• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лосік схуднеў, Пачобут «трымае марку», Аляксандраў «выязджае» на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК‑1

    Наваполацкую папраўчую калонію № 1 называюць адной з самых жорсткіх паводле ўмоў утрымання палітвязняў. Паводле звестак праваабаронцаў, тут утрымліваюць больш за сто беларусаў з палітычна матываванымі, незаконнымі тэрмінамі пакарання. Ад былога палітвязня, які вызваліўся з ПК‑1, «Белсат» даведаўся апошнія навіны пра журналістаў – Ігара Лосіка, Анджэя Пачобута і Андрэя Аляксандрава.

    Банер з палітзняволеным журналістам і актывістам «Саюза палякаў Беларусі» Анджэям Пачобутам. Беласток, Польшча. 20 студзеня 2023 года. Фота: Bea­ta Zawrzel / Reporter / EAst News

    «Ігар Лосік «невылазна» ў ПКТ»

    Блогер і кансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік за кратамі ўжо чатыры гады. Яго затрымалі 25 чэрвеня 2020 года дома ў Баранавічах і прад’явілі абвінавачванні паводле двух крымінальных артыкулаў – арт. 293 («Масавыя беспарадкі») і арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля прысудзіў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі.

    За тое, што «пазіцыянавала сябе як жонка палітвязня і давала негатыўную ацэнку працы дзяржорганаў» Беларусі, да двух гадоў зняволення суд прысудзіў і жонку Ігара – Дар’ю Лосік. У цяперашні час яна на волі, але ад любых зносін з журналістамі адмаўляецца.

    «Як бы адміністрацыя калоніі ні намагалася зрабіць, каб вядомыя палітвязні ні з кім не размаўлялі, перасячэнні былі заўсёды, – распавядае наш суразмоўца, які з меркаванняў бяспекі просіць не называць яго імя. – Я ўпершыню пабачыў Ігара на «промцы» [прамзоне – Заўв. рэд. «Белсат»]. Ён чысціў ад ізаляцыі старыя кабелі – у калоніі гэтая праца лічыцца цяжкай і шкоднай».

    Паводле нашага суразмоўцы, Ігар Лосік вельмі моцна перажываў за жонку і дачку. Для адміністрацыі калоніі Ігар быў нязручным, таму што ягоная жонка заўсёды стаяла за яго гарой і часта размаўляла пра яго з журналістамі. Пасля гэтага ў калоніі на Ігара пачыналі ціснуць яшчэ мацней.

    У нейкі момант адміністрацыя калоніі прыняла рашэнне адправіць Ігара Лосіка ў ПКТ [памяшканне камернага тыпу – Заўв. рэд. «Белсат»]. Ёсць меркаванне, што такім чынам блогера вырашылі схаваць ад лішніх вачэй, каб інфармацыя пра яго стан нікуды не прасачылася.

    Ігар Лосік. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

    «Да яго прыйшла опергрупа і на камеру загадала прыбіраць прыбіральню. Адмаўляешся – табе «малююць» ШІЗА. Лосік адмовіўся», – кажа суразмоўца.

    Пасля гэтага Ігара змясцілі ў ШІЗА. Людзі, якія яго бачылі, казалі, ён схуднеў настолькі, што быў падобны на шкілет, максімальна бледны. Як і да многіх палітвязняў, да яго прыходзілі людзі ў пагонах, прымушалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён не пагадзіўся.

    Як удалося высветліць «Белсату», у ПК‑1 Ігара Лосіка, як і Віктара Бабарыку, трымаюць у спецаддзяленні, якое ўключае ў сябе ШІЗА і ПКТ, размешчаныя ў асобным будынку. Улетку ў ПКТ увесь час сцюдзёна – максімум 18 градусаў цяпла. У астатні час года – дзікі холад. Тым, каго трымаюць у ПКТ, у адрозненні ад ШІЗА, можна тры разы на дзень карыстацца электрачайнікам. Таксама ў ПКТ маюцца дадатковыя палічкі і люстэрка з нержавеючай сталі. З рэчаў дазволена мець толькі зубную шчотку, пасту, мыла, ручнік. Прадукты з перадач ад сваякоў – пад забаронай.

    Зняволеным дазволена набываць тавары ў турэмнай краме. Але каб паздзекавацца, супрацоўнікі калоніі часам не дазваляюць Ігару купіць самае неабходнае.

    «Аднойчы прымусілі набыць анучы і мыйныя сродкі для прыбірання камеры. У калоніі іх не выдаюць, зняволеныя павінны купляць самыя», – распавядае былы зняволены.

    Тым, каго ўтрымліваюць у ПКТ, дазволены адзін шпацыр на дзень. Кожную камеру выводзяць у прагулачны пляц асобна на 15–20 хвілін у невялікі закрыты дворык-клетку. Ігар Лосік сядзіць амаль заўсёды адзін, таму і ў зносінах ён ізаляваны.

    Харчаванне ў ПКТ і ШІЗА зрэзана, у параўнанні з атрадам, у два разы.

    «Калі сядзіш там, есці хочацца настолькі, што некаторыя нават рыбу елі з косткамі, калі яе часам давалі, – распавядае суразмоўца. – У асноўным на сняданак даюць пустую кашу і гарбату, у абед – нешта падобнае на суп і капусту, на вячэру – шклянку вадкага пюрэ. І ўсё».

    Калі зняволенага ўтрымліваюць у ПКТ, на працу ён не ходзіць, але мае магчымасць чытаць. Кніг замежных аўтараў у калоніі ўжо няма, а нядаўна забаранілі яшчэ і падручнікі замежных моваў і кнігі беларускіх аўтараў.

    Як распавёў наш суразмоўца, лісты Ігару Лосіку наогул не прыходзяць, нават ад блізкіх.

    «Анджэй Пачобут – вельмі горды»

    Гарадзенскага журналіста і сябру «Саюза палякаў Беларусі» Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі васем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ» і «распальванне варожасці або варажнечы». МУС РБ унесла журналіста ў «спіс экстрэмістаў», КДБ – у пералік «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Пасля вынясення прысуду Анджэю Пачобуту Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю. У адказ Беларусь забараніла польскім перавозчыкам перасякаць мяжу праз беларуска-літоўскія і беларуска-латвійскія пункты пропуску.

    Анджэй Пачобут. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

    Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы абмяняць Пачобута на сяброў апазіцыйнага Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання (НАК) на чале з Паўлам Латушкам.

    «Пачобута мы бачылі вельмі нячаста, – успамінае наш суразмоўца. – Ведаю, што з каранціну яго амаль адразу закрылі ў ШІЗА. Потым нейкі час ён быў у 4‑м атрадзе. Ён вельмі цікавы і адукаваны. Амаль адразу пасля знаёмства з ім зразумелі, што яго «закатаюць» у ПКТ.

    Перад тым, як ён да нас трапіў, падсадзілі «качку». Гэта быў асуджаны за наркотыкі. Яго спецыяльна прывезлі, каб ён пасядзеў з Бабарыка і з Пачобутам і здаў усё, што даведаўся. Інфармацыя вельмі хутка прасачылася. Мы адразу папярэдзілі Анджэя. Ён спакойна на гэта адрэагаваў».

    У кожным атрадзе ёсць расклад уборак. Раптам у раскладзе з’явіўся Пачобут. Гэта значыць, што яго, каб закрыць у ПКТ, прымусяць выконваць працу, якую ён не можа рабіць па стане здароўя або з прынцыпу. У той жа дзень журналіста «забралі».

    «Выходзім на наступную раніцу на зарадку – а там Анджэй. Мы: «Цябе ж забралі». А ён: «Забралі. Адвялі ў адстойнік [клетку з двума аддзяленнямі – Заўв. рэд. «Белсат»] на медагляд. Памералі ціск – высокі. Нейкім чынам трапіўся нармалёвы лекар, і адмовіўся афармляць. Вырашылі пачакаць лекара без сумлення».

    Так і здарылася. Пасля змены медыка Пачобута ўсё ж «закрылі».

    Пасля гэтага, паводле нашага суразмоўцы, да журналіста не раз прыязджалі, прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні, «каб ад яго пазбавіцца».

    У калоніі ўсе выдатна разумеюць: каб выпусціць Пачобута, трэба рашэнне аднаго чалавека – Лукашэнкі.

    «Па тым, што адбываецца з Пачобутам у ПК‑1, мы зразумелі, што гэта прынцыповы момант. Ён [Аляксандр Лукашэнка] хоча, каб Анджэй пакаяўся асабіста, – лічыць былы палітвязень. – Яму нават гатовыя бланкі падсоўвалі. Гэта значыць, не трэба было ў адвольнай форме нават пісаць нічога, як раней. Але Анджэй усё роўна не падпісаў».

    Паводле суразмоўцы, некалькі разоў Анджэя Пачобута адпраўлялі ў ШІЗА і не давалі яму неабходных лекаў. Месяцамі да яго не даходзяць лісты і перадачы, а спатканняў і тэлефанаванняў родным практычна не было.

    «Гэта яго моцна аслабіла, – кажа суразмоўца. – У Анджэя праблемы з сэрцам, вельмі дзыгае ціск, моцна сеў зрок, але ён усё роўна не здаецца».

    «Аляксандрава не пазнаць, гэта іншы чалавек»

    Былога намесніка дырэктара БелаПАН Андрэя Аляксандрава затрымалі разам з ягонай дзяўчынай, а цяпер ужо жонкай, Ірынай Злобінай у пачатку 2021 года і абвінавацілі ў фінансаванні пратэстаў. Пазней дадалі яшчэ і абвінавачванне ў «здрадзе радзіме». У кастрычніку 2022 года журналіста асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Калегі-журналісты і праваабаронцы называюць судовы працэс помстай за прынцыповую пазіцыю абвінавачаных.

    «Аляксандраў быў нашым любімчыкам, – усміхаецца былы палітвязень. – Ён не губляе ні бадзёрасці, ні аптымізму. Яшчэ і падтруньваць над іншымі атрымоўваецца. Калі з ім пачынаеш размаўляць, даводзіцца моцна ўключаць мозг. Ён саркастычны, расстаўляе пасткі. Выпісвае «СБ» і вылучае праўду з іх «шэдэўраў». Пасля прагляду навін доўга іх пераварвае. Да яго нават ашуканцы [асуджаныя за махлярства – Заўв. рэд. «Белсат»] звяртаюцца, Андрэй ім кнігі раіць. Адукоўвае кантынгент. Сам часам піша тэксты песень па-ангельску».

    Андрэй Аляксандраў. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

    Паводле суразмоўцы, ужо цяпер Андрэй Аляксандраў важыць максімум 80 кг, намагаецца рабіць зарадку і вучыцца падцягвацца. Яшчэ трохі – і атрымаецца.

    «Я калі выйшаў і загугліў яго стары фотаздымак – не паверыў. Ён раней важыў больш 100 кг. Цяпер гэта ўжо іншы чалавек. Раней, дарэчы, часта скардзіўся на ногі з‑за доўгага знаходжання на бетоне, цяпер ужо прызвычаіўся», – распавядае былы палітвязень.

    Нейкі час Аляксандраў працаваў «на дратах» – абдзіраў аплётку. Гэта фізічна складаная праца, плюс даводзіцца дыхаць хімікатамі. У некаторых зняволеных праз гэта пачынаецца алергія. І калі гаворка ідзе пра «палітычных», то, хутчэй за ўсё, ніякіх лекаў мясцовыя медыкі не дадуць – «палітычныя павінны пакутаваць».

    У нейкі момант журналіста перавялі на «дзеравяшку» – у 8‑ы атрад. Цяпер Андрэй Аляксандраў робіць еўрападдоны. Лічыцца, што гэтая адна з найбольш добрых працаў у калоніі. Там нармалёвыя ўмовы.

    «Наколькі я ведаю, у ШІЗА ён сядзеў адзін раз 10 дзён, – кажа былы палітвязень. – У ШІЗА ёсць камеры «жорсткія» і «лайтовыя». Самая жорсткая камера называецца «бот», яна кутняя. Дзве яе сцяны выходзяць на вуліцу. Памяшканне такое маленькае, што адначасова могуць хадзіць толькі два чалавекі, трэці павінен сядзець. А сядзець немагчыма, лавы металічныя. Нары днём прышпіленыя да сцяны.

    Былы кіраўнік ПК № 1 Пальчык здзекаваўся і казаў: «Вас адсюль выйдзе трое: ты, сухоты і гемарой». Каб было яшчэ горш, супрацоўнікі калоніі адчынялі дзверы ў прадоле і атрымліваўся жорсткі скразняк. Самыя супрацоўнікі ходзяць у бушлатах, капелюшах-вушанках, а зняволены проста ў тэрмабялізне ды халоднай робе.

    «Наколькі я ведаю, Андрэй тады перанёс усё мужна. Цяпер ведаю, што лісты ад жонкі яму прыходзяць. Увесну да яго нават прыязджалі бацькі, Андрэй прасіў усім перадаць вітанні і сказаць, што з ім усё добра. Ён верыць, што адбудзе свой тэрмін не да канца», – падсумаваў наш суразмоўца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці