Ператрус на «Белсаце»: кіраўніцтва падазраюць у фальсіфікацыі фінансавых дакументаў
Прадстаўнік пракуратуры ў Варшаве пракаментаваў дзеянні Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро ў рэдакцыі тэлеканала «Белсат».
Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро Польшчы (ЦАБ) збірае дакументацыю ў рамках расследавання, якое праводзіцца акруговай пракуратурай Варшавы ў дачыненні да кампаніі Belsat TV. Пра гэта паведамляе навінавае агенцтва Polska Agencja Prasowa (PAP).
Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр Скіба паведаміў у інтэрв’ю PAP, што ператрусы адбываюцца ў штаб-кватэры тэлеканала Bielsat TV.
Следчыя дзеянні, паводле яго словаў, звязаныя з расследаваннем «прычынення буйной маёмаснай шкоды TVP SA у перыяд са жніўня 2018 года па студзень 2024 года асобамі, якія займаюцца яе маёмаснымі справамі, на агульную суму больш за 7 мільёнаў злотых шляхам заключэння дагавораў на прадастаўленне ІТ-паслуг і заказаў на закупку з пэўнымі прадпрымальнікамі».
«Расследаванне таксама вядзецца ў дачыненні да выстаўлення з красавіка 2019 года па студзень 2024 года з мэтай атрымання прыбытку несапраўдных рахункаў-фактур з ПДВ на агульную суму 5 мільёнаў 147 тысяч злотых, якія дакументальна пацвярджаюць і фармуюць аснову бухгалтарскіх разлікаў за IT-паслугі, фактычна не аказаныя TVP SA», – дадаў Скіба.
Расследаванне цалкам даручана варшаўскаму аддзяленню ЦАБ.
Кіраўнік аддзела камунікацый TVP Томаш Вядзярэк паведаміў PAP, што Польскае тэлебачанне аказала поўнае садзейнічанне супрацоўнікам ЦАБ і перадало ўсе неабходныя дакументы.
Аляксей Дзікавіцкі: Не хачу, каб мой подпіс стаяў пад ліквідацыяй «Белсата»
Адзначаецца, што паведамленне пра падазроныя фінансавыя аперацыі паступіла ад ліквідатара TVP у Варшаўскую акруговую пракуратуру ў ліпені. Тады былога дырэктара TVP і іншых асоб, якія займалі кіруючыя пасады, западозрылі ў фальсіфікацыі рахункаў-фактур.
«Злачынства заключалася ў невыкананні службовых абавязкаў і перавышэнні паўнамоцтваў асобамі, якія займаюць кіруючыя пасады, якія сумесна і па ўзгадненні заказвалі ІТ-паслугі», — паведамляла тады TVP.
«Гэтыя паслугі або немагчыма ідэнтыфікаваць — няма слядоў іх выканання, або кошты на іх былі завышаныя ў некалькі дзясяткаў разоў і эканамічна неапраўданыя», — адзначалася ў паведамленні.
Кіраўніцтва «Белсата» гэтыя абвінавачванні абвергла.
Таксама у ліпені стала вядома, што« Белсат» плануюць уключыць у склад новай медыяструктуры — Цэнтра замежных праграм, які аб’яднае тэлеканалы на замежных мовах. Беларускія дэмсілы і каманда «Белсата» заклікалі кіраўніцтва Польшчы і TVP захаваць самастойнасць тэлеканала.
БАЖ і Прэс-клуб Беларусь заклікаюць польскія ўлады захаваць беларускі тэлеканал «Белсат»
Раней Gazeta Wyborcza паведаміла, што супрацоўнікі ЦАБ раніцай 20 лістапада 2024 года «ўвайшлі ў будынак» Польскага грамадскага вяшчання (TVP) у рамках «расследавання злоўжыванняў» на тэлеканале «Белсат». Медыя таксама напісала пра ператрус у кватэры былой дырэктаркі «Белсата» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Яна абвергла гэта.
У тэлеграм-канале «Белсата» паведамляецца, што ўсе рэдакцыі працуюць у звычайным рэжыме.