• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На радыё сказалі, што сталіцу атакавалі іншапланетнікі. Тысячы жыхароў паверылі, і ўсё скончылася трагічна

    Аднойчы тысячы эквадорцаў, якія наладзілі свае радыёпрыёмнікі на хвалю сталічнага «Радыё Кіта», пачулі з іх паведамленне, што пачаўся канец свету. «Зеркало» расказвае, як спроба радыёстанцыі зрабіць захапляльнае шоу прывяла да сапраўднай трагедыі.

    Ілюстрацыя да рамана Герберта Уэлса «Вайна сусветаў»

    Мінаносец «Сын грому» змагаецца з баявой машынай марсіянаў. Ілюстрацыя да рамана Герберта Уэлса «Вайна сусветаў» з выдання 1906 года, аўтар — Энрыке Алвім Карэа. Крыніца: commons.wikimedia.org

    У эфіры міністр унутраных справаў заклікаў грамадзян не хвалявацца, мэр Кіта абвяшчаў пра набор добраахвотнікаў для абароны сталіцы, а святар маліўся пра чароўнае выратаванне. Апакаліптычны рэпартаж пра ўварванне марсіянаў у Эквадор увянчаўся перадсмяротным крыкам дыктара, які загінуў ад прамянёвай зброі іншапланетных агрэсараў. Трансляцыя была настолькі пераканаўчай, што Кіта і наваколлі ахапіла сапраўдная паніка, якая прывяла да гібелі, паводле розных ацэнак, ад шасці да дваццаці чалавек. 

    Паніка, якой не было

    Магчыма, вы чулі «гарадскую легенду» пра падзеі ў ЗША падчас радыёшоу Орсана Уэлса паводле рамана яго цёзкі Герберта Уэлса «Вайна сусветаў» у 1938 годзе. Для трансляцыі ў ноч перад Хэлаўінам амерыканец адаптаваў брытанскі раман, замяніўшы англійскія гарады на амерыканскія, і «ажывіў» яго, падаючы слухачам у форме радыёрэпартажаў з месцаў падзей і дакладаў ад амерыканскіх вайскоўцаў.

    Паводле асноўнай версіі гэтай легенды, пасля паведамленняў пра захоп марсіянамі горада Гроверс-Міл у штаце Нью-Джэрсі і высоўванне іншапланетнікаў у бок Нью-Ёрка рэгіён ахапіла страшная паніка. Натоўпы перапалоханых грамадзян нібыта запоўнілі вуліцы амерыканскіх гарадоў, каб убачыць на свае вочы бітву супраць прыхадняў. У страху перад уварваннем касмічных захопнікаў некаторыя людзі нібыта нават выскоквалі з вокнаў шматпавярховых будынкаў; у многіх здарыліся нервовыя зрывы.

    Маштабы гэтых падзей, мяркуючы з захаваных дакументаў, моцна перабольшаныя. Фірма CE Hop­per Com­pa­ny, якая займаецца даследаваннем рэйтынгаў радыёстанцый, праводзіла ў той вечар тэлефоннае апытанне пяці тысяч амерыканскіх хатніх гаспадарак пра тое, якую праграму яны слухаюць. Большасць апытаных слухала вельмі папулярнае ў той час камедыйнае вар’етэ-шоу Chase and San­born Hour, і толькі 2 працэнты аўдыторыі наладзілі свае прыёмнікі на «Вайну сусветаў». Акрамя таго, радыёсетка CBS, якая вяла трансляцыю гэтай пастаноўкі, настаяла, каб у пачатку шоу, а таксама на 40‑й і 55‑й хвіліне дыктары зачыталі паведамленні пра тое, што гэта выдуманыя падзеі.

    Нешта аддалена падобнае да панікі адбылося толькі ў тым самым мястэчку Гроверс-Міл, «захопленым» марсіянамі. Паводле радыёпастаноўкі, іншапланетнікі ператварылі мясцовую воданапорную вежу ў «гіганцкую марсіянскую ваенную машыну». Некаторыя жыхары Гроверс-Міла ўспрынялі гэтыя словы сур’ёзна — але замест таго, каб кідацца з вокнаў ці паддавацца прыступам панічных атак, узброіліся драбавікамі і здзіравілі воданапорную вежу карцеччу.

    Памятны знак у гонар радыёпастаноўкі Орсана Уэлса

    «Месца высадкі марсіянаў 30 кастрычніка 1938 года». Памятны знак у мястэчку Гроверс-Міл у гонар радыёпастаноўкі Орсана Уэлса. Фота: ZeWrestler, Pub­lic Domain, commons.wikimedia.org

    Міф пра масавую паніку ў ЗША падчас радыёпастаноўкі Уэлса з’явіўся шмат у чым дзякуючы газетным рэпартажам. Незвычайная навінавая нагода падштурхнула многіх журналістаў да кідкіх загалоўкаў. На першай старонцы The New York Times быў апублікаваны артыкул «Радыёслухачы запанікавалі, прыняўшы ваенную драму як факт». Chica­go Her­ald and Exam­in­er пісалі, што «Радыёфэйк напалохаў нацыю». А San Fran­cis­co Chron­i­cle сцвярджала, што «ЗША тэрарызуюць марсіяне на радыё».

    Яшчэ адзін магчымы матыў гэтай «інфармацыйнай атакі» на радыёпастаноўку быў раскрыты ў тагачасным артыкуле «Тэрор праз радыё» ў The New York Times. Аўтар гэтага тэксту наўпрост асуджаў адносна новы сродак масавай інфармацыі — радыё, якое станавілася ў той час сур’ёзным канкурэнтам для газет. У перыяд Вялікай дэпрэсіі радыёстанцыі літаральна «выпампавалі» рэкламныя даходы з газетнай індустрыі. Цалкам магчыма, што газеты скарысталіся пастаноўкай Уэлса, каб дыскрэдытаваць радыё як крыніцу дакладных навін.

    Але нават на палосах амерыканскіх газет гэтая гісторыя пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Затое яе з гатоўнасцю падхапілі тагачасныя крытыкі ЗША. У прыватнасці, лідар нацысцкай Германіі Адольф Гітлер выкарыстаў тэзіс пра нібыта паніку ад радыёпастаноўкі як «сведчанне заняпаду і карумпаванага стану дэмакратыі».

    Зрэшты, было б памылкай недаацэньваць здольнасць нядобрасумленных СМІ да стварэння рэальных панічных настрояў. Праз гады эксперымент Орсана Уэлса паўтарыла радыёстанцыя ў іншай амерыканскай краіне — і гэтым разам без папярэджання, што гаворка ідзе пра выдуманыя падзеі. Наступствы аказаліся жудаснымі.

    «Вайна сусветаў» па-эквадорску

    У пачатку 1949 года праграмны дырэктар сталічнага «Радыё Кіта» ў Эквадоры Леанарда Паэс і рэжысёр Эдуарда Алькарас ламалі галовы над тым, як падняць папулярнасць сваёй радыёстанцыі. Гэтае СМІ мела нядрэнную рэпутацыю і шанавалася слухачамі як крыніца дакладных навін. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе «Радыё Кіта» паведаміла сваім слухачам пра чатыры зрынанні прэзідэнтаў у Эквадоры, пачатак Другой сусветнай вайны і пра перуанскае ўварванне 1942 года. Эквадорцы давяралі «Радыё Кіта» і сур’ёзна ставіліся да яго паведамленняў.

    Разважаючы над павелічэннем рэйтынгу, Паэс і Алькарас натыкнуліся на згадку пра рэзанансную перадачу Уэлса 11-гадовай даўніны. Ідэя падалася ім удалай. Натхніўшыся прыкладам з ЗША, яны вырашылі выпусціць уласную версію «Вайны сусветаў», лакалізаваную пад эквадорскія рэаліі.

    Гістарычны цэнтр сталіцы Эквадора — горада Кіта

    Гістарычны цэнтр сталіцы Эквадора — горада Кіта. 10 кастрычніка 2017 года. Фота: David Adam Kess, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

    Крэатыўныя эквадорцы не спалохаліся грабляў, якія ўжо ўдарылі па іх амерыканскім калегах. Больш за тое — скокнулі на гэтыя граблі з разбегу.

    Пастаноўка Орсана Уэлса ў ЗША была запланаваная і апублікаваная ў праграме перадач у газетах, таму ўважлівы радыёслухач быў да яе гатовы. А вось эквадорская «Вайна сусветаў» пачалася як экстраннае паведамленне, якое 12 лютага каля 21 гадзіны без якога-кольвек папярэджання «ўклінілася» ў традыцыйную вечаровую музычную праграму. Пасля раптоўных словаў «Тэрміновая навіна!» проста ў сярэдзіне эквадорскай народнай песні ашаломленыя слухачы «Радыё Кіта» даведаліся, што над Галапагоскімі астравамі ў атмасферу Зямлі зайшоў касмічны апарат, а потым прыкладна за 30 кіламетраў ад Кіта высадзіліся ўзброеныя марсіяне.

    Гэтак жа, як Уэлс з яго камандай, Паэс і Алькарас зрабілі стаўку на рэалістычнае апісанне іншапланетнага ўварвання. Яны выкарыстоўвалі рэальныя назвы геаграфічных аб’ектаў у Эквадоры і імёны сапраўдных людзей. Пунктам першапачатковай высадкі іншапланетнікаў яны прызначылі наваколлі мястэчка Латакунга на поўдзень ад Кіта, якое марсіяне нібыта адразу знішчылі. Для большай праўдападобнасці Паэс прыдумаў некалькі самаробных гукавых эфектаў, якія імітавалі, апроч іншага, гукі зброі марсіянаў.

    Потым «экстранны выпуск навін» паведаміў жыхарам Кіта, што прыхадні рухаюцца на іх горад у выглядзе вялізнага воблака. У гэты момант самыя даверлівыя з гараджан павалілі на вуліцы і ўбачылі над гарызонтам звычайныя аблокі. Распаленае рэалістычнай пастаноўкай уяўленне неадкладна ператварыла іх у тыя самыя іншапланетныя, пра якія расказвала «Радыё Кіта».

    Тым часам дыктары перадавалі, што марсіяне-нападнікі ўжо змялі авіябазу эквадорскіх ВПС Марсіяль Сукрэ. Проста з месца падзей рэпарцёр з надрывам паведамляў пра мноства загінулых і параненых. Рэалізму трансляцыі надавалі акторы, якія падыходзілі да мікрафона, прадстаўляючыся вядомымі дзяржслужбоўцамі. Спачатку «міністр унутраных справаў» заклікаў грамадзян захоўваць спакой, каб дапамагчы арганізаваць абарону і эвакуацыю горада. Потым з заклікам выступіў «мэр» сталіцы: «Жыхары Кіта, давайце абаронім наш горад. Нашыя жанчыны і дзеці павінныя пайсці на навакольныя ўзвышшы, каб даць мужчынам свабоду дзеянняў і магчымасць змагацца». Потым ля мікрафона апынуўся «святар», які маліўся пра божую ласку, пакуль на заднім плане гучаў запіс царкоўных званоў.

    Занадта пераканаўча

    Малітву перапыніў Леанарда Паэс, які нібыта залез на самы высокі будынак Кіта. Ён расказаў, што бачыць нейкую ахутаную агнём і дымам пачвару, якая набліжаецца да горада. Разнастайнасці эфіру надавалі і тэлефонныя званкі ад «напалоханых жыхароў» найбліжэйшай вёскі Катакальяа, якая ўжо «зазнала напад».

    Вуліца Авеніда Венесуэла ў сталіцы Эквадора Кіта

    Вуліца Авеніда Венесуэла ў сталіцы Эквадора Кіта. 2 красавіка 2010 года. Фота: Cayambe, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

    Паэс апісваў жахлівую баявую машыну іншапланетнікаў у выглядзе высокай металічнай канструкцыі. З машыны з’явілася «рука», якая выпускала вадкасць, што растварала пабудовы, трапляючы на іх. Потым машына «ўбачыла» Леанарда. Ён вымавіў: «Плынь святла набліжаецца да мяне, і я яе чакаю. Што адбываецца? Няўжо я знікну? Не, не, не! Што са мною стала?» Потым Паэс закрычаў, выдаў перадсмяротны хрып — і замоўк.

    Пасля невялікай паўзы дыктар «Радыё Кіта» аднавіў перадачу: «Вы чулі, сябры? Гэта быў крык агоніі. Самы выбітны летапісец падзей Леанарда Паэс памёр».

    Увесь час, пакуль ішла гэтая пастаноўка, эквадорцы з развітым крытычным мысленнем абрывалі тэлефонную лінію «Радыё Кіта», пытаючы, ці праўду перадаюць у эфіры. Гэта мусіла б устрывожыць вядоўцаў і прымусіць падумаць пра наступствы, але перадача працягвалася. Больш за тое, дыктары сцвярджалі, што інфармацыя пра іншапланетнае ўварванне, якой яны дзеляцца, паступіла ад аўтарытэтных міжнародных агенцтваў і ад найбуйнейшай эквадорскай газеты El Com­er­cio (уладальніка «Радыё Кіта»).

    Гучны шум звонку, што пракраўся ў памяшканне радыёстанцыі, стаў першай прыкметай, якая дала зразумець супрацоўнікам, што нешта пайшло не так. Вуліцы Кіта апанавалі тысячы перапалоханых людзей, многія былі ў піжамах і начных кашулях. Іншыя гараджане спрабавалі схавацца ў падвалах або пабеглі ў цэрквы, каб паспавядацца перад магчымай смерцю.

    Усвядоміўшы нарэшце, што ён нарабіў, праграмны дырэктар «Радыё Кіта» перапыніў актораў, стаў перад мікрафонам і сказаў: «Я Леанарда Паэс. Гэта пастаноўка п’есы „Вайна сусветаў“. Мяне не знішчылі гэтыя фантастычныя істоты. Я жывы».

    Але было запозна.

    Сумныя вынікі радыёспектакля

    Зразумеўшы, што страшныя навіны былі падманам, раз’юшаныя гараджане кінуліся да будынка газеты El Com­er­cio, дзе знаходзілася і «Радыё Кіта», якое скарысталася іх даверам. Калі натоўп пайшоў на прыступ, там было каля 100 супрацоўнікаў. Большасць паспела выслізнуць праз чорны ход, але некаторыя паспрабавалі схавацца на трэцім паверсе.

    Каб не дапусціць самасуду, супрацоўнікі выклікалі паліцыю і нават войска. Але выявілася, што сілавікі занятыя — яны выправіліся ў Катакальяа, каб змагацца з марсіянамі.

    Марс

    Марс. Выява з аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Разета» Еўрапейскага касмічнага агенцтва, 24 лютага 2007 года. Фота: ESA & MPS for OSIRIS Team MPS/UPD/LAM/IAA/RSSD/INTA/UPM/DASP/IDA, CC BY-SA IGO 3.0, commons.wikimedia.org

    Натоўп закідаў будынак камянямі. Хтосьці з разгневаных радыёслухачоў прынёс бензін, і рэдакцыю падпалілі. Полымя хутка ахапіла будынак, і замкнёныя на трэцім паверсе людзі былі вымушаныя скакаць з вокнаў, спрабуючы выратавацца. Паводле розных ацэнак, ад пажару і падзенняў з вышыні загінула ад шасці да 20 чалавек. Сярод загінулых былі сяброўка Паэса і яго пляменнік, а таксама музыкі, што гралі тую самую песню, якую перапыніла «тэрміновая навіна» пра ўварванне іншапланецян.

    Калі паліцыя і армія ўсё ж прыбылі на месца беспарадкаў і змаглі расчысціць праход для пажарных з дапамогай танкаў і слезацечнага газу, будынак El Com­er­cio згарэў амаль цалкам. Шкоду ацанілі ў 350 тысяч даляраў (каля 4,6 млн сучасных даляраў ЗША).

    Падчас наступнага разбіральніцтва выявілася, што Паэс і Алькарас, імаверна, рэалізавалі сваю задумку ўпотай ад кіраўніцтва радыёстанцыі і газеты. Там ведалі толькі, што яны рыхтуюць чарговую драматычную пастаноўку. Пры гэтым досыць высокія начальнікі дазволілі Паэсу і Алькарасу без перашкод задзейнічаць у сваім «шоу» шараговых супрацоўнікаў.

    Па выніках гэтых падзей арыштавалі 21 чалавека, у тым ліку ўдзельнікаў пагрому будынка El Com­er­cio. З боку радыёстанцыі абвінавачанні выставілі Алькарасу і Паэсу. Алькарас пры гэтым заяўляў, што менавіта Паэс запатрабаваў зрабіць трансляцыю сюрпрызам для слухачоў і нават замкнуў актораў у студыі, каб тыя разыгрывалі пастаноўку, не ведаючы пра яе ўплыў на навакольны свет. Акрамя таго, высветлілася, што Паэс пачаў падрыхтоўку да «шоу» загадзя: каб падагрэць цікавасць публікі да тэмы іншапланетных прыхадняў, ён яшчэ за некалькі тыдняў да гучнай «прэм’еры» пачаў падкідваць у мясцовыