• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «А хто будзе весці гэты факультатыў?» Што не так з новым курсам па журналістыцы ў беларускіх школах

    Хто ініцыяваў маштабны праект і хто яго будзе рэалізоўваць – пакуль таямніца.

    Міністэрства адукацыі зацвердзіла факультатыў «Уводзіны ў прафесію журналіста» для 8—9 класаў. Праграма разлічаная на 69 гадзін: 35 гадзін на год у 8 класе, 34 гадзіны – у 9 класе. Факультатыў уведзены ў сярэдніх школах з беларускай і рускай мовамі навучання.

    журналіст і прапагандыст: у чым розніца?

    Выява створана БАЖ з выкарыстаннем Chat­G­PT

    Чаго хоча дабіцца Мінадукацыі?

    Даць старшакласнікам «уяўленне пра дзейнасць журналіста як суб’екта масава інфармацыйнай дзейнасці»; навучыць дзяцей аналізаваць інфармацыю; развіць навыкі працы з інфармацыяй, крытычнага мыслення; навучыць школьнікаў ствараць уласныя тэксты публіцыстычных жанраў.

    Чаму павінны навучыцца дзеці?

    Навучальная праграма прадугледжвае, што дзеці павінны авалодаць базавымі навыкамі журналіста, асвоіць манеру паводзінаў і стыль адзення, зразумець, як арганізавана і як працуе рэдакцыя медыя, зразумець, што такое сацыяльная адказнасць у журналістыцы, а таксама зразумець, як працуюць друкаваныя, радыё- і тэлемедыя.

    Больш за тое, школьнікі павінны праштудзіраваць законы аб СМІ, аб рэкламе, Аб аўтарскім праве і сумежных правах.

    Падобна, Мінадукацыі падрыхтавала для школьнікаў прафесійныя экспрэс-курсы.

    Экспертка: Я сумняюся, што настаўнікі валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі

    Ірына Сідорская, якая працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю журфака БДУ да 2021 года, не чула пра такія планы стварыць навучальні курс для школьнікаў. Прынамсі, у публічнай сферы яны не абмяркоўваліся.

    Медыяэкспертка паразважала пра магчымыя прычыны ўвядзення новага факультатыва і што з гэтага можа выйсці.

    Ірына Сідорская. Фота з сайта ratingbynet.by

    — З аднаго боку, няма нічога дрэннага, што школьнікам робяць факультатывы, у тым ліку і па прафесіі журналіста. Стварэнне кантэнту цікавіць і падлеткаў, і дарослых. Але мы ведаем кантэкст: які сапраўдны статус у журналіста ў Беларусі, якія задачы стаяць перад СМІ, як кіраўнікі дзяржавы і кіраўнікі інфармацыйна-камунікацыйнай сферы, не саромеючыся, называюць журналістаў «салдатамі інфармацыйнай вайны».

    У існуючых умовах такі факультатыў, здаецца, будзе не пра сапраўдную журналістыку, а пра стварэнне рознага рода кантэнту: і рэкламнага, і забаўляльнага, і прапагандысцкага – без этычных абмежаванняў і прафесійных стандартаў.

    — Беларускае кіраўніцтва ўсе 30 гадоў скрозь пальцы глядзела на журналістыку. А тут раптам – факультатыў у сярэдняй школе. З чаго ўзнік такі інтарэс да прафесіі?

    — Мне здаецца, выпускнікі не вельмі хочуць паступаць на журфак, а таксама існуе кадравы голад у рэдакцыях. Вось і вырашылі з 8—9 класаў ужо прапагандаваць прафесію журналіста з тым прыцэлам, каб выпускнікі паступалі на журфак. Бо там няма ніякага конкурсу і балы не вельмі высокія. І моладзь, і бацькі разумеюць, якія задачы цяпер стаяць перад факультэтам журналістыкі.

    На журфак БДУ сёлета «конкурс» — менш за 1,1 чалавека на месца

    Скажу больш: сама праграма факультатыва – уводзіны ў журналістыку – выглядае нармальна. Але яна ўсё-такі вельмі складаная для вучняў 8—9 класаў. Мне яна нагадала праграму падрыхтоўчых курсаў на факультэце журналістыкі, куды прыходзяць 11-класнікі – ім нават складана ўспрымаць фармулёўкі кшталту «особый вид информационно-коммуникационной деятельности». Альбо пра розныя жанры ў журналістыцы. Усё гэта сапраўды патрэбна, але не такімі складанымі фармулёўкамі. У такім выглядзе вучням будзе зусім не цікава.

    І яшчэ пытанне маецца: а хто будзе весці гэты факультатыў? Настаўнікі беларускай ці рускай мовы, гісторыкі? Каб на самой справе разумець, што такое журналістыка, трэба або працаваць у медыях, або мець спецыяльную адукацыю. Дык хто ж будзе выкладаць, калі падлеткі нават і захочуць выбраць такі курс?

    Больш за тое, каб «навучыць падлеткаў, як працуюць рэдакцыі розных відаў медыяў», трэба, напэўна, туды пайсці, каб школьнікі паглядзелі ўласнымі вачыма. А гэта наўрад ці прадугледжана.

    — Адкуль можа сыходзіць такая ініцыятыва? Можа, загад спушчаны з самага верху, магчыма, узяты курс на сістэмную падрыхтоўку прапагандыстаў з пялёнак?

    — Для мяне гэта навіна: я не чула, каб такія размовы вяліся або на факультэце журналістыкі, або ў Міністэрстве адукацыі. Мне здавалася, што ў публічнай прасторы такой інфармацыі не было. Я сумняюся, што настаўнікі валодаюць кампетэнцыямі, каб прафесійна расказаць падлеткам пра журналістыку.

    Пра што не раскажуць на журфаку? Топ кніг ад медыйшчыкаў, якія варта пачытаць студэнтам

    Дарэчы: пра «взращивание акул пера»

    1 лістапада факультэт журналістыкі БДУ адзначыў сваё 80-годдзе.

    Напярэдадні «красивого юбилея со знаком бесконечности журналисты «СБ. Беларусь сегодня» узнали у политолога Алексея Беляева, декана факультета журналистики БГУ, как в нашей стране взращивают акул пера».

    Аляксей Бяляеў расказвае, якія змены адбыліся за два гады ягонага дэканства:

    «Проведена серьезная корректировка наполнения специальности «журналистика». Раньше было семь отдельных журналистских специальностей, сегодня осталась одна. Но на 3‑м и 4‑м курсах ребята проходят профилизацию, и одна из них — аудиовизуальные СМИ и блогинг. Она предполагает работу в соцсетях, с мобильным телефоном, возможность создания собственного контента. Это востребовано, популярно».

    «Добавлены некоторые предметы, они должны раздвинуть журналистские горизонты. Создан курс, который я читаю лично, — «Идеологические процессы в современном обществе». Это широкий взгляд на все, что происходит в идеологической сфере и в Беларуси, и в мире».

    А вось што дэкана ўразіла ў першакурсніках, якія сёлета прыйшлі на журфак:

    «Они поразили меня еще до начала занятий. Первое организационное собрание начали с Государственного гимна Беларуси. Ребята встали и громко, не стесняясь, исполнили гимн. На старших курсах ведь как — поют 2–3 человека и декан. Так что студенты пришли очень мотивированные, патриотичные».

    Раней Бяляеў паведамляў, што акрамя факультатыва па журналістыцы абмяркоўваецца ідэя ствараць у сярэдняй школе профільныя медыйныя класы.

    «Не ведаю, колькі я яшчэ вытрымаю пісаць пра намалоты і механізатараў». Як цяпер вучацца на журфаку БДУ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці