• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лемантар штодзённых тэрмінаў: Як блогер Васіль Ядчанка беларусізуе прафесіі

    Васіль Ядчанка распачаў спецпраект «Мова ў працы»: гэта кароткія відэаролікі, у якіх папулярызуецца прафесійная лексіка рабочых прафесій. Дзе аўтар бярэ прафесійную лексіку і як падпісчыкі рэагуюць на аўтарскую беларусізацыю? БАЖ пагутарыў з блогерам. 

    Кацярына Гардзеева і Васіль Ядчанка на здымках праекта «Мова ў працы»

    «Існуе шмат спецыфічных беларускіх слоўнікаў»

    — Пачнем з простага: адкуль узялася ідэя?

    — Яна ляжала на паверхні. Ва ўсіх сваіх відэа я час ад часу згадваў словы, якія ўласцівыя той ці іншай прафесіі. Таму ўзнікла думка, а чаму б не зрабіць асобны спецпраект, калі хочаце, лемантар па розных прафесіях, які б уключаў у сябе спецыфічныя словы, дыялогі і гэтак далей.

    — Мовазнаўцаў прыцягваеце да свайго праекту?

    — Я кансультуюся: у Face­book ёсць многа моўных групаў, у якіх прысутнічаюць спецыялісты. Калі ўзнікае патрэба, я скідваю ў групу слова ці паняцце — і адразу атрымліваю шмат дапамогі і парад.

    Ведаеце, насамрэч існуе шмат спецыфічных беларускіх слоўнікаў: ёсць асобны медычны беларуска-расійскі слоўнік, ёсць фізічны слоўнік, хімічны. Я нават знайшоў дапаможнік па справаводству на беларускай мове, які выдаваўся ў 90‑я гады. На самой справе мовазнаўчай літаратуры шмат — трэба проста шукаць.

    — На каго ваш праект найперш скіраваны?

    — Ён разлічаны на працоўную моладзь, прадстаўнікоў рабочых прафесій ва ўзросце ад 18 да 40–45 гадоў (гэта таксама моладзь, галоўнае — сэрцам не старэць) і з акцэнтам на жыхароў абласных гарадоў і раённых цэнтраў.

    — Чаму вы робіце такі рэгіянальны акцэнт?

    — Як ні круці, але працоўных прадпрыемстваў больш у рэгіёнах, мне здаецца. Нам бракуе таргету менавіта на такую аўдыторыю, якая робіць вельмі важную працу. Вы звярталі ўвагу, пра якія прафесіі найбольш пішуць медыі ў Беларусі? Мне адразу згадваюцца айцішнікі. Але давайце паглядзім, хто насамрэч стварае матэрыяльныя даброты ў Беларусі.

    Кацярына Гардзеева і Васіль Ядчанка на здымках праекта «Мова ў працы»

    — Дарэчы, айцішнікі атрымаюць свой выпуск спецпраекта? 

    — Пакуль ён не прадугледжаны. Я з задавальненнем зрабіў бы выпуск пра айцішнікаў. Але хочацца, каб ён быў прыгожым, а для гэтага патрэбна паздымаць у офісе. Вось калі нехта з беларускіх айцішнікаў у Варшаве пагодзіцца даць офіс для здымкаў, мы з задавальненнем знялі б, і нават не адзін, а і тры, і пяць выпускаў.

    Ёсць прафесіі, якія ніяк не ўціснуць у адно відэа: так мы рабілі з афіцыянткай, з электрыняй, а таксама з маляром, тынкоўшчыкам і цесляром. Колькасць спецыфічнай лексікі такая вялікая, што па кожнай са сфер можна рабіць па тры, а то і больш відэа.

    «Мы хочам змяніць стэрэатыпы пра рабочых»

    — Спецыфіка працы часцяком прадугледжвае ўжыванне ненарматыўнай лексікі. Не думалі заняцца вывучэннем прафесійнай нецэнзуршчыны?

    — Нават у планах не было. Мы хочам змяніць стэрэатыпы пра рабочых, і паказаць павагу да іх справы. Існуе беларускі стэрэатып: будзеш дрэнна вучыцца — пойдзеш на завод гайкі круціць. Мне здаецца важным паказаць змяненне стаўлення да рабочых прафесій і падтрымаць нацыянальную ідэнтычнасць праз павагу да людзей. І павагу людзей да самых сябе, якія праз сваю прафесію дабіваюцца нацыянальнай адметнасці.

    Калі пачынаеш разбірацца, то рабочым не патрэбныя ніякія маты, бо прафесійная лексіка часам гучыць больш жорстка, чым нецэнзурная лексіка. «Жлукта», «кубел», «цабэрак» — навошта цесляру мацюкацца, калі ў ягоным лексіконе ёсць такія словы?

    Жлукта — пасудзіна для запарвання бялізны, выдзеўбаная ў форме кадушкі з драўлянай калоды, жлукта ў пераносным сэнсе – пра чалавека, які многа п’е, выпівоха. Кубел — кадка з вечкам. Цабэрак — невялікая пасудзіна для вадкасцяў з выступамі з адтулінамі для пераноскі.

    — Творчы тандэм з Кацярынай Гардзеевай створаны толькі на праект «Мова ў працы», ці вы разглядалі перспектывы і далейшага супарцоўніцтва?

    — Дзіўныя павароты лёсу. З Кацярынай, як аказалася, у адзін і той жа час мы жылі і ў Кіеве, і ў Грузіі, і ў Літве, але не былі знаёмыя асабіста. Пазнаёміліся мы толькі ў Варшаве, калі пачалі разам працаваць.

    Кацярына Гардзеева і Васіль Ядчанка на здымках праекта «Мова ў працы»

    Пакуль яна з’яўляецца сувядучай толькі ў праекце «Мова ў працы», але Кацярына — вельмі добрая актрыса і можа дапамагчы з ідэямі падчас здымак, цудоўна падбірае адзенне для герояў. Таму мне вельмі хацелася б працягваць супрацоўніцтва з ёй.

    — Ці атрымліваеце вы зваротную сувязь ад аўдыторыі, да якой скіраваны праект?

    — Зваротная сувязь мне вельмі падабаецца. Я нават рабіў скрыны каментароў. Людзі дзякуюць за карысную лексіку, за  выдатны кантэнт, пішуць, што ім неверагодна цікава. Безумоўна, ёсць і заўвагі, пераважна тэхнічнага характару.  

    У дадатак да ўсяго я намагаюся пакідаць у кожным відэа «пасхалкі»: нешта такое, што можна трактаваць і так, і гэтак. Ужываю такую сацсеткавую фішку, каб справакаваць каментары, раблю тэсты на ўважлівасць. Для мяне самога вельмі цікава, калі прафесіяналы не толькі рэагуюць на мае шарады, але і глядзяць яшчэ глыбей.

    Пра праект

    «Мова ў працы» — частка агульнага блога «Мова ад Васіля». Таму відэаролікі публікуюцца на пляцоўках блога «Мова ад Васіля»: у Insta­gramTik­TokYouTubeFace­bookX i Threads.

    Мільёны праглядаў і тысячы каментароў: як беларускі журналіст папулярызуе родную мову праз Цік-Ток

    Запланаваныя 25 кароткіх відэа на беларускай мове. Кожны эпізод прысвечаны пэўнай прафесіі, з уключэннем ключавых тэрмінаў і слоў, звязаных з гэтай спецыяльнасцю.

    Па сцвярджэнні спадара Ядчанкі, летась агульныя ахопы відэаблога «Мова ад Васіля» ахапілі 26,16% усіх жыхароў Беларусі, якія карыстаюцца iнтэрнэтам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці