• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не інтэрв’ю, а шоу. Што хацела сказаць прапаганда размовай Пратасевіча з Сабчак

    Расейская тэлевядоўца прадэманстравала беларускім гледачам нязвыклы стыль прапаганды. «Белсат» паглядзеў вялікае «інтэрв’ю» з Раманам Пратасевічам і Рыгорам Азаронкам і вырашыў паразмаўляць пра яго з медыяэкспертам.

    прапаганда ў інтэрв'ю Ксеніі Сабчак з Раманам Пратасевічам - аналіз медыяэксперта

    Былы палітычны зняволены Раман Пратасевіч і расейская тэлевядоўца Ксенія Сабчак шпацыруюць па Кастрычніцкай у Менску. Скрыншот: Осторожно: Собчак / YouTube

    Былы журналіст і былы палітычны зняволены Раман Пратасевіч даў вялікае інтэрв’ю расейскай тэлевядоўцы і кандыдатцы ў прэзідэнты Расеі на выбарах 2018 года Ксеніі Сабчак. Частку інтэрв’ю ён даваў у суправаджэнні прапагандыста Рыгора Азаронка. Але сама размова толькі нагадвала незалежную журналістыку, утрымліваючы ў сабе элементы дзяржаўнай прапаганды, кажа «Белсату» старэйшы аналітык Medi­aIQ Паўлюк Быкоўскі. Паводле яго, гэта хутчэй шоу пад выглядам інтэрв’ю, дзе ёсць выразная мэта і драматургія, а вядоўца «гуляецца на эмацыйных апеляцыях, накіроўвае размовы ў пэўны бок».

    «Сабчак гуляе ролю ліберальнай расейскай журналісткі, але пры гэтым не заўсёды адстойвае ліберальныя каштоўнасці, а наадварот дае магчымасць прасунуць карысныя наратывы для беларускага кіроўнага рэжыму», — адзначае эксперт.

    Шмат пастановачнага ёсць і ў відэа з заводу, на якім афіцыйна працуе Пратасевіч. Ён без перашкодаў водзіць здымачную групу па дзяржаўным прадпрыемстве, на хаду пераводзіць свой заробак з беларускіх рублёў у расейскія, перапытвае кагосьці за кадрам пра тое, што можна казаць.

    Як заўважыла «Маланка.media», у відэа абрэзалі словы Пратасевіча, калі ён прызнаў, што «ўва многіх выпадках да людзей сапраўды маглі ўжываць гвалт», а таксама калі казаў пра недавер прапагандыстаў да яго, пра «шмат меркаванняў, што я небяспечны для грамадства, што мяне трэба па жыцці ізаляваць».

    У пераказе гісторыі Пратасевіча прапускаюць некаторыя дэталі. Кажуць, што яго з сяброўкай затрымалі і асудзілі, але за што і чаму — апускаюць. Заяўляюць, што самалёт з ім на борце сеў у Менску пасля паведамлення пра бомбу, але не кажуць, што Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі лічыць даказаным тое, што пагрозу пра бомбу перадалі на загад высокапасадных урадавых чыноўнікаў Беларусі. Гісторыю з паведамленнем пра бомбу зводзяць да канспіралагічных версіяў.

    Як адзначае Быкоўскі, інтэрв’ю стварае ілюзію дыялогу і адкрытасці, але не «з’яўляецца тым, за што выдаецца». Паводле яго, «гэта прыклад сучаснай прапаганды, дзе традыцыйныя мэты дасягаюцца больш складанымі вытанчынымі спосабамі».

    прапаганда ў інтэрв'ю Ксеніі Сабчак з Раманам Пратасевічам - аналіз медыяэксперта

    Раман Пратасевіч, Рыгор Азаронак і Ксенія Сабчак. Скрыншот: Осторожно: Собчак / YouTube

    Пратасевіч — суб’ект ці аб’ект прапаганды?

    Сабчак прадстаўляе Пратасевіча як кіраўніка сеткі каналаў «Nex­ta» — хоць іх стварыў у 2015 годзе Сцяпан Пуціла, а Пратасевіч быў толькі рэдактарам Telegram-каналаў у 2020 і пачатку 2021 года, сышоў яшчэ да свайго затрымання. Таксама прадстаўляе яго як чалавека, які «ведае, з кім спіць [Святлана] Ціханоўская», бо «мае інсайды».

    Сабчак фармальна шкадуе Пратасевіча, бо ў аўтакратыях «мы ўсе Раман Пратасевіч», кажа, што да яго прапагандысты ставяцца як да «апушчанага» і «хлопчыка для біцця», а нязгодныя з уладамі ладзяць «піяр-кампанію вакол ягонага імя». Пры гэтым яна даводзіць, што інтэрв’ю з ім нармальнае і этычнае, бо ён ужо не закладнік, раз лятаў у Дубай і не ўцёк (сам Пратасевіч тлумачыць, што калі б уцёк, «падставіў бы ўплывовых людзей»).

    «Мы не хочам адмаўляць табе ў суб’ектнасці, мы дапускаем, што ты зрабіў шчыры выбар», — кажа Сабчак Пратасевічу, які ў канцы відэа прызнае, што мае думкі пра суіцыд.

    Разам з тым медыяэксперт адзначае, што Пратасевіч у размове выконвае ролю не толькі суб’екту, але і аб’екту прапаганды:

    «Як аб’ект ён знаходзіцца пад уплывам беларускай дзяржаўнай сістэмы. І мы бачым, як ён пераключаецца: толькі што ён быў гаваркім, а з’яўляецца Азаронак у студыі і Пратасевіч робіцца драўляным і толькі ўсмешкамі рэагуе на нейкія выказванні».

    прапаганда ў інтэрв'ю Ксеніі Сабчак з Раманам Пратасевічам - аналіз медыяэксперта

    Раман Пратасевіч падчас інтэрв’ю. Скрыншот: Осторожно: Собчак / YouTube

    Як суб’ект Пратасевіч актыўна ўдзельнічае ў фармаванні наратываў, выгадных для ўладаў. Напрыклад, ён выступае як нібы прадстаўнік незалежных медыяў, але пры гэтым займаецца дыскрэдытацыяй і іх, і дэмакратычных сілаў, дадае Быкоўскі.

    Будзьце, як Пратасевіч, і будзе добра

    Падчас інтэрв’ю Пратасевіч кажа, што зрабіў правільны выбар, калі «знішчыў сваю рэпутацыю» дзеля «25 гадоў жыцця» для сябе і для затрыманай разам з ім Сафіі Сапегі, бо «выцягнуць сябе мог толькі сам» — і да яго пачалі «ставіцца па-чалавечы». І паказанні, кажа, даваў толькі супраць тых, хто ўжо за мяжой. І прамаўляе, што затрымалі яго, бо гэта былыя паплечнікі яго падставілі, а ўладам гэта было нявыгадна і шкодна.

    Сваімі словамі, адзначае Быкоўскі, Пратасевіч у тым ліку распаўсюджвае прапагандысцкі наратыў адносна выбару асабістага выжывання. Адначасова з гэтым ён дэматывуе праціўнікаў рэжыму, заяўляючы, што супраца з уладамі — гэта «рацыянальны выбар у крытычных сітуацыях, а тыя хто крытыкуюць такі выбар — самі не сядзелі, таму нічога казаць не маюць права».

    Як працуе «ментальны напільнік». Андрэй Вардамацкі — пра ролю медыйнага ўплыву на геапалітычны выбар беларусаў

    У размове гаворыцца пра гуманнасць дзяржаўнай сістэмы, вызваленне некаторых палітвязняў. Пры гэтым прасоўваецца наратыў неэфектыўнай апазіцыі, і што ніхто не прыйдзе на дапамогу ў выпадку крытычнай сітуацыі, што давядзецца прымаць рашэнне самастойна. Тым самым падрываецца давер да дэмакратычных сілаў і праваабаронцаў, кажа Быкоўскі.

    «Даволі цікавы момант, калі Пратасевіч кажа пра псіхалагічную дапамогу ў прыватных псіхатэрапеўтаў, якую рабілі яму за дзяржаўны кошт. Гэта абсалютна не стасуецца з тым, што іншым зняволеным давалі таблетку аспірыну ад усіх хваробаў. Усё гэта паказвае, што сітуацыя нетыповая для пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі», — кажа Быкоўскі.

    Пры гэтым, дадае ён, не зразумела, ці сапраўды ў дачыненні Пратасевіча ўжывалася псіхатэрапія, а не «прамыванне мазгоў». У любым разе гэта падаецца як прыклад таго, што дзяржава клапоціцца пра сваіх былых апанентаў, якія такімі ўжо не з’яўляюцца, дадаў эксперт.

    Таксама ў інтэрв’ю прысутнічаюць наратывы пра нармальнасць жыцця ў Беларусі, адзначаецца, што людзі ў Беларусі «падсупакоіліся», а хто не змірыўся, той або сядзіць, або з’ехаў, або «прыціхнуў». Змагацца супраць дзейных уладаў не трэба, бо за гэта пасадзяць — і атрымаеш толькі «хвіліну славы». У 2020 годзе «трошкі пакаўбасіла», але цяпер усё добра і стабільна, звычайнае жыццё можа працягвацца, хоць і сілавікі ўсё пра ўсіх ведаюць. Заяўляецца і пра пагрозы з боку Захаду.

    «Гэта ўмацоўвае вобраз Аляксандра Лукашэнкі як абаронцы краіны. Што толькі дзякуючы ягонаму ці то хітраму, ці то разумнаму кіраўніцтву Беларусь так і не сталася паўнавартаснай удзельніцай вайны Расеі супраць Украіны», — кажа Быкоўскі.

    Сярод іншага, у інтэрв’ю заяўляецца, што значная частка дэмакратычных сілаў крытыкуе тых палітвязняў, якія пішуць прашэнні аб памілаванні, каб выйсці на волю. І хоць падобных публічных выказванняў сярод дэмакратычных сілаў «амаль няма», ствараецца ўражанне, што менавіта гэткая пазіцыя або у беларускіх дэмакратычных сілаў, або у праваабаронцаў, заяўляе Быкоўскі.

    «Гэта з’яўляецца фэйкам. Але людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі і асцерагаюцца карыстацца медыямі, якія забароненыя ў ёй, могуць паверыць, што такая пазіцыя ёсць. Гэта можа іх дэмаралізаваць і дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы і праваабаронцаў», — дадае эксперт.

    У відэа нярэдка ствараецца ілюзія спрэчкі: Сабчак крытыкуе стыль прапаганды Азаронка і «версію Пратасевіча» аб ягоным затрыманні, сумняецца ў тым, што «Захад хацеў уцягнуць Беларусь у вайну», ці ў тым, што «камісія па вяртанні» не прывядзе людзей за краты… Але не сумняецца, што пратэстоўцы ў 2020‑м былі п’яныя, нападалі на сілавікоў і агулам паводзілі сябе «на межах непрыстойнага», калі крычалі Лукашэнку «Сыходзь!».

    прапаганда ў інтэрв'ю Ксеніі Сабчак з Раманам Пратасевічам - аналіз медыяэксперта

    Раман Пратасевіч паказвае сваю працу ў цэху. Скрыншот: Осторожно: Собчак / YouTube

    Адзначыў медыяэксперт і «страляніну» па беларускіх незалежных медыях. Гэтак, Сабчак заяўляе, што «праўды не існуе»: што ў Расеі, што ў Беларусі, што на Захадзе «99 % — гэта прапаганда». А Пратасевіч даводзіць, што ў беларускіх недзяржаўных медыях недакладная і неправераная інфармацыя, узятая з дзяржаўных крыніцаў, а свайго недзяржаўныя медыі прапанаваць не могуць. А маглі б нібы працаваць удома, бо, як сцвярджае Сабчак, «Белсат» жа ў Беларусі «ніяк не блакуюць», бо Youtube працуе. Пра сябе Пратасевіч прызнае, што «змяшчаецца ў бок падыгрывання дзяржаве», але «it’s OK, гэта нармальна».

    Як супрацьстаяць прапагандзе

    Падчас размовы Пратасевіч анансаваў «свой медыяпраект», які будзе прысвечаны размовам з вызваленымі палітвязнямі і тымі, хто вярнуўся ў Беларусь праз «камісію па вяртанні», а таксама «зборам дапамогі» для іх. Пры гэтым беларускім гледачам паабяцалі новы спосаб прапаганды, «добразычлівы» і «самакрытычны». Як беларусам не стаць ахвярамі новай прапаганды, пацікавіліся ў эксперта. 

    прапаганда ў інтэрв'ю Ксеніі Сабчак з Раманам Пратасевічам - аналіз медыяэксперта

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніцы: detector.media

    Быкоўскі раіць крытычна ставіцца да любога друкаванага ці сказанага слова, параўноўваць розныя меркаванні. Асаблівую ўвагу звяртаць на эмацыйную падачу, «дзе з нас выбіваюць пэўныя пачуцці», дзе выкарыстоўваюцца эмацыйна афарбаваныя словы і выразы, дзе апелююць да эмоцыяў, а не да логікі.

    «Калі мы бачым, што нам на пальцах абяцаюць патлумачыць складаную з’яву, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе спрашчэнне. Гэта прывядзе да таго, што нейкія карысныя маніпулятару факты будуць названыя. А тыя, што не ўкладаюцца ў ягоную задачу, не будуць асветленыя», — сказаў медыяэксперт.

    Прыкметамі прапаганды таксама ёсць стэрэатыпы, ярлыкі, намёкі, паўтарэнне пэўных наратываў «у розных матэрыялах ад быццам бы розных бакоў». Як і дэманізацыя апанента або вонкавых сілаў, заявы, што «Беларусь знаходзіцца ў абложанай крэпасці». Усе гэтыя крытэры варта разглядаць у сукупнасці, кажа Быкоўскі.

    Незалежным жа медыям пры працы з прадукцыяй кіроўнага рэжыму медыяэксперт раіць спачатку глядзець на значнасць асобы, якая прамаўляе. Напрыклад, Пратасевіч з’яўляецца значнай медыйнай фігурай, бо «праз тое, што з ім адбылося, самалёты „Белавія“ не лятаюць у Еўропу».

    «Ці ёсць ён самастойнай фігурай? Не. Ці ёсць ён тым, хто ўплывае на прыняцце важных дзяржаўных рашэнняў? Не. Адпаведна тое, што з інфармацыі мы можам ад яго атрымаць, гэта як ад звычайнага чалавека, які мае свой лёс, сваё меркаванне. Ён можа яго выказваць, але гэта не значыць, што ён ёсць або экспертам, або нейкім важным дзяржаўным дзеячам», — падкрэслівае Быкоўскі.

    Юрый Васкрасенскі, які таксама часта выступае ў публічнай сферы, на думку эксперта, нават не з’яўляецца такой медыйнай фігурай, як Пратасевіч, а таму і ягонае меркаванне не з’яўляецца самакаштоўным. Таксама незразумела, ці ён агучвае пазіцыю афіцыйнага Менску або нейкай фракцыі ў кіраўніцтве кіроўнага рэжыму. Таму «такое інтэрв’ю не ёсць цікавым», мяркуе Быкоўскі. На яго думку, у такім разе распаўсюд заяваў такіх асобаў, як Васкрасенскі, — гэта свядомае наданне сваёй пляцоўкі «для распаўсюджвання дэмагогіі і рэторыкі кіроўнага рэжыму».

    Новая методичка пропаганды: С дельными советами беларусам пытаются скормить кое-что похуже

    Калі ж гаворка ідзе пра заявы афіцыйных прадстаўнікоў рэжыму, то ад іх выказванняў і рашэнняў сапраўды нешта залежыць. Таму тут, кажа суразмоўца, варта падзяляць сказанае імі на тое, што сапраўды важнае для аўдыторыі, ад самаўсхвалення ці прамывання мазгоў, не дазваляць выкарыстоўваць маніпулятыўныя тэхнікі, тлумачыць, што ў іхных заявах ёсць няпраўдай, дэзынфармацыяй ці маніпуляцыяй.

    Аднак, нагадвае Быкоўскі, гэта складаны працэс і кожнае медыя само абірае, як працаваць у канкрэтнай сітуацыі. Адзінае, што, дадае ён, некаторыя тэхнікі «працуюць на ўзмацненне, як снежны ком, таго, што рассылаецца дзяржаўнай прапагандысцкай машынай, а ёсць тое, што дапамагае спыніць распаўсюд фэйкаў і прамыўкі мазгоў або зрабіць гэта кантраляваным працэсам».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці