«Абарвалася занадта шмат жыццяў»: еўрапейскія дыпламаты выступілі з сумеснай заявай
У гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі Амбасада ФРГ у Мінску апублікавала сумесную заяву шэрагу дыпламатычных місій.
«12 лістапада 2020 года ад рук беларускага рэжыму загінуў Раман Бандарэнка. Амаль праз чатыры гады ў беларускай калоніі памёр палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр. З 2020 года ў беларускіх турмах памерлі сем палітвязняў. Абарвалася занадта шмат жыццяў. Мы памятаем пра гэтыя ахвяры і заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў», — гаворыцца ў заяве.
Пад лістом падпісаліся амбасадары Славакіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Літвы, Латвіі, Румыніі, Швецыі, Нідэрландаў, ЗША, Германіі, Аўстрыі, Балгарыі, Чэхіі і Ірландыі.
Нагадаем, сярод загінулых палітвязняў ёсць і прадстаўнік медыя — пінскі блогер Мікалай Клімовіч.
28 лютага 2023 года суд Пінскага раёна і г. Пінска прыначыў 61-гадоваму блогеру год пазбаўлення волі за «абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Падставай для пераследу стала карыкатура на Лукашэнку, якую блогер размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.
Суддзя Андрэй Бычыла вынес такое рашэнне нягледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы праз хваробу сэрца.
На пачатку траўня 2023 года блогер памёр у папраўчай калоніі № 3 «Віцьба».