• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як будзе паводзіцца прапаганда, калі падзе рэжым: досвед Сірыі

    На мінулым тыдні Башар Асад уцёк з Дамаска ў Расію. Так скончыўся больш чым пяцідзесяцігадовы рэжым кіравання яго сямейства.

    Калаж: @rubanau_collage

    Прапагандысты, чыноўнікі і рэлігійныя прапаведнікі, якія дзесяцігоддзямі абслугоўвалі рэжым, пачалі публічна тлумачыць, што яны толькі рабілі сваю працу і ні ў чым не вінаватыя.

    Еўрарадыё расказвае, як былы рэпрэсіўны і прапагандысцкі апарат Башара Асада публічна тлумачыць, чаму да яго не варта выстаўляць прэтэнзіі.

    Праўладная газета «Аль-Ватан» больш за 20 гадоў усхваляла рэжым Асада. Але пасля ўцёкаў дыктатара рэзка змяніла рыторыку, апраўдваючыся, што яе супрауоўнікі «ўсяго толькі публікавалі тое, што перадавалі зверху».

    «Мы толькі выконвалі інструкцыі і публікавалі навіны, якія яны [улады] нам дасылалі. Цяпер хутка стала ясна, што гэта хлусня. Мы сутыкаемся з новай старонкай для Сірыі. Мы дзякуем Богу за тое, што ён не праліў больш крыві. Мы верым і спадзяёмся, што Сірыя будзе для ўсіх сірыйцаў».

    Байцы сірыйскай апазіцыі святкуюць падзенне сірыйскага ўрада ў Дамаску, Сірыя, 8 снежня 2024 года / Амар Санадзікі / AP

    Міністэрства інфармацыі Сірыі таксама выпусціла прымірэнчы зварот.

    «Калегі, якія працуюць у дзяржаўных СМІ! Мы заклікаем усіх далучыцца да працы цягам наступных двух дзён, каб розныя сродкі масавай інфармацыі маглі аднавіць вяшчанне і выпуск дакументаў, якія дакументуюць фатальны этап Сірыі, якую мы любім і асвятляем. Мы ўсе спадзяемся, што наступныя дні прынясуць нам карысць. Усіх прадвесцяў, дабра і радасці нашаму цярпліваму народу»— піша ведамства.

    Апошні прэм’ер-міністр ва ўрадзе Башара Асада Мухамад Газі аль-Джалалі, які быў ва ўладзе крыху больш за тры месяцы да зрынання рэжыму, выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з любым кіраўніцтвам, якое абярэ сірыйскі народ.

    «Неабходны рацыянальны падыход у інтарэсах радзімы і адзінства Сірыі <…> Сёння раніцай [8 снежня. — Еўрарадыё] я буду ў Савеце міністраў і гатовы да плаўнай перадачы ўлады пасля адыходу Асада <…>. Спадзяюся, усе прадэманструюць мудрасць і будуць кіравацца інтарэсамі радзімы <…>. Перакананы, што Сірыя — гэта краіна для ўсіх без выключэння сірыйцаў».

    Шэйхі алавіцкай ісламскай абшчыны, прадстаўніком якой быў Башар Асад, пасля змены ўлады таксама заклікалі «да ўсеагульнай амністыі і абмежавання [выкарыстання] зброі».

    Шэйхі алавіцкай ісламскай абшчыны ў мячэці шэйха Салеха аль-Алі, 14 снежня 2024 года / ronahi.tv

    «Важна дабіцца бяспекі і стабільнасці [у Сірыі], а таксама зрабіць канкрэтныя крокі для ўмацавання грамадзянскага міру і нацыянальнага замірэння».

    Прадстаўнікі абшчыны заклікалі да абвяшчэння ўсеагульнай амністыі дзеля бяспекі ўсіх грамадзян і «адкрыцця новай старонкі, якая спрыяе нацыянальнаму адзінству», бяспечнага вяртання бежанцаў з гарантыяй іх абароны і захавання маёмасці, а таксама абмежавання [выкарыстання] зброі выключна дзяржаўнай уладай і забароны на яе выкарыстанне па-за рамкамі легітымных дзяржаўных інстытутаў.

    І 16 снежня нарэшце выступіў сам зрынуты экс-прэзідэнт Башар Асад, які расказаў, калі і як ён пакінуў Сірыю.

    «Падчас гэтых падзей я ні разу не думаў ісці ў адстаўку ці шукаць прытулку. Ніхто не прапаноўваў мне гэтага. Адзіным выхадам было працягваць барацьбу з тэрарыстычным націскам», — падкрэсліў палітык. Асад заявіў, што «з самага першага дня вайны адмовіўся ад любых асабістых выгадаў дзеля выратавання краіны».

    Ён таксама адзначыў, што, калі дзяржава трапляе ў рукі тэрарыстаў, любая пасада страчвае сэнс. «У такія моманты займаць любую пасаду становіцца бессэнсоўным», —сказаў Асад, дадаўшы, што ён па-ранейшаму адчувае глыбокую сувязь з Сірыяй і спадзяецца на аднаўленне яе свабоды і незалежнасці.

    «Я не спыняў барацьбы і не перастану абараняць сваю краіну», — падсумаваў Асад.

    У Сірыі збіраюцца судзіць прапагандыстаў Асада

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці