўсе бацькі дадуць добрую параду тут, бо для некаторых адназначна: «мы таксама так жылі, і нармальнымі выраслі». Але хто сказаў, што вы нармальнымі выраслі, дзе даведка?

    «[У 2020‑м] на нашу сям’ю паляцела куча гаўна, не толькі ад прапагандыстаў, але ад родных»

    «НН»: У 2020‑м вы актыўна ўключыліся ў пратэсты, стаўшы адной з арганізатарак жаночых акцый у белым. На той момант вы толькі нарадзілі дачку Веру, было шмат крытыкі ў ваш адрас, што вы перасталі карміць яе грудзямі, каб удзельнічаць у пратэсце. У 2021‑м вам прыйшлося з’ехаць з Расіі праз палітычны пераслед. Ваш апошні шлюб з расійскім рэжысёрам і грамадскім дзеячам Аляксандрам Сёміным не вытрымаў такой калатнечы?

    ММ: Мая эміграцыя якраз напластавалася на наша расстанне, гэта быў цёмны час у маім жыцці…

    Калі ў Беларусі адбылася жнівеньская рэвалюцыя, маёй дачцэ было пяць месяцаў, а вакол — слёзы, ніякага намёку на святло. І ў нас тады здарыўся першы канфлікт, бо муж застаўся ў Маскве, а мяне адправіў у гэтую жудасць, маці свайго дзіцяці.

    Але ён тады стаў на мой бок, адбіваўся ад усіх нашых сваякоў, таму што на нашу сям’ю паляцела куча гаўна, не толькі ад прапагандыстаў, але ад родных. На іх погляд, я не належала ўжо сама сабе, бо нарадзіла дзіця. Я — маці ў іх светаадчуванні, і гэта першая мая роля.

    Мы з маім апошнім мужам на адным баку ў галоўных пытаннях дабра і зла, ён геніяльны чалавек, і яму проста патрэбная была такая добрая жанчына, якая б яму дапамагала, як Вера Набокава Уладзіміру. Не рэвалюцыянерка, якая ўсё пра радзіму сваю.

    Сёння самае галоўнае, што мы — сябры, ён дапамагае мне з дачкой. Ён вельмі добры бацька. У Веры ёсць любімы тата.

    «Яны ўсё табе даруюць, усё будзе добра. Ты проста павінна адказаць за свае грашкі»

    «НН»: Вы сёння «экстрэмістка» ў кубе, у вас ужо чацвёртая эміграцыя ў біяграфіі, у дачкі і маці — тры за плячыма. Ведаючы ўсё, што вас чакае, вы б дзейнічалі інакш?

    ММ: Было б добра, каб гэтага цёмнага перыяду не было, але ж не ведаю, ці я стала б такой моцнай, калі б не сутыкнулася з усёй гэтай несправядлівасцю. А з ёй сутыкнуліся сотні тысяч і нават мільёны беларусаў. Відаць, яна нам дзеля чагосьці патрэбная. Мабыць, мы зможам канвертаваць гэта ў нешта. Як са злосцю, з якой я таксама працую. Мы павінны былі раззлавацца, каб адбыліся нейкія перамены, я так лічу.

    Мне б хацелася, каб і далей я ніколі не марыла пра тое, каб пражыць жыццё неяк інакш: падзеі здарыліся, і я б нічога не стала мяняць.

    «НН»: Беларуская міліцыя больш не выходзіла з вамі на кантакт пасля адной спробы?

    ММ: Апошні раз наўпрост два гады таму мне пісалі ў тэлеграме. Падаецца, што цяпер яны спрабуюць праз бабулю да мяне дагрукацца. Альбо гэта яе ініцыятыва, не ведаю. Але яна ўжо некалькі разоў прапаноўвала мне прыехаць у Беларусь, таму што мяне нехта кліча: «Яны ўсё табе даруюць, усё будзе добра. Ты проста павінна адказаць за свае грашкі».

    «Нам усім трэба трымаць сваё здароўе ў добрым стане — нам дыктатара перажыць трэба»

    «НН»: Мець бізнэс у Расіі пасля лютага 2022 года — зашквар?

    ММ: Гэта складанае пытанне нават для маёй сям’і, таму што мой былы муж — адзін з членаў апякунскай рады ў некамерцыйным фондзе, і яны дапамагаюць хоспісам. Такія людзі не могуць з’ехаць, як мы з вамі, таму што гэта таксама прывілей, я лічу. У мяне шмат добрых знаёмых у Беларусі і Расіі, у каго такога прывілею няма. Таму я не лічу, што ў праве судзіць кагосьці, у кожнага сваё жыццё.

    Я нікому не пажадаю свайго шляху. Калі згадваць перадачу «Разумнікі і разумніцы», там былі тры сцежкі зялёнага, жоўтага і чырвонага колераў. Дык вось я выбрала чорную.

    Яна вельмі цікавая, але складаная і патрабуе шмат рэсурсаў. Для мяне эміграцыя падзяліла жыццё на «да» і «пасля». Гэта і пра ўзровень жыцця і заробку, які кратна ўпаў у мяне. Я жыла сваё найлепшае жыццё, і, калі б была больш спакойным чалавекам, магла казаць «усё не так адназначна», было б прасцей.

    У мяне бізнэсу ў Расіі з моманту маёй эміграцыі ў 2021‑м няма. Гэта было б небяспечна. Адзінае, я пішу артыкулы для расійскага Forbes. Але гэта артыкулы на тэму гендарнай роўнасці.

    «НН»: На чым трымаецца ваша апошняя нервовая клетка?

    ММ: Я зразумела, што не ўнікальная. І што няма чаго адварочваць нос ад працуючых інструментаў. Пачала медытаваць, займацца спортам, піць шмат чыстай вады і крыху менш алкаголю.

    Наладзіла сон, сустракаюся рэгулярна з сябрамі, гуляю з дачкой на свежым паветры і шмат абдымаюся. Ніякай чароўнай таблеткі не існуе і замест таго, каб чакаць ідэальны момант — можна яго арганізаваць самастойна.

    Нам усім трэба трымаць сваё здароўе ў добрым стане — нам дыктатара перажыць трэба.

    «НН»: Вы пісалі, што хочаце перавезці ваш стартап Safe Skills School — практычныя курсы для падлеткаў — у Варшаву. Як з гэтым справы?

    ММ: Са стартапам усё залежыць ад маёй легалізацыі, калі гэта адбудзецца. Мы пераехалі ў Польшчу з Грузіі якраз дзеля яе: у маім пашпарце ўжо скончыліся старонкі.

    Агулам планаў шмат, не толькі са стартапам, але і звязаных з кніжкамі. Так, у мяне будзе надрукаваны мой першы мастацкі твор. Мы робім новую кніжку казак пра вялікіх жанчын з Беларусі, на беларускай мове. Мне дасталася Алена Аладава, заслужаная дзяячка мастацтваў, былая дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея.

    Плюс у гэтым годзе я скончыла працу над сваёй новай нон-фікшн кнігай, дзе адказваю на пытанні мужчын на тэму гендарнай роўнасці і фемінізму. У планах яшчэ некалькі кніг. Таксама мы хочам надрукаваць нашы сучасныя энцыклапедыі для дзяўчынак і хлопчыкаў у Польшчы, таму што на гэта ёсць запыт ад беларусаў. Калі будуць сілы, перакладзем іх на беларускую і англійскую мовы.

    «НН»: Вы ўсё яшчэ лічыце, што, каб было больш жанчын-прэзідэнтак, у свеце не адбывалася б сённяшняя жэсць?

    ММ: Я ў гэта веру.

    Не так даўно я была на канферэнцыі па нацыянальным адраджэнні, мяне паклікалі ў панэль з [Паўлам] Латушкам і іншымі мужчынамі падыскутаваць пра дзяржаўны апарат у Беларусі будучыні. Я разважала пра тое, што ў нас павінна там быць мінімум 40% жанчын, ніякай дэмакратыі без жанчын не можа быць. І ўсе са мной спрачаліся, пакуль адзін з гледачоў, дарослы мужчына, не падняўся задаць пытанне.

    Ён пачаў: «Я лічу, што ў Беларусі не павінна быць ніякай гендарнай роўнасці, яна нам не патрэбная». І я ўжо стала закочваць вочы, але тут ён працягнуў: «Я лічу, што ў нас павінна быць гендарная няроўнасць, усе пасады павінны заняць жанчыны, таму што паглядзіце, што мужчыны зрабілі з нашай краінай, трэба аддаць нашу краіну ў рукі жанчын».

    Мы маем доказы, што жанчыны-прэзідэнткі лепш далі рады выклікам з тым жа кавідам. І ў нас няма ніводнага даследавання, якое б казала, што жанчыны — дрэнныя кіраўніцы ці яны залішне эмацыйныя для кіруючых пасад. А якія тады, прабачце, мужчыны, што ладзяць бясконцыя войны? Паглядзіце, што нарабілі вакол эмацыйныя мужчыны.

    Нам патрэбная жанчына-прэзідэнтка, каб мы, нарэшце, хоць змаглі параўнаць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці