• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка Ганна Любакова атрымала прэмію Media Freedom Award

    Цырымонія ўручэння прэміі прайшла на штогадовай канферэнцыі «Свабода СМІ», якую ладзіць у Вашынгтоне міжнародная карпарацыя Transat­lantic Lead­er­ship Net­work. Пра гэта беларуска распавяла на сваёй старонцы ў Face­book.

    Ганна Любакова атрымлівае прэмію Media Free­dom Award. Фота: Face­book

    Transat­lantic Lead­er­ship Net­work адзначыла прэміяй беларуску Ганну Любакову, журналістаў і актывістаў Масіх Алінеджад (Іран), Яна Філіпа (Францыя), Стывена Каліна (ЗША), прадпрымальніка і актывіста Джымі Лая, які са снежня 2021 года знаходзіцца ў ганконгскай турме.

    Падчас прамовы Ганна Любакова расказала пра беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, у тым ліку і пра супрацоўніка «Радыё Свабода» Ігара Лосіка.

    — Падобныя прэміі, цырымоніі, канферэнцыі дазваляюць нагадваць пра Беларусь, пра тое, што адбываецца ў краіне, што людзі не здаліся. А гэта азначае, што Беларусь застаецца на міжнародным парадку дня, — мяркуе Ганна Любакова. — На цырымоніі і канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, урадавыя і няўрадавыя арганізацыі ЗША, аналітычныя цэнтры – прадстаўніцтва было вельмі шырокім. Я распавяла пра палітвязняў, вельмі важна гаварыць пра іх і нагадваць рэжыму, што ніхто не забыты. І асобна выдзеліла кейс Ігара Лосіка, якога ведаюць у ЗША.

    Яна падкрэсліла, што беларускія журналісты працягваюць працаваць, не зважаючы на рэпрэсіі, выгнанне, цэнзуру і прапаганду.

    Ганна Любакова выступае ў Нацыянальным прэс-клубе ў Вашынгтоне. Фота: Face­book

    Ганна Любакова таксама выступіла на канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-клубе ў Вашынгтоне і падзялілася досведам, як беларускія медыі працуюць унутры Беларусі.

    Transat­lantic Lead­er­ship Net­work — гэта некамерцыйная карпарацыя ў Вашынгтоне, якая выступае за ўмацаванне і пераарыентацыю трансатлантычных адносінаў на астатні свет, які хутка глабалізуецца. Гэта беспартыйная, незалежная, міжнародная сетка спецыялістаў-практыкаў, лідараў прыватнага сектара і палітычных аналітыкаў. Карпарацыя прыцягвае ўвагу ўрадавых чыноўнікаў, парламентароў, журналістаў, дзелавыя колы, навукоўцаў і іншых лідараў меркаванняў да сучасных выклікаў Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Блізкага Усходу і Персідскага заліву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці