Запрацаваў новы партал, на якім папулярызуюць беларускую гісторыю на трох мовах
Партал «Гісторыя Беларусі» створаны, каб перадаць праўдзівую гісторыю Беларусі і зрабіць яе даступнай для беларусаў і замежнай аўдыторыі — даследчыкаў, журналістаў і ўсіх зацікаўленых.
«З дапамогай інтэрактыўных элементаў, 3D-мадэляў, AI-пошуку і эксклюзіўнага кантэнту глядач можа пагрузіцца ў мінулае і адкрыць невядомыя старонкі гісторыі беларускай нацыі», — рэкламуюць новы праект у сацсетках.
Акрамя невялікіх артыкулаў з ілюстрацыямі на партале ёсць AI-асістэнт — гістарычны гід, які адказвае на пытанні па тэматыцы сайта. Ён падбірае зразумелую мову для дзяцей і дарослых, каб вывучэнне гісторыі было займальным і даступным для кожнага.
Можна задаць пытанне і ўказаць, для каго патрэбен кантэнт, напрыклад, для дзяцей — і атрымаць адаптаваную, лёгкую для ўспрымання інфармацыю.
Аўтарскія артыкулы напісаў вядомы беларускі гісторык. У іх раскрываюць тое, што не асвятляецца ў школьных падручніках. На партале 18 раздзелаў — ад Полацкага княства да заканчэння Другой сусветнай вайны.
Сярод ілюстрацый ёсць 3D-мадэлі — віртуальныя аб’ёмныя аб’екты, створаныя на аснове чарцяжоў і гістарычных даных. Напрыклад, можна ўбачыць, як выглядалі старажытныя замкі ці саборы, амаль як у рэальным жыцці.
Партал працуе на трох мовах — беларускай, англійскай і польскай.
Партал быў створаны дзякуючы падтрымцы беларусаў і беларусак у Польшчы праз дабрачынныя адлічэнні (1,5%) з падатковых дэкларацый у межах ініцыятывы «Будуй сваё» ад «Новай Беларусі», а таксама з дапамогай партнёраў FaniMani і Tutaka.
Летась 265+ беларусаў і беларусак Польшчы і Літвы сабралі каля 47 000 еўра. На іх у Вільні адкрылі бібліятэку, а ў Польшчы стварылі сайт па гісторыі Беларусі.
Далучыцца да «Будуй сваё» можна тут.