Кніжны відэаблогер Макар Валынкін нарадзіўся ў Менску ў 2000‑м. У 2017‑м паехаў на вучобу ў Варшаву, але праз год вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся ў Беларускім унівэрсытэце культуры і мастацтваў, працаваў ў Менску ў рэклямным бізнэсе. У Польшчу зноў пераехаў у сакавіку 2022-га, калі пачалося ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
Бегае паўмаратоны, займаўся хакеем, малюе, цікавіцца кавай — заняў 3‑е месца ў Coffee Fest Belarus EXPO ў 19-гадовым узросьце.
Зь вясны 2022 года жыве ў Варшаве, працуе ў рэкляме і выдае відэаблогі пра беларускія кніжныя навінкі.
«Вёска — каханьне — вайна»
Беларускай літаратурай Макар Валынкін захапіўся таксама ў 19. Тады ж вырашыў пачаць размаўляць па-беларуску.
«Калі шчыра, я вельмі мала чытаў у школе. Трэба было высілкі рабіць, каб прачытаць кнігу. У канцы 2019 году я вырашыў размаўляць выключна па-беларуску. Прынцыпова. Выявілася, што я ўсё разумею, як той сабака, але мне вельмі бракуе словаў. Мог хадзіць па Менску зь сябрамі цэлы дзень і вымавіць толькі тры словы па-беларуску: „цікава“, „дзіўна“ і „дзякуй“. Мне не хапала запасу словаў і досьведу, як яны спалучаюцца, як будаваць сказ, каб мозг запрацаваў на беларускай мове. Пачаў шмат чытаць. Дзякуючы кнігам я падцягнуў мову даволі хутка, за паўгода», — прызнаецца Макар.
Спачатку прачытаў кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд», якая тады выйшла па-беларуску. Потым быў пераклад на беларускую Гары Потэра.
«Я зразумеў, што хачу чытаць менавіта сучасную беларускую літаратуру. Бо ў мяне была школьная траўма: „вёска — каханьне — вайна“. Неяк выкладчыца ва ўнівэры ў нас запыталася, каго з беларускіх пісьменьнікаў мы ведаем. Я назваў Алексіевіч. Яна запярэчыла, што гэта не зусім сучасная беларуская літаратура. Вось Віктар Марціновіч — сучасная. Згадала яшчэ Бахарэвіча», — успамінае блогер.
У 2019‑м Макар прачытаў «Ноч», «Сфагнум», «Мову» Віктара Марціновіча. Летам 2020-га ўжо чытаў «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча. А далей — усё, што траплялася на вока, што мог знайсьці ў менскіх кнігарнях. Прызнаецца, што яму вельмі спадабаўся Андрэй Горват: «Радыё Прудок» праглынуў вельмі хутка і дагэтуль перачытвае. Ужо ў Варшаве прачытаў усе кнігі Сашы Філіпенкі, вельмі ўразіў «Былы сын». Закранула кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?».
«Час пустазельля» Ганны Янкуты — мая ўлюбёная кніжка пра тое, што з намі цяпер адбываецца, рэфлексія на тое, як мы жывём у эміграцыі. «Сабакі Эўропы» Бахарэвіча раю ўсім прачытаць. Але наскокам гэтыю кнігу ня возьмеш, трэба падрыхтавацца, падумаць дзесяць разоў перад тым, як пачынаць чытаць. Таксама добрыя кніжкі «Локісаў» Артура Клінава, «Я прыду за табой у аўгусьце» Камілы Цень«, — Макар пералічвае тое, што яго ўразіла.
Паралельна ён сочыць і за кніжным рынкам у Беларусі, цікавіцца, што там увогуле выдаюць.
«Выдавецтва „Папуры“ добрую справу робіць: сёлета выдалі дзьве кнігі Рэмарка, таксама яны перавыдаюць клясыку зь вельмі прыгожымі малюнкамі — „Новую зямлю“ Коласа, „Шляхціца Завальню“ Баршчэўскага. Радуе, што і там ёсьць што пачытаць», — зазначае кніжны блогер.
«Залатое» Кучмель — шэдэўр паліграфіі»
Сам Макар «спажывае» два кніжныя фарматы: папяровыя і аўдыёкнігі. Яму вельмі падабаецца, як кнігі выглядаюць у інтэр’еры, яны надаюць утульнасьць. Да электронных не дайшоў. Кажа, што гэта не ягоны фармат.
«Папяровыя кнігі хочацца пагартаць, памацаць і нават панюхаць — яны пахнуць фарбай, сам працэс чароўны. Бачыў у кнігарні „Кнігаўка“ ў Варшаве фантастычнае выданьне зборніка вершаў „Залатое“ Наталкі Кучмель — гэта проста шэдэўр паліграфіі, аздоблены залатой фольгой. (Кнігу вершаў „Залатое“ выдала жаночае выдавецтва „Пфляўмбаўм“ у Вільні.)
Але я шмат слухаю і аўдыёкніг — гэта вельмі зручна, калі ты рухаесься, ідзеш, едзеш. Сёлета ў мяне дзесьці 50 на 50: што я чытаю і што слухаю», — кажа Макар.
Макар чытаў шмат пэрыёдыкі па-ангельску. Яго ўразіла, што ў кожнай газэце, часопісе ёсьць кніжны разьдзел — пра навінкі, а таксама водгукі, рэцэнзіі, крытыка. Яму хацелася б гэта бачыць і ў беларускай прасторы.
«Але гэтага не было. Зрэдку зьяўляўся водгук на новую кніжку Бахарэвіча. Але не адзін жа Бахарэвіч выходзіць! Мне хацелася б запоўніць гэтую прастору. Пісаць рэцэнзіі — журналісцкіх ведаў у мяне няма. Я вырашыў у такім сучасным відэафармаце расказваць, што новага выйшла, што я чытаю, на каго зьвярнуць увагу. Я пачаў весьці свой кніжны блог», — распавядае ён.
