БАЖ падводзіць вынікі працы і жыцця ў 2024‑м
Напрыканцы года кіраўніцтва Беларускай арганізацыі журналістаў традыцыйна расказвае пра зробленае за год. А таксама акрэслівае праекты і ідэі на бліжэйшае будучае. 2025 год для аб’яднання асаблівы: БАЖ адзначыць сваё 30-годдзе.
Інфармацыйная і адвакацыйная дзейнасць
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падкрэслівае, што 2024‑ы стаў «годам супервыбараў»: прэзідэнцкія выбары ў ЗША, сфармаваны новы ўрад у Літве, а Грузія, на жаль, пасля парламенцкай кампаніі, падаецца, пайшла беларускім шляхам.
У 2024 годзе з праблемамі сутыкнуліся як беларускія медыі ў краіне і выгнанні, дык і замежныя СМІ, якія працавалі на Беларусь. Так, TVP ператварыла тэлеканал «Белсат» у адну з рэдакцый TVP World, з’явіліся фінансавыя праблемы ў «Радыё Ўнет». За падтрымкай да аўдыторыі звярталіся Reform.news, «Новы час» і шэраг іншых выданняў.
«Сітуацыя дастаткова цяжкая, але мы ў ёй жывём і робім усё залежнае ад нас, каб беларускі медыясектар захаваўся», — гаворыць старшыня.
Сама структура таксама працягвае працаваць у двух рэальнасцях: арганізацыя ліквідаваная ўладамі ў Беларусі, аднак БАЖ працягвае існаваць як паўнавартаснае журналісцкае аб’яднанне.
Спадар Бастунец зазначыў, што ў 2024 годзе інфармацыйны аддзел БАЖ стаў практычна паўнавартасным медыя: яго лічбы адпавядаюць паказчыкам многіх беларускіх СМІ за мяжой.
Арганізацыя аднавіла курс лідараў БАЖ. У ранейшым жыцці, у Беларусі, гэтая праграма ладзілася многія гады, але пасля рэлакацыі навучанне пачалося толькі сёлета. Першым выпускнікам ужо былі ўручаныя дыпломы.
Названыя пераможцы конкурсу «Вольнае слова-24»! Глядзім, каго віншаваць
Конкурс «Вольнае слова» выйшаў на новы ўзровень: ён другі год запар праводзіцца пад эгідай ЕФЖ. Як з усмешкай адзначалася падчас справаздачы, раней ледзь не пасля кожнага падвядзення вынікаў і журы, і арганізатары атрымлівалі па шапцы, маўляў, не таго і не за тое ўзнагародзілі. Аднак сёлета конкурс атрымаў толькі пазітыўныя водгукі, што можна лічыць адным з дасягненняў года.
І нарэшце, у 2024 годзе адбылася знакавая падзея: БАЖ, Прэс-клуб Беларусь і Free Press for Eastern Europe, стварылі кансорцыум, які будзе прасоўваць інтарэсы беларускіх медыяў, займацца іхняй адвакацыяй.
БАЖ заставаўся галоўнай крыніцай інфармацыі пра рэпрэсіі супраць медыясектара
Як расказвае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, адыходзячы год для інфармацыйнага аддзела распачаўся сапраўднымі «прыгодамі»: 3 студзеня ўлады канчаткова адабралі ранейшы беларускі дамен сайта БАЖ. У адказ на гэта каманда інфармацыйнага аддзела не толькі змяніла дамен, але і цалкам перазапусціла дызайн і рухавік сайта.
Самай папулярнай рубрыкай сайта застаюцца «Магчымасці» — падборка творчых прапаноў і працоўных вакансій.
У 2024 годзе, дзякуючы курсу лідараў БАЖ, нарадзіўся новы прект «МедыяНаватары». З нізкі тэкстаў можна даведацца, як беларускія незалежныя медыі шукаюць свае формы, зместы, мадэлі і тэхналогіі. Як ствараюць новыя праекты і прымаюць нестандартныя рашэнні. І, нягледзячы ні на што, развіваюцца. Гэта гісторыі пошуку і знаходак кожнай асобнай рэдакцыі і ўсяго беларускага медыясектрару разам.
БАЖ не толькі быў галоўнай крыніцай інфармацыі па рэпрэсіях і здарэннях у медыйнай супольнасці. Сёлета арганізацыя падтрымала каля 20 фінансавых збораў сродкаў – як для асобных журналістаў, так і для медыяў, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.
Безумоўна, нельга не адзначыць удзел дэлегацыі БАЖ у з’ездзе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ), які прайшоў у канцы траўня ў Прышціне (Косава). Пазней, у верасні, прэзідэнтка ЕФЖ Мая Север на запрашэнне БАЖ прыехала ў Вільню і сустрэлася з беларускімі журналістамі. Яна выказалася пра сваё бачанне сітуацыі з медыямі ў рэгіёне Усходняй Еўропы ва ўмовах крызісу і пра доўгі шлях да свабоды.
Важным дасягненнем года стала другая канферэнцыя «Жанчыны+медыя 2024», якая прайшла ў Вільні ў пачатку жніўня. Беларускія журналісткі, медыяменеджаркі і медыяменеджары, эксперткі, прадзюсары і блогеры сабраліся разам, каб абмеркаваць набалелае і падзяліцца дасягненнямі. БАЖ быў суарганізатарам мерапрыемства.
14 верасня каманда БАЖ прыняла ўдзел у футбольным турніры, які штогод у Друскеніках ладзяць партнёры БАЖ з Саюза журналістаў Літвы і Літоўскай федэрацыі спартовых журналістаў. Сёлета каманда БАЖ заняла 5 месца з 10 каманд. Па традыцыі, футбольны турнір стаў і акцыяй салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Заўважнай падзеяй года стаў шэраг нэтворкінгаў паміж НДА і беларускімі медыямі, вынікам якога стала серыя практычных напрацовак на тэму – як наладжваць стасункі паміж трэцім сектарам і медыйшчыкамі.
Спроба мінімізаваць рэпрэсіі супраць медыясупольнасці
Вынікі працы Прававога цэнтра падвёў ягоны кіраўнік, намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.
Сёлета Прававы цэнтр засяродзіўся на дапамозе і падтрымцы журналістаў, а таксама на мінімізацыі наступстваў рэпрэсій супраць медыясупольнасці.
Прававы цэнтр БАЖ распрацаваў праекты двух нарматыўных дакументаў: Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў і Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара. Як вядома, 10 верасня ў Вільні адбылася канферэнцыя «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», падчас якой прадстаўнікі многіх СМІ выказаліся за стварэнне органа самарэгулявання беларускага медыясектара.
Прававы цэнтр сёлета актыўна фіксаваў злачынствы беларускай прапаганды. Агулам задакументавана 17 кейсаў.
У 2024 годзе БАЖ тройчы выступаў у ролі медыятара: двойчы ў сітуацыях з нявыплатай заробкаў, у трэцім выпадку «разрульваў» няпростыя адносіны паміж дырэктарам і рэдактарам.
Адназначным поспехам стала рэгістрацыя справы «Андрэй Бастунец супраць Беларусі» ў Камітэце па правах чалавека ААН. Старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец падаў індывідуальнае паведамленне на дзеянні беларускіх уладаў яшчэ ў лютым 2023 года. Ён лічыць рашэнне аб ліквідацыі БАЖ парушэннем Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Чакаць гэтай падзеі давялося 2 гады, але нарэшце прыйшло пацверджанне, што справа зарэгістраваная. Рашэнне Камітэта па правах чалавека стане чарговым крокам на шляху да аднаўлення легальнай дзейнасці асацыяцыі ў Беларусі. На жаль, справа гэта вельмі няхуткая.
«Марафон салідарнасці» ахапіў 25 краін свету
На сённяшні дзень у беларускіх турмах знаходзяцца сама меней 45 супрацоўнікаў медыяў. Дабівацца вызвалення ўсіх беларускіх медыйшчыкаў і агулам палітвязняў — адна з галоўных задач БАЖ. І кампанія «Марафон салідарнасці» дазваляе трымаць праблему зняволеных журналістаў у міжнародным парадку дня.
А ўсё пачыналася 3 мая 2023 года, калі ў Вільні БАЖ супольна з Літоўскім саюзам журналістаў правялі акцыю салідарнасці. Сёлета «Марафон салідарнасці» набыў зусім іншы маштаб і ўзровень. 41 акцыя ў падтрымку зняволеных журналістаў прайшла ў 30 гарадах 25 краін свету.
Напачатку сакавіка ў арт-музеі шведскага Мальмё ў межах акцыі «Рэха жаночых галасоў» узгадалі і палітзняволеных журналістак Беларусі.
У Дзень Волі да Марафона салідарнасці БАЖ далучылася Іспанія. 25 сакавіка прадстаўнікі беларускай дыяспары выйшлі ў Барселоне на плошчу, трымаючы ў руках партрэты журналістаў, якія знаходзіліся ў турме.
У сярэдзіне красавіка ў Берліне прайшоў з’езд Міжнароднай асацыяцыі абароны свабоды слова IFEX, якая ўключае ў сябе больш за 80 арганізацый з 60 краін свету.
Падчас мерапрыемстваў у Берліне калегі з Афрыкі запатрабавалі неадкладнага вызвалення зняволеных журналістаў і журналістак у Беларусі. Акцыю салідарнасці таксама правялі прадстаўнікі арганізацый, якія абараняюць і прасоўваюць права на свабоду выказвання ў Лацінскай Амерыцы і ў Карыбскім басейне (IFEX-ALC).
3 траўня, у Міжнародны дзень свабоды прэсы, БАЖ і Саюз журналістаў Літвы правялі ў Лукішскай турме ў Вільні ўжо традыцыйную акцыю вызвалення беларускіх палітзняволеных медыйшчыкаў.
24 траўня ў Прышціне адбыўся з’езд Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Лідары і прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў і асацыяцый рэгіёна прынялі ўдзел у акцыі салідарнасці з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі медыяў у беларускіх турмах і ўкраінскімі журналістамі ў расійскім палоне.
А ў канцы кастрычніка «Марафон салідарнасці» зладзілі ў буйнейшых гарадах Італіі.
«Мы разумеем, што не так проста дасягнуць поспеху і дамагчыся хуткага вызвалення беларускіх журналістаў.
Але для нас крытычна важна, каб пра нашых зняволеных калег не забывалі, каб беларускае грамадства і міжнародная супольнасць памятала, што яны сядзяць у турмах за свабоду выказвання. Мы спадзяемся, што супольныя высілкі дадуць плён, што прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў іншых краін будуць размаўляць са сваімі ўрадамі, каб тыя аказалі ціск на беларускую ўладу з мэтай вызвалення зняволеных журналістаў.
Таму мы працягнем нагадваць пра трагічную сітуацыю ў цэнтры Еўропы», — падкрэсліваў Андрэй Бастунец.
«Журфак па суботах» стане кузніцай новых журналістаў
Сёлета праз адукацыйныя праграмы БАЖ прайшлі 534 удзельнікі: медыйшчыкі, блогеры, юрысты, рэдактары, менеджары, прадстаўнікі НДА.
Адукацыйныя праекты пашырыліся на новую аўдыторыю — трэці сектар і грамадскіх актывістаў. Вучоба праходзіла ў фармаце афлайн-трэнінгаў, анлайн-курсаў, навучальных марафонаў, ментарскай падтрымкі, гібрыдных праграмаў.
Найбольш запатрабавальнымі сферамі павышэння кваліфікацыі сталі праектны медыяменеджмент, стварэнне і прасоўванне кантэнту на сацыяльных платформах, школа лідараў, медыядызайн, стварэнне і раскрутка новых медыяў, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў працы рэдакцыі і журналістаў.
Значную ўвагу адукацыйны аддзел надаваў выкрыццю прапаганды і дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў і ўвогуле выпрацоўцы антыпрапагандысцкай стратэгіі медыяў.
Адукайцыйны аддзел канстатаваў змену трэндаў: на змену вебінарам прыходзяць афлайн-трэнінгі і доўгатэрміновае навучанне. У медыясупольнасці расце канкурэнцыя, адпаведна, павялічваецца і запыт на прафесійных журналістаў.
На жаль, медыям у выгнанні не хапае ўніверсальных журналістаў. На падрыхтоўку новых кадраў самастойна рэдакцыям не стае ні часу, ні сродкаў.
Таму галоўнай навінкай 2025 года стане доўгатэрміновая навучальная праграмма «Журфак па суботах», якая будзе складацца з трох этапаў: для пачаткоўцаў, для тых, хто ўжо працуе ў медыях, але жадае пашырыць свае кампетэнцыі, а таксама спецыялізацыя для тых, хто хацеў бы атрымаць паглыбленыя веды і навыкі па вызначанай спецыяльнасці.
Першы этап «Журфака» стартуе ў сакавіку 2025 года. Навучанне адначасова пачнецца афлайн у Варшаве і Вільні, па адзінай праграме, фокус — на атрыманне сучасных ведаў і інтэграцыю з рэдакцыямі.
«Журфак па суботах» арганізуецца ў межах сумеснага праекту «Кааліцыя за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт» (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for Eastern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Прэс-клубам Беларусь пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай камісіі.
Пакуль беларускі рэжым гадуе прапагандыстаў ды ладзіць сумнеўныя рэаліці-шоў для блогераў, медыясупольнасць арганізуе падрыхтоўку прафесійных медыйшчыкаў.