• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Рызе з’явілася «пустое крэсла» Кацярыны Андрэевай і прагучалі яе творы па-латышску

    Акцыя салідарнасці прыпала на чацвёртую гадавіну зняволення Кацярыны Андрэевай. Урыўкі з кнігі «Беларускі Данбас» і вершы зняволенай журналісткі ў перакладзе на латышскую мову прачытала паэтка і перакладчыца Алеся Лосева.

    На фота: паэтка і перакладчыца Алеся Лосева і пісьменніца Інга Гайлэ

    15 лістапада адзначаецца дзень зняволеных пісьменнікаў і пісьменніц. Міжнародны ПЭН-цэнтр выкарыстоўвае сімвал «пустога крэсла», каб расказаць свету пра творцаў, якія знаходзяцца за кратамі, хаваюцца ад уладаў ці забітыя. Чытанні на пустых крэслах — гэта адначасова і кампанія пратэсту, і заклік адстойваць свабоду слова, гатоўнасць гаварыць і тварыць, нягледзячы на ўсе рызыкі.

    Менавіта 15 лістапада споўнілася роўна чатыры гады, як журналістку Кацярыну Андрэеву затрымалі ў шматпавярховіку на «Плошчы Перамен» у Мінску за стрым падчас акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

    На фота: паэтка і перакладчыца Алеся Лосева і пісьменніца Інга Гайлэ

    Сёлета ПЭН-цэнтр Латвіі прыцягнуў увагу да шасцярых аўтараў і аўтарак, сярод якіх была Кацярына Андрэева. Паэтка і перакладчыца Алеся Лосева зачытала вершы Кацярыны, напісаныя ў турме, і ўрывак з кнігі «Беларускі Данбас», напісанай у суаўтарстве з мужам, таксама палітвязнем, Ігарам Ільяшом.

    Чатыры гады за кратамі

    2 лістапада Кацярына Андрэева сустрэла чацвёрты дзень нараджэння ў няволі.

    Яе затрымалі 15 лістапада 2020 года ў Мінску за стрым падчас акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

    18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызначыў Кацярыне і аператарцы Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    10 лютага 2022 года Кацярыну Андрэеву, замест вызвалення, этапавалі з жаночай папраўчай калоніі № 4, дзе яна адбывала першы тэрмін, у гомельскае СІЗА № 3. Прычыну не паведамілі нават родным. У красавіку стала вядома пра новую крымінальную справу — Кацярыне выставілі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК).

    У ліпені 2022 года Кацярыну Андрэеву асудзілі на 8 гадоў калоніі. Такое рашэнне прыняў суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка. Працэс праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Пра сутнасць абвінавачання невядома дагэтуль.

    20 верасня 2022 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу юрыдычнай абароны Кацярыны Андрэевай і чакана пакінуў рашэнне першай інстанцыі без зменаў. Пры гэтым постфактум стала вядома, што была скарэктавана фармулёўка абвінавачання. Замест «выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі ці дзяржаве» журналісцкую дзейнасць Кацярыны Андрэевай пастанавілі лічыць «шпіянажам». Зрэшты, сутнасная падстава засталася ранейшай, адбылася тэхнічная ратацыя ў межах таго ж артыкула 356 Крымінальнага кодэкса.

    Andreeva-Illiash

    Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш — сямейная пара журналістаў, якая знаходзіцца ў зняволенні. Фота: сацсеткі

    20 кастрычніка 2024 года ў Мінску затрымалі журналіста Ігара Ільяша нібыта за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Ігар Ільяш — журналіст і муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), ён прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, каб мець магчымасьць рыхтаваць перадачы для жонкі і ездзіць да яе на спатканні ў гомельскую калонію  № 4.

    У канцы кастрычніка стала вядома, што Ігара Ільяша перавялі ў следчы ізалятар № 1. З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці