Беларусы стварылі петыцыю, каб прыбраць фота Пратасевіча з плаката ў цэнтры Гданьска
Беларусы Гданьска збіраюць подпісы пад петыцыяй да Еўрапейскага цэнтра Салідарнасці. Яны хочуць прыбраць партрэт Рамана Пратасевіча з плаката, прысвечанага беларускім палітвязням. Аўтары ліста лічаць, што цяпер ягоная праца шкодзіць Беларусі, піша MOST.
Петыцыя была створаная 23 лістапада 2024 года. На дадзены момант яна сабрала больш за 20 подпісаў.
«Мы перакананыя: прысутнасьць партрэту Рамана Пратасевіча ў самым сэрцы Гданьску стала небясьпечна блізкаю да рэклямаваньня ягоных сумнеўных паслугаў ды прасоўваньня прыкрых прапагандысцкіх тэзаў», — пішуць аўтары ліста.
«Раман цяпер мае сваё мэдыя, дзе намагаецца давесьці, што рэжым нібы павярнуўся да літасьці. Робіць гэта ў абсалютна ганебны ды бесчалавечны спосаб: карыстаючыся з пакутаў вязьняў ды іхніх сямей, прымушая іх удзельнічаць у здымках прапагандысцкіх матэрыялаў», — аргументуюць беларусы Гданьска сваю пазіцыю.
Па інфармацыі MOST, банер з партрэтамі вядомых беларускіх палітвязняў з’явіўся каля Еўрапейскага цэнтра Салідарнасці ў 2021 годзе. Тады Раман Пратасевіч быў адным з сімвалаў пратэсту. Але праз тры гады стаўленне да яго ў беларусаў змянілася, бо ён пачаў супрацоўнічаць з беларускім рэжымам.
У канцы кастрычніка ў закрытым чаце беларусаў Гданьска прайшло апытанне на тэму таго, ці варта здымаць партрэт Пратасевіча. Сярод 77 удзельнікаў 70% выказаліся за тое, каб яго зняць, і 30% — за захаванне партрэта.
У петыцыі беларусы прапануюць замяніць фота Пратасевіча на партрэт іншай асобы, але канкрэтных імёнаў не называюць.
Не інтэрв’ю, а шоу. Што хацела сказаць прапаганда размовай Пратасевіча з Сабчак
Раман Пратасевіч быў асуджаны 3 мая 2023 года на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе Nexta. 16 мая яго памілавалі, а пазней выключылі са спісу «экстрэмістаў». Пасля гэтага Пратасевіч «вярнуўся» ў блогерства і стаў прасоўваць наратывы беларускай прапаганды.