• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Штучны інтэлект: памочнік ці патэнцыйны вораг? Адказваюць эксперты

    Імклівае распаўсюджванне штучнага інтэлекту ў сусветных медыях ставіць пытанне рубам: як яго ўтрымаць пад кантролем? На Форуме журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў «Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта – падтрымліваць самыя высокія стандарты» ў Сейме Літвы прайшла дыскусія пра выкарыстанне штучнага інтэлекту ў медыях.

    Форум вольнай журналістыкі

    Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Чым можна патлумачыць трыумфальнае шэсце штучнага інтэлекту (ШІ) па кантынентах і краінах? Якую карысць ён прыносіць і якія рызыкі стварае для медыяў? Паводле апошніх дасследаванняў, большасць апытаных спажыўцоў медыйнай інфармацыі з недаверам ставяцца да выкарыстання ШІ ў медыях.

    «Давер — нашая галоўная валюта»

    Галоўны рэдактар партала 15min.lt Вайдас Бенюшыс гаворыць, што ШІ на партале выкарыстоўваецца для таго, каб праца журналістаў стала больш эфектыўнай, каб пазбыцца лішніх функцый.

    Галоўны рэдактар партала 15min.lt Вайдас Бенюшыс. Фота: 15min.lt

    Літаральна 12 снежня рэдакцыя партала 15min.lt уключыла ў рэдакцыйны Кодэкс этыкі правілы выкарыстання ШІ.

    «Мы запэўніваем сваіх чытачоў, што канчатковае рашэнне застаецца за жывым чалавекам, а ШІ з’яўляецца асістэнтам журналіста і рэдактара. Прычым аўтарства ШІ павінна быць указана», — сказаў ён.

    Якога ўзроўню штучны інтэлект выкарыстоўвае рэдакцыя? Зараз на слыху ва ўсіх чат GPT. Але ці можна ставіць паміж чатам GPT і штучным інтэлектам знак роўнасці?

    Мы з’ўляемся таксама камерцыйнай структурай, таму абавязкова абмяркоўваем, колькі можам інвеставаць у развіццё ШІ. Каб займацца штучным інтэлектам прафесійна, патрэбныя больш спецыялізаваныя праграмы, чым чат GPT, тлумачыць спадар Бенюшыс.

    Для медыяў, напэўна, самым важным паказчыкам з’яўляецца давер сваёй аўдыторыі. Менавіта гэтая мэта вызначае ступень выкарыстання ШІ:

    Выкарыстанне штучнага інтэлекту гэта пытанне даверу аўдыторыі. Ён наша галоўная валюта, нам нельга губляць прыхільнасць чытача. 

    У нашага медыя існуюць дзве ўмоўныя аўдыторыі. Маладая, якая часта абыходзіцца без СМІ, карыстаецца сацсеткамі, мэсэнджарамі, а другая — сеньёры, часта ставяцца больш скептычна да такіх навінак. Часта цяжка адначасова дагадзіць адным і другім, таму больш важная для нас другая частка.

    — Тэкст дамінуе, але расце аб’ём відэа. Дзве часткі аўдыторыі набліжаюцца адна да другой, але ці перасякуцца яны — пакуль цяжка сказаць. Наша бізнэс-мадэль пераследуе мэту штотыдня ахапіць паўмільёна чалавек, а за месяц — кожнага жыхара Літвы, — адзначае выступоўца.

    Форум вольнай журналістыкі

    Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Пры гэтым здараюцца і казусы. Бывае, вонкавыя аўтары хітруюць і дасылаюць працы, згенераваныя ШІ. І ў гэтым выпадку рэдакцыя выкарыстоўвае штучны інтэлект для адсочвання, каб не было злоўжыванняў. Такое тушэнне пажару пажарам.

    Вайдас Бенюшыс мяркуе, што перспектывы выкарыстання ШІ ў медыяў ўяўляюцца палкай з двума канцамі:

    Штучны інтэлект, як і малаток, можна выкарыстоўваць, каб забіць цвік, але ж ім можна забіць і чалавека. Безумоўна, існуе чорны сцэнар: ШІ можа дасягнуць такога ўзроўню маніпуляцыі людзьмі, што здолее чытаць мае думкі па маіх рэакцыях, па маёй міміцы. У такім выпадку свабодныя выбары згубяць усялякі сэнс, бо волі больш не застанецца. Ці вольныя выбары ўсё яшчэ застануцца, але імі будуць маніпуляваць. Гэта вельмі верагодны сцэнар: ужо зараз ствараецца вельмі многа мануліпуляцыйнага кантэнту.

    Як абараніць асабістыя дадзеныя? У Літве ШІ пакуль можна карыстацца бясплатна, дзяржава пакуль не прыдумала кампенсацыйны механізм.

    — Але стваральнікі кантэнту і СМІ ўжо церпяць ад таго, што ШІ ўжо карыстаецца нашым прадуктам. Няма рэгуляцыйнага механізму, як абараніць аўтарскую працу. Цяпер ёсць надзея, што ЕС зможа прыняць агульныя правілы падчас літоўскага старшынства ў аб’яднанні. Для Літвы лагічна чакаць супольнага рэгулявання, — заключыў Вайдас Бенюшыс.  

    ШІ не ад добрага жыцця

    Рэдактарка «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава падкрэсліла, што іх медыя звярнулася да паслуг штучнага інтэлекту не ад добрага жыцця.

    Апынуўшыся за межамі краіны, мы зразумелі, як цяжка здабываць інфармацыю з Беларусі. Таму мы выкарыстоўваем штучны інтэлект, каб ствараць відэа для сацсетак, каб генерыраваць лічбавыя выявы герояў, з якімі можна размаўляць, хаваючы канкрэтных людзей, — патлумачыла рэдактарка. — І з гэтымі віртуальнымі экспертамі можна нават размаўляць.

    Форум вольнай журналістыкі

    Яніна Мельнікава. Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Апрача таго, штучны інтэлект збірае інфармацыю з Беларусі: спецыялісты стварылі «невялікі бот, які ходзіць па невялікіх сайтах і збірае інфармацыю». Пры гэтым рэдакцыя заўсёды ўказвае, што кантэнт створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту.

    Доктарка Аўдронэ Нугарайце, прафесарка Універсітэта Вітаўта Вялікага, намесніца старшыні Саюза журналістаў Літвы па прафесіяналізме і дасканаласці, адзначыла, што выкарыстанне штучнага інтэлекту нешта спрашчае, але прынесла і праблемы.

    — Інфармацыі становіцца больш, але яна не структурызавана, не раскладзена па палічках. Узросшая праз ШІ колькасць тэкстаў стварае інфармацыйны сметнік. Адказная, падсправаздачная і этычная журналістыка усё гэта мы павінны рабіць, каб захаваць давер будучай аўдыторыі, — мяркуе экспертка.

    «Паміж маніпуляцыямі і нармальнасцю»

    Маар’я Лёхмус — незалежная журналістка, доктарка філасофіі, абараніла доктарскую дысертацыю ў Фінляндыі.  Медыядаследчыца і сябра праўлення эстонскай газеты Free Eston­ian Word (ЗША) выкладае ў Хельсінскім універсітэце, аналізуе структуру і ролю журналістыкі ў грамадстве.

    Яе дысертацыя на тэму цэнзуры «Трансфармацыя публічнага тэксту ў таталітарнай сістэме: сацыяльна-семіятычнае дасследаванне практыкі савецкай цэнзуры на эстонскім радыё ў 1980‑х гадах» выкарыстоўваецца як падручнік у ЗША і Вялікабрытаніі.

    Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў

    Доктарка філасофіі Маар’я Лёхмус. Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Таму доктарка гаварыла не столькі пра штучны інтэлект, колькі пра цэнзуру ў таталітарных дзяржавах і якасную журналістыку. Яна адзначыла, што журналістыка — гэта барацьба паміж маніпуляцыямі і нармальнасцю. Экспертка засцерагла журналістаў ад паўтарэння распаўсюджанай памылкі: журналістыка не з’яўляецца часткай палітыкі, гэта «культурная сфера, якая інтэрпрэтуе палітычную сферу».

    Маар’я Лёхмус прааналізавала і параўнала фінскія, эстонскія, расійскія тэксты за 1905—2009 гады. Якія высновы атрымала? Таталітарная ўлада выкарыстоўвае журналістыку даты і месцаў. У Фінляндыі на працягу стагоддзя разгортваліся грамадскія дыскусіі, а грамадскі інтарэс стаяў на першым месцы. Эстонская журналістыка вельмі культурніцкая: больш за 30% тэкстаў уключае паняцце культуры.

    Самая галоўная бітва ў прааналізаваных тэкстах разгарнулася вакол тэмы: як называць рэчы і з’явы? Што самае дрэннае ў таталітарнай дзяржаве? Поле значэнняў і прэзентацыя ўлады акрэсліваецца таталітарнай дзяржавай.

    Савецкая цэнзура кантралявала дзве асноўныя вобласці: факты і іх інтэрпрэтацыю — з мэтай блакаваць доступ да альтэнартыўнай і забароненай інфармацыі. А таксама выключыць з публічнай сферы любы кантэнт, які савецкім грамадзянам не дазвалялася ведаць. Існаваў нават спіс інструкцый аб’ёмам каля 200 старонак пад назвай «Звесткі, забароненыя для публікацый, радыё- і тэлепраграм».

    — Самая галоўная супярэчнасць — паміж вольным чалавекам і чалавекам сістэмы. На вольнага чалавека глядзім як на ўзор. Але застаецца пытанне: дзе мы можам узяць больш моцнай журналістыкі? – кажа прафесарка.

    На думку Маар’і Лёхмус, важнасць штучнага інтэлекту расце. І на гэтым фоне ўсё больш актуальным становіцца трывожнае пытанне: як утрымаць яго пад кантролем? Адным з такіх варыянтаў можа стаць перыядычны перагляд асноўных журналісцкіх правілаў і кодэксаў, каб яны не гублялі актуальнасці і адпавядалі ўсім новым як этычным, так і тэхналагічным выклікам.

    У гэтай сувязі спадарыня Маар’я прааналізавала 5 кодэксаў розных еўрапейскіх краін. Самым сучасным, па яе меркаванні, з’яўляецца Кодэкс этыкі  Фінляндыі. Тут гэты дакумент абнаўляецца кожныя тры гады, таму паспявае ісці ў нагу з часам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці