У Мінску будуць судзіць стваральніцу тэлеграм-канала «ШапитоДичь»
У Мінску жанчыну будуць судзіць за стварэнне тэлеграм-канала «ШапитоДичь», піша «Вясна». Меркавана, гэта стаматалагіня з Віцебску Алена Елькіна.
У Мінскім гарадскім судзе 28 студзеня пачнецца суд над Аленай Елькінай. Яе вінавацяць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (частка 1 артыкула 361–1 КК) і «закліку да санкцый» (частка 3 артыкула 361 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Алена Ананіч.
4 ліпеня 2024 года КДБ прызнаў тэлеграм-канал «ШапитоДичь» «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле ведамства, дачыненне да яго маюць 33-гадовая Алена Елькіна і 24-гадовы Станіслаў Подаў.
Праз пошук гэтая суполка не знаходзіцца, адзначае «Вясна».
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць с дадзенымі стаматалагіні з Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024 года.