«Мы шакаваныя». Амбасады Вялікабрытаніі і Германіі занепакоеныя новай хваляй затрыманняў журналістаў у Беларусі
Колькасць вядомых фактаў затрыманняў медыйшчыкаў у Беларусі рэзка вырасла да 45 чалавек. Літаральна на мінулым тыдні стала вядома, што за кратамі аказаліся медыяспецыялісты яшчэ двух рэгіянальных выданняў.
«Мы шакаваныя арыштам 7 журналістаў цягам гэтага месяца, які стаў чарговым трагічным прыкладам падаўлення свабоды слова ў Беларусі. На гэты момант 45 супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца за кратамі. З’яўляючыся сябрам @MediaFreedomCoalition, мы ўважліва сочым за гэтым і патрабуем вызвалення несправядліва арыштаваных журналістаў». Такую заяву амбасада Германіі ў Мінску зрабіла літаральна некалькі гадзін таму.
Амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі выступіла з аналагічнай заявай і заклікала «вызваліць неабгрунтавана затрыманых журналістаў».
Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў у снежаньскай заяве заклікала беларускую ўладу «спыніць «паляванне на ведзьмаў» і ўжыванне «экстрэмісцкага» заканадаўства для падаўлення іншадумства» ды вызваліць журналістаў-палітвязняў і усіх палітзняволеных.
Згодна з нядаўнім даследваннем «Рэпарцэраў без межаў», Беларусь знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі. У дадзеным ганебным пераліку Беларусь адстае ўсяго ад трох краін: у Кітаі у турмах сядзяць 124 медыйшчыкі (у тым ліку 11 у Ганконгу), у М’янме — 61, ў Ізраілі — 41. Пасля новай хвалі арыштаў Беларусь з 45 затрыманымі медыйшчыкамі магла аказацца на трэцім месцы.
Сітуацыя са свабодай выказвання меркавання і незалежнымі СМІ ў Беларусі застаецца адной з горшых у свеце. У «Індэксе свабоды прэсы 2024» Беларусь займае 167‑е месца са 180. У параўнанні з папярэднім «Індэксам» Беларусь апусцілася яшчэ на 10 пазіцый.