Зьявілася і зваротная сувязь з гледачамі. Макар кажа, што яму прысылаюць шмат водгукаў, заўваг, падкідваюць ідэі, пра што яшчэ расказаць.
«Дзеля такога я і раблю гэта — каб людзі пачалі абмяркоўваць. У мяне было відэа пра топ-кніжак, якія мне не спадабалася. І я быў вельмі рады, што спрацоўвала рэкляма ад адваротнага. Калі ты пачынаеш казаць, што табе не падабаецца, але робіш гэта аргумэнтавана, а ня проста, што „гэта г***о“, прыемна, калі людзі пішуць камэнты. Усьведамляеш, што робіш гэта не для сябе і сяброў, а выходзіш на шырокую аўдыторыю», — дзеліцца Макар.
Не спадабаўся Макару пераклад «Дракулы» Брэма Стокера, а таксама «Круглая Square» Вала Клемэта.
«Я ўпершыню сутыкнуўся з тым, што пераклад можа быць настолькі дрэнным, што яго немагчыма чытаць, зь цяжкасьцю прадзіраўся праз кожны сказ, калі словы не складаюцца ў сказы, сказы не складаюцца ў абзацы. Другая кніжка „Круглая Square“ расказвае пра „залатое пакаленьне“ савецкіх часоў у Менску. Не зусім мая тэма, можа, ня ў той час мне гэта кніга трапіла», — прызнаецца кніжны блогер.
Карціны ў чырвона-чорных колерах
Макар вучыўся ў 41‑й менскай школе з мастацкім ухілам. У яго творчая сям’я, заўсёды ён знаходзіўся ў атачэньні творчых людзей. Рана пачаў маляваць. Выстаўляўся ў сталічных галерэях.
«Рэфлексія — калі назапашваеш эмоцыі, а яны потым выплюхваюцца на палатно. У мяне даволі абстрактныя малюнкі. Калі цяжкі дзень ці, наадварот, добры, ёсьць куды гэтыя эмоцыі выплюхнуць. Так было са мной у 2020 годзе: я маляваў карціны ў чырвона-чорных колерах», — прызнаецца Макар.
У 17 гадоў паехаў вучыцца ў Польшчу, дзе ўдасканальваў ангельскую, вывучаў матэматыку. У Варшаве шмат часу бавіў у кавярнях, прыглядаўся да працы барыста.
«Яны мне расказалі, што праводзяцца кававыя чэмпіянаты — для мяне гэта было адкрыцьцём, нават шокам: як можна спаборнічаць у напоях? Калі вярнуўся ў Менск у 2018 годзе, высьветлілася, што і ў Беларусі гэтая культура ёсьць. Кававая культура пэўны час была маім хобі.
Цяпер, праўда, гэта адышло ўжо на трэці-чацьвёрты плян, бо на ўсё не стае часу. У 2019 годзе браў удзел у чэмпіянаце Беларусі, заняў 3‑е месца. Мяне назвалі „прарывам году“, бо я быў невядомым у кававай тусоўцы. Ніхто пра мяне ня ведаў, а я „адчыніў нагой дзьверы“ і адразу заняў 3‑е месца», — успамінае блогер.
І дадае, што першы досьвед эміграцыі быў для яго вельмі цяжкі — яму было 17, усё дзяцінства пражыў у адным горадзе з бацькамі, і тут апынуўся ў чужой краіне — ні сяброў, ні сям’і. Было цяжка. І ня вытрымаў — праз год вярнуўся на радзіму. Другі раз эміграваў у сакавіку 2022-га.
«Выбіраць не даводзілася. Пачалася вайна ва Ўкраіне, і я паехаў зь Беларусі. Былі ўжо сябры, знаёмыя, з кім можна схадзіць на каву. Горад знаёмы, шмат беларусаў. Я стаў больш дарослым. Да таго ж пераехаў я вясной, калі ўсё прыгожа», — дадае суразмоўца.
«Паказаць, чым жывуць людзі ў Менску»
У канцы сьнежня ў Макара Валынкіна выйдзе першая кніга, якую ён напісаў летась. Ідэя нарадзілася сьпякотным летам 2023 году, калі хлопец зь сябрамі разважалі пра глябальнае пацяпленьне, пра тое, што адбываецца ў сьвеце.
«У нейкі момант я прамовіў фразу „Апошняе пакаленьне“. Яна прасякнула мяне, як маланка. Я вырашыў напісаць кнігу з такой назвай. Тады яшчэ не разумеў, пра што яна. Назва нарадзілася раней за кнігу», — успамінае кніжны блогер.
У верасьні паехаў у Вільню, пайшоў у сваю ўлюбёную кавярню, зь якой адкрываецца вельмі прыгожы від на горад. Там жа пачаў пісаць.
«Дзеяньне адбываецца ў 2024 годзе ў Менску. У кнізе 4 галоўныя героі. Адна гераіня — шчырая „змагарка“, другі заняты сваімі праблемамі, нічога ня хоча чуць пра палітыку і вайну. Трэці таксама нібыта апалітычны, але папраўдзе ўсё ведае і разумеее.
Я хацеў паказаць, чым цяпер людзі жывуць у Менску. Ёсьць адчуваньне заміраньня, балянсаваньня паміж раем і пеклам. Кожны выбірае свой шлях…» — Макар ня хоча выдаваць усе інтрыгі кнігі.
Кніга Макара Валынкіна «Апошняе пакаленьне» выйдзе ў канцы 2024 году ў варшаўскім выдавецтве «Янушкевіч».