Блогера Змітра Казлова, які праз тыдзень мусіў выйсці на волю, будуць зноў судзіць
За кратамі блогера Змітра Казлова — заснавальніка YouTube-канала «Серый кот» — ўтрымліваюць чатыры з паловай гады. На 29 лістапада яму прызначылі яшчэ адзін суд «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
29 лістапада ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска будуць разглядаць крымінальную справу, распачатую супраць Змітра Казлова паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). У 2021 годзе заснавальнік YouTube-канала «Серый кот» быў асуджаны да 5 гадоў зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
За кратамі Змітра Казлова ўтрымліваюць 4 з паловай гады.
З улікам часу знаходжання ў СІЗА, ён ужо практычна адбыў увесь тэрмін прысуду і 28 лістапада 2024 года мусіў выйсці на волю.
Але на 29 лістапада яму прызначылі яшчэ адзін суд, які з вялікай верагоднасцю можа скончыцца працягам зняволення — на тэрмін да двух гадоў у калоніі строгага рэжыму. Справу будзе разглядаць суддзя Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Павел Карцінін.
Справа Змітра Казлова
У бабруйскай калоніі № 2 Зміцер Казлоў аказаўся паводле вердыкту суддзі Магілёўскага абласнога суда Ірыны Ланчавай. 25 траўня 2021 года яна прыгаварыла яго і яшчэ шасцярых палітвязняў — актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Да судовага разбіральніцтва блогер амаль год правёў у СІЗА: яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года, спачатку асудзілі да 20 сутак па адміністрацыйнай справе, але на волю ён ужо не выйшаў. У ліпені 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Змітра Казлова палітычным зняволеным.
Да таго, пачынаючы з 2019 года, за стрымы і ўдзел у розных вулічных акцыях Зміцер быў асуджаны агулам да 120 сутак адміністрацыйных арыштаў. На сваім YouTube-канале «Серый кот» відэаблогер расказваў пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў і пра падзеі, якія адбываліся ў палітычным жыцці Беларусі.
Змітру Казлову 36 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Оршай. У маладым узросце страціў абодвух бацькоў. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Захапіўся блогерствам у 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычный тэматыкі.