Стаў вядомы вырак відэакарэспандэнту Яўгену Нікалаевічу
Сёлета на пачатку кастрычніка суд Пінска і Пінскага раёна прызнаў відэакарэспандэнта «Медиа-Полесье» Яўгена Нікалаевіча вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Рэдакцыя выдання высветліла, што суддзя Яўгенія Мельнік прызначыла журналісту 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Судовы працэс над журналістам распачаўся 26 верасня, а ўжо 2 кастрычніка суддзя г. Пінска і Пінскага раёна Яўгенія Мельнік агучыла абвінаваўчы вердыкт. Яна прызнала Яўгена Нікалаевіча вінаватым паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Гэты вырак 3 снежня Яўген Нікалаевіч спрабаваў аспрэчыць у Брэсцкім абласным судзе, але яго апеляцыйную скаргу суддзя Кацярына Груда пакінула без задавальнення. 6 снежня імя асуджанага журналіста з’явілася ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. На сайце МУС пазначана, што журналіст ужо «адбывае пакаранне».
Справа Яўгена Нікалаевіча
Пераслед журналіста распачаўся ў 2020 годзе, калі ён у якасці відэакарэспандэнта рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Медиа-Полесье» асвятляў у Пінску пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Непасрэдна ў пратэстах журналіст удзелу не браў, але звінавацілі яго менавіта за гэта.
Падчас выкананння прафесійных абавязкаў 10 жніўня 2020 года Яўген Нікалаевіч быў затрыманы і збіты. Двое сутак рэдакцыя «Медиа-Полесье» шукала свайго супрацоўніка, але ў пінскай міліцыі звестак пра месцазнаходжанне Яўгена Нікалаевіча не давалі. Толькі пазней стала вядома, што спачатку яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавезлі ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах.
Калі журналіст выйшаў на волю, ён працягнуў прафесійную дзейнасць. Напрыканцы жніўня быў зноў затрыманы падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі і пакараны адміністрацыйным арыштам. У лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча выклікалі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў па крымінальнай справе аб знявазе мясцовага суддзі Бычылы. Як Яўген распавёў пазней, пасля гутаркі са следчым, у якога, выглядала, падазрэнні наконт датычнасці журналіста да злачынства зніклі, яго затрымалі і накіравалі адбываць адміністрацыйны арышт, што быў прызначаны раней.
Пасля таго арышту Яўген Нікалаевіч з’ехаў з Беларусі. За мяжой працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай. На пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Калі дакладна гэта адбылося, невядома.