За некалькі тыдняў беларусы сабралі дапамогу былой палітвязынцы
Фонд BYSOL адкрываў збор для дапамогі рэдактару шэрагу тэлеграм-каналаў Ірыне Шчаснай у адптацыі і рэабілітацыі пасля 4 гадоў калоніі. Дзякуючы неабыякавым людзям на рахунку ўжо з’явіліся неабходныя 4500 еўра.
У 2021 годзе Ірына Шчасная атрымала вырак у выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі за асвятленне акцый пратэстаў да і пасля выбараў у шэрагу тэлеграм-каналаў. У калоніі на яе рэгулярна ціснулі супрацоўнікі калоніі.
«На мяне складаліся фальшывыя рапарты, накладваліся разнастайныя спагнанні. У выніку гэтага на волю я выйшла з прэвентыўным наглядам, як злосная парушальніца рэжыму. Атрымлівалася, што яшчэ некалькі гадоў маё жыццё будзе падобнае на турму. Было невыносна ад перспектывы зноў жыць па рэжыме і ўвесь час баяцца нешта парушыць, каб не апынуцца ў калоніі. Мне спатрэбілася два дні, каб ацаніць сітуацыю, прыняць рашэнне і пакінуць краіну», — распавядала жанчына.
«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі
Пасля вызвалення з калоніі спадарыня Ірына з’ехала з Беларусі. Яна ўз’ядналася з сынам і мужам у Беластоку, дзе яе родныя жывуць ужо некалькі гадоў. Цяпер яна спрабуе прывесці ў парадак сваё здароўе і інтэгравацца ў новае асяроддзе.
«Ад усяго сэрца дзякую кожнаму, хто можа падтрымаць мяне ў гэты цяжкі час!», — падкрэслівае былая палітвязынка.
Нагадаем, днямі таксама стала вядома, што завершаны збор на дапамогу Андрэю Мялешку з дачкой, якіх дэпартавалі з Грузіі ў Польшчу.