• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Навошта журналісты патрэбны на выбарах? Распавядаем простымі словамі пра складаныя рэчы

    Менавіта падчас выбараў узнікае процьма непаразумення і выказваецца безліч перасцярог у адносінах да журналістаў. БАЖ сабраў самыя папулярныя пытанні, якія датычацца працы медыяў падчас электаральнай кампаніі. Праверце, ці ведаеце вы адказы на іх. 

    Навошта журналісты патрэбны на выбарах?

    Фота: Tara Win­stead для pexels.com

    Чым займаюцца журналісты на выбарах?

     Журналіст — гэта пасярэднік паміж элітамі і грамадствам. У ідэале выступленне на чыімсьці баку непажаданае: пасярэднік мусіць як мага дакладней, зразумела і аператыўна даносіць сігналы бакоў адно аднаму.

    Падчас выбараў журналісты граюць ключавую ролю ў камунікацыі паміж бакамі: даюць грамадзянам поўную інфармацыю, падтрымліваюць дэмакратычную дыскусію і сочаць за выкананнем законнасці.

    Найперш журналісты падрабязна расказваюць пра палітычную пазіцыю кандыдатаў і іхнія біяграфіі, аналізуюць іхнюю дзейнасць. Медыі прапаноўваюць выказацца на сваіх пляцоўках усім, хто мае што сказаць.

    Пры гэтым медыі даюць магчымасць выказацца не толькі найбольш сімпатычным камусьці партыям і палітыкам, але ўсім удзельнікам выбараў — так забяспечваецца справядлівасць і роўнасць. У ідэале журналісты мусяць кіравацца ў сваёй дзейнасці прынцыпамі бесстароннасці і незалежнасці, пазбягаць прадузятасці і прапаганды.

    Журналісты манітораць перадвыбарчую кампанію і аналізуюць яе. Журналісты павінны парвяраць факты і заявы, якія робяць палітыкі: трэба не толькі асвятляць выбары, але і абараняць людзей ад дэзінфармацыі.

    Адна з найважнейшых задач медыяў – ажыццяўляць публічны кантроль за ўладай. Дзейнасць журналістаў і медыяў рэгламентуецца законамі, стандартамі прафесійнай дзейнасці і этычнымі кодэксамі.

    Часта медыі адкрыта агітуюць за канкрэтную палітычную сілу ці кандыдата. Ці правільна гэта?

    Калі журналісты, рэдактары ці ўладальнікі медыя маюць палітычныя ці фінансавыя сувязі з канкрэтнымі кандыдатамі ці партыямі, гэта выклікае сумневы ў яго незалежнасці. Канфлікт інтарэсаў, нават невідавочны, можа сур’ёзна падарваць давер да медыя.

    З іншага боку, недахоп празрыстасці ў палітычнай рэкламе ці прыхаваная рэклама кандыдатаў можа прывесці да абвінавачанняў у спробах маніпуляваць меркаваннем грамадзян. Каб пазбегнуць ці хоць бы мінімізаваць негатыўныя наступствы, трэба аддзяляць навіны ад рэкламы і раскрываць сувязі з фінансаваннем.

    У некаторых краінах парушэнне стандартаў журналістыкі ў перадвыбарны перыяд можа мець юрыдычныя наступствы: судовыя іскі, штрафы. А для канкрэтнага журналіста парушэнне нейтралітэта можа паставіць крыж на яго рэпутацыі, а таксама прывесці да звальнення ці страты прафесійнай ліцэнзіі.

    Публічная падтрымка канкрэтнага кандыдата ці партыі пагражае журналісту не толькі рэпутацыйнымі стратамі, але і сур’ёзнымі юрыдычнымі і прафесійнымі наступствамі.

    Фота: Leeloo The First для pexels.com

    Што робяць журналісты, каб прадухіліць фейкі падчас выбараў?

    Гаворка ідзе пра рэакцыю медыяў на фэйкі ці маніпуляцыі ў інтэрнэце, на мемы, маніпулятыўныя відэа ці ананімныя крыніцы. Чытачы хочуць ведаць, як медыі абараняюцца самі і абараняюць сваіх чытачоў ад распаўсюду непраўдзівай інфармацыі і якія меры прымаюцца для фактчэкінга.

    Медыі мусяць не толькі асвятляць падзеі, але і абараняць аўдыторыю ад дэзінфармацыі.

    Папярэджанне фальсіфікацый (не дапускаць маніпуляцый вынікаў галасавання, выяўляць карупцыйныя схемы і фіксаваць парушэнні закона) — адна з галоўных задач СМІ.

    Дэзінфармацыя і невыкананне стандартаў фактчэкінга можа прывесці да маніпуляцыі грамадскай думкай.

    Падчас любой выбарчай кампаніі ў ход ідуць маніпуляцыі грамадскім меркаваннем і фальсікацыі. Дасягнуць гэтага эфекту дазваляе распаўсюджванне чутак, фальшывых навінаў і свядомы ўкід непраўдзівай інфармацыі. У такіх умовах менавіта на журналістаў кладзецца адказнасць за праверку фактаў і за развенчванне хлуслівых ці маніпулятыўных заяў, якія могуць паўплываць на выбары.

    Навошта выданні публікуюць вынікі апытанняў? І што яны робяць, калі прагнозы аказаліся недакладнымі?

    Медыі часта друкуюць вынікі апытанняў, бо гэта дапамагае даваць актуальную інфармацыю аўдыторыі пра растаноўку палітычных сіл, фіксаваць змены ў грамадскіх настроях, падтрымліваць цікавасць да кампаніі і прагназаваць магчымыя тэндэнцыі.

    Але розныя метады правядзення апытанняў (анлайн-апытанні і тэлефонныя апытанні, напрыклад), могуць даваць розныя вынікі. Апрача таго, знешнія фактары (напрыклад, скандал вакол персоны галоўнага кандыдата ў прэзідэнты) могуць рэзка змяніць грамадскія настроі, а значыць, фактычна дэзавуіруюць вынікі праведзеных апытанняў.

    У такім выпадку медыі публікуюць абнаўленні з тлумачэннямі, чаму вынікі апытання змяніліся. Звычайна, перад публікацыяй лічбаў, медыя нагадвае чытачам пра магчымыя пагрэшнасці ці абмежаванні апытання.

    І ўсё ж, калі інфармацыя аказалася моцна недакладнай, журналісты выпраўляюць недакладнасці ці робяць удакладненні, каб не ўводзіць аўдыторыю ў зман. Такім чынам журналісты паказваюць празрыстасць сваёй працы і тлумачаць фактары, якія маглі паўплываць на іх працу, каб захаваць давер чытачоў (гледачоў, слухачоў).

    Фота: Mido Makasar­di для pexels.com

    Надаваць больш увагі асабістаму жыццю кандыдатаў, чым іх праграмам — гэта нармальна?

    Выпячванне фактаў з асабістага жыцця можа выклікаць незадавальненне той часткі грамадства, якая чакае не свецкую хроніку, а канкрэтныя адказы на праблемы грамадства. Такі падыход часта выкарыстоўваецца адным бокам (і ўспрымаецца другім) як спроба адцягнуць увагу ад рэальных праблемаў грамадства і краіны.

    Вядома, асабістае жыццё кандыдата мае істотнае значэнне для разумення характару палітыкаў, аднак празмерная зацыкленасць на скандалах, чутках і асабістых парблемах можа адцягваць увагу ад больш важных праблем.

    Перабольшванне ролі індывідуальных канфліктаў ці незвычайных учынкаў кандыдата скажае рэальную карціну выбараў.

    Як незалежныя медыі асвятляюць беларускія выбары?

    Пасля 2020 года з‑за крымінальнага пераследу большасць незалежных медыяў апынулася за мяжой. У Беларусі засталіся лічаныя адзінкі, якія мусілі адмовіцца асвятляць грамадска-палітычны парадак дня і займаюцца самацэнзурай. Такі вынік прэзідэнцкіх выбараў-2020.

    Пасля масавых акцый пратэсту 2020 года, выкліканых фальсіфікацыямі, беларускі рэжым знішчыў любую ўнутраную альтэрнатыву. Усе палітычныя праціўнікі Лукашэнкі апынуліся ў турмах, мінімум 500 тысяч беларусаў з‑за пагрозаў крымінальнага пераследу пакінулі Беларусь.

    Фота: pexels.com

    26 студзеня 2025 года ў Беларусі запланаваныя чарговыя так званыя «прэзідэнцкія выбары». Электаральная кампанія праходзіць ва ўмовах нарастаючых рэпрэсій.  

    Беларускі раследвальніцкі цэнтр (БРЦ) падлічыў, што з сярэдзіны 2022 года Беларусь згубіла больш за трэць зарэгістраваных СМІ. Сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца 36 беларускіх журналістаў. БАЖ і большасць незалежных выданняў прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

    Падобна, што вайна супраць незалежных медыяў ў Беларусі можа скончыцца толькі разам з рэжымам Лукашэнкі.

    Незалежныя медыі, апынуўшыся ў надзвычайных умовах, працягваюць асвятляць электаральную кампанію ў Беларусі. Гэта надзвычай важна: у краіне засталася адна прапаганда, якая агучвае выключна аднаго кандыдата. Незалежныя СМІ ў выгнанні даносяць да беларусаў унутры Беларусі рэальную карціну таго, як праходзіць гэтая кампанія, якая не мае ніякага шанцу на міжнароднае прызнанне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці