Ася Булыбенка: «Пасля вызвалення я не адчувала сябе вольнай»
Ася Булыбенка, фігурантка «справы студэнтаў», у фільме Свабоды «Скрадзеная маладосць», расказвае, як адседзела 30 сутак пасля 2,5 года ў турме і пасля гэтага з’ехала жыць у Літву. Цяпер яна жыве ў Вільні, працуе ў Беларускай асацыяцыі журналістаў і ў праекце «Вольныя паштоўкі».
Асі Булыбенцы 23 гады. Яна вучылася ў Беларускім нацыянальным унівэрсытэце на машынабудаўнічым факультэце. 12 лістапада 2020-га яе затрымалі па «справе студэнтаў». Асі прысудзілі два з паловай гады турмы. Яна цалкам адбыла тэрмін і вызвалілася 30 лістапада 2022 году.
«Пасьля вызваленьня я не адчувала сябе вольнай. Калі сабраць усё па крупіцах, па адчуваньнях, Беларусь — гэта вялікая турма», — кажа Ася.
На выезд зь Беларусі ў Асі стаяла забарона. Яна пачала пісаць скаргі ў розныя інстанцыі, каб зьняць забарону. Калі справа дайшла да суду, забарону зь яе зьнялі, але ў той жа дзень Асю зноў затрымалі, нібыта за хуліганства.
«Калі ў 2020‑м яны пішуць, што ты ўдзельнічаў у пратэстах, то ў 2023‑м яны маглі проста затрымаць цябе на вуліцы і напісаць, што ты хуліганка, якая мацярылася каля РУУС, хоць ты наогул там не была», — кажа Ася.
Яе пасадзілі на 15 сутак і потым дадалі яшчэ 15 сутак. Увесь гэты час яна правяла на Акрэсьціна.
«Калі пекла існуе, то гэта жыцьцё на Акрэсьціна», — узгадвае дзяўчына суткі.
Выяжджала Ася ў траўні 2023-га, адразу пасьля вызваленьня з Акрэсьціна. Села ў таксоўку, паехала на вакзал, пераапранулася ў прыбіральні.
«Села ў аўтобус і паехала ў Літву. Я была перакананая, што не даеду. Усю дарогу я ела, спрабавала наесьціся. Я думала, што мяне затрымаюць», — кажа Ася.
Але ў выніку перасекчы мяжу ўдалося. Ася Булыбенка — фігурантка справы студэнтаў. Цалкам яе гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».