Пракуратура: Вольгу Радзівонаву асудзілі за публікацыі ў нямецкай Die Tageszeitung
Генеральная пракуратура Беларусі 18 снежня абнародавала сутнасць абвінавачання асуджанай да 4 гадоў зняволення журналістцы Вользе Радзівонавай.
Вольгу Радзівонаву абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў дыфамацыйнага характару:
- частак 1 і 2 артыкула 367 КК РБ — «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»,
- артыкула 369–1 КК РБ — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
- часткі 1 артыкула 130 КК РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»,
- часткі 1 артыкула 368 КК РБ — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
10 снежня суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова вынесла абвінаваўчы вердыкт і прызначыла Радзівонавай 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Учора, 18 снежня, Генеральная пракуратура раскрыла сутнасць прэтэнзій уладнага рэжыму да журналісткі. Паводле ведамства, Вольга Радзівонава была асуджаная за «прадастаўленне замежнаму СМІ для артыкулаў звестак экстрэмісцкага характару».
«З мэтай атрымання грашовага ўзнагароджання падрыхтавала і прадаставіла замежнаму СМІ — прадстаўнікам нямецкай штодзённай газеты Die Tageszeitung — шэраг артыкулаў, скіраваных на распальванне нацыянальнай варожасці і варажнечы, дыскрэдытацыю рэспублікі, а таксама паклёп і абразы ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы», — сцвярджае Генпракуратура.
У паведамленні падкрэсліваецца, што «артыкулы Радзівонавай апублікаваныя ў вольным доступе для ўсеагульнага агляду на старонцы інтэрнэт-рэсурса названай штодзённай газеты».
Стала вядома, што, акрамя пазбаўлення волі, суд прызначыў Вользе Радзівонавай штраф памерам 100 базавых велічынь (4 тысячы рублёў). Адначасова з журналісткі, як піша пракуратура, «спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам». Паведамляецца, што прысуд яшчэ не набыў законную моц.
Справа Вольгі Радзівонавай
Журналістку Вольгу Радзівонаву сілавікі затрымалі 7 сакавіка 2024 года. У хуткім часе стала вядома, што па крымінальным абвінавачанні яе змясцілі пад варту ў следчы ізалятар.
А 28 сакавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў два артыкулы, што былі размешчаныя на сайце нямецкай газеты Die Tageszeitung.
Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 Вольгу Радзівонаву накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках. Хворая маці Вольгі Радзівонавай, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Вольга Радзівонава раней супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыямі.
30 кастрычніка 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Вольгу Радзівонаву палітычнай зняволенай.