МУС прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» медыяпраект «Позірк»
19 снежня ў пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дадалі медыяпраект «Позірк» — уласна інтэрнэт-партал і афіляваныя з ім акаўнты ў сацыяльных сетках і мэсанджарах.
Паводле звестак у «экстрэмісцкім» пераліку на сайце МУС, рашэнне «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне ягонай дзейнасці» было прынятае ведамствам 19 снежня і ў гэты ж дзень уступіла ў законную сілу.
У гэтым рашэнні згаданыя наступныя інтэрнэт-рэсурсы, праз якія нібыта здзяйснялася «экстрэмісцкая дзейнасць»:
- інтэрнэт-партал «Позірк» з ідэнтыфікатарамі https://pozirk.online або https://bpn-info.online;
- старонка у Facebook з назвай «Pozirk — Навіны пра Беларусь»;
- старонка ў X з назвай «Pozirk»;
- YouTube-канал з назвай «Позірк»;
- тelegram-канал з назвай «Pozirk. Навіны пра Беларусь»;
- TikTok-канал з назвай «pozirk_online»;
- старонка ў Instagram з назвай «pozirk_online»;
- акаўнт на Spotify з назвай «Позірк. Размовы пра Беларусь»;
- электронная пошта pozirk@pozirk.online.
У якасці групы грамадзян, якія здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» на згаданых рэсурсах, МУС пералічыў журналістаў Таццяну Каравянкову, Аляксандра Класкоўскага, юрыста Рамана Кісляка, аналітыкаў Пятра Рудкоўскага і Аляксандра Фрыдмана.
Таксама ў персанальным пераліку «экстрэмістаў» згадваецца «Агенцыя навінаў» (пад ранейшай назвай «Naviny.by» як складнік экстрэмісцкага фарміравання «Информационное агентство ЗАО «БелаПАН», якому быў нададзены «экстрэмісцкі» статус паводле рашэння КДБ ад 1 лістапада 2021 года).
«Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып медыяпраекта — «у выглядзе фона чырвонага колеру, у цэнтры якога — мастацкая выява чалавечага вока з упісанай літарай «П» белага колера ўнутры чорнага круга».