• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксей Дзікавіцкі: Не хачу, каб мой подпіс стаяў пад ліквідацыяй «Белсата»

    Адзін з заснавальнікаў «Белсата», выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі шчыра расказаў БАЖу пра прычыны свайго датэрміновага сыходу і далейшыя планы.

    Аляксей Дзікавіцкі. Фота: з сацсетак

    Аляксей Дзікавіцкі. Фота: з сацсетак

    «Мне прапанавалі ўзначаліць сайт «Белсата», хаця ягоная кіраўнічка ляжыць у шпіталі»

    — Вы падалі кіраўніцтву TVP заяву аб звальненні па згодзе бакоў з 22 лістапада. Ці ёсць рэакцыя?

    — У дырэкцыі TVP я атрымаў інструкцыі, як перадаць свае абавязкі. Як толькі перадам, спадзяюся, адразу развітаемся.

    — Чаму вы вырашылі звольніцца з тэлеканала датэрмінова?

    — Прычын некалькі.

    Кіраўніцтва тэлебачання, структурай якога з’яўляецца «Белсат», мае права прызначаць на пасаду дырэктароў асобных каналаў каго лічыць патрэбным, а такі стыль мне падаецца мала прымальным. Я да такога не прызвычаіўся, і не хачу, каб са мной так абыходзіліся.

    Другая справа, што мне прапанавалі ўзначаліць сайт «Белсата». Але я гэтага рабіць не буду: яго кіраўнічка спраўляецца са сваімі абвязкамі вельмі добра. Зараз яна ляжыць у шпіталі, і яшчэ доўга будзе ляжаць на рэабілітацыі. Не хапала толькі, каб яна вярнулася са шпіталя і ўбачыла на сваім месцы Дзікавіцкага.

    І трэцяе. Калі спыняе сваё існаванне структурная адзінка ў такой вялікай фірме, якой з’яўляецца Польскае тэлебачанне, то яе спачатку трэба ліквідаваць. Гэтае слова азначае, што структура павінна фармальна скончыць сваё існаванне, каб яна магла стаць часткай іншай структуры. Зрабіць гэта было даручана мне. А я не хачу рабіць гэтага нават фармальна, бо ўсё-такі я быў адным з заснавальнікаў «Белсата», і вельмі не хацеў бы, каб мой подпіс стаяў на паперах, паводле якіх тэлеканал ліквідуецца.

    — Вы кажаце, што не пагаджаецеся з такім стылем прыняцця рашэнняў. Што канкрэтна вас абурыла?

    — Чалавека, які столькі гадоў адпрацаваў на канале, нават не папярэдзілі, што такое плануецца, што яе кіраўніком паставяць некага іншага.

    Паўтаруся, я не маю нічога супраць новага кіраўніка. Але папярэдзіць мяне пра планы вымагае звычайная прыстойнасць.

    Апрача таго, я б не рабіў нейкія рэчы — не сустракаўся б з аўтарамі, з прадзюсерамі і не рабіў бы прапановы па праграмах на наступны год. Напачатку варта было б патлумачыць мне, што я рабіў не так. Гэтага не здарылася. Тут прэтэнзія не фармальная, і не юрыдычная, гэта чыста этычная праблема.

    — Вы вярнулі медаль Аб’яднанаму пераходнаму кабінету, які і ўзнагародзіў вас. У чым сутнасць гэтага жэсту?

    — Знак, які я атрымаў сёлета ў студзені, называецца «Знак каманднага гонару». Там ёсць слова «гонар». Гэта ўзнагарода Аб’яднанага перахонага кабінета. А людзі, датычныя да Кабінета, на жаль, у маім разуменні (паўтаруся яшчэ раз) паступілі не ганарова.

    Таму я хацеў вярнуць гэтую адзнаку: на ёй ёсць слова «гонар», а паводзіны з таго боку такімі не назавеш.

    «Не выключаю, што сыду з журналістыкі»

    — Вы здаеце справы, развітваецеся з «Белсатам» — якія жыццёвыя планы далей?

    — Не ведаю пакуль. Спачатку трэба здаць справы, скончыць усе фармальнасці, а потым буду глядзець.

    Не хаваю, ёсць пэўныя прапановы, дзе я магу працаваць далей.

    Але я мушу падумаць, ці варта і далей заставацца ў сферы журналістыкі. Магчыма, надышоў час заняцца нечым іншым, але пакуль не ведаю.

    — Але сыходу з журналістыкі не выключаеце?

    — Не, не выключаю. Мне ўжо столькі гадоў, што, калі крута мяняць жыццё, бадай, трэба рабіць гэта зараз.

    — Што вам удалося вырашыць, а якія праблемы давядзецца вырашаць новай кіраўнічцы?

    — Не ведаю, якія праблемы давядзецца ёй вырашаць: залежыць ад мэтаў, якія паставіць перад сабой новае кіраўніцтва, я пра іх не ведаю.

    Я прыняў кіраўніцтва тэлеканалам у даволі цяжкой сітуацыі, у час турбулентнасці. Тады мы даведаліся, што будзем мець намнога меншы бюджэт (калі раптам была звольнена наша шматгадовая кіраўнічка), трэба было дапасаваць расходы тэлеканала да новага бюджэта (а ён аказаўся прыкладна на траціну меншы, чым планавалася на пачатку года). Але любыя бюджэтныя праблемы звязаныя найперш з кадрамі. Мне падавалася найважнейшым захаваць патэнцыял канала, таму што я ведаю, што такое падрыхтаваць прафесіяналаў у тэлевізійнай сферы: трэба гады і гады. І калі звальняць кадры падчас турбулентнасці, то потым, нават знайшоўшы 100 мільёнаў долараў, знайсці людзей будзе вельмі цяжка. Таму я пастараўся захаваць патэнцыял.

    І трэцяе: я паспрабаваў зрабіць канал, які пакуль што ёсць адзіным тэлевізійным і беларускамоўным, адкрытым для іншых творцаў, каб доступ да  сеткі вяшчання, да магчымасцяў прадакшына на нашым канале мелі людзі, раней не звязаныя з «Белсатам».

    Дзве рэчы я выканаў (бюджэт і незвальненне супрацоўнікаў), а трэцюю задачу пачаў выконваць. Я сыходжу з паднятай галавой, бо, нягледзячы ні на што, удалося дасягнуць такіх вынікаў.

    — З калектывам ужо развіталіся?

    — Пра тое, што я збіраюся сыходлзіць датэрмінова, даведаліся найперш мае калегі: я напісаў пра гэта ва ўнутраным камунікатары. Але не думаю, што варта праводзіць публічныя акцыі майго сыходу. Бог дасць, у хуткім часе выпушчу сваю трэцюю кнігу, тады запрашу сваіх калег і каляжанак на прэзентацыю — вось там мы зможам пагаварыць пра паэзію. І там мы зможам развітацца.

    Як разгортваліся падзеі

    15 лістапада рэдакцыя «Белсата» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы – Аліны Коўшык. Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) заяву аб звальненні на ўласнае жаданне ад 22 лістапада. Хаця меў заставацца на пасадзе да 3 снежня.

    Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ. 

    9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».

    На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат». У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая кіравала тэлеканалам 18 гадоў. Выканаўцам абавязкаў дырэктара тэлеканала прызначаны Аляксей Дзікавіцкі. Адразу пасля прызначэння новы кіраўнік распавёў пра планы тэлеканала.

    У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал. 4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».

    8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

    Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».

    23 ліпеня «Белсат» паведаміў, што пераводзіць свой сайт на «мінімальны рэжым працы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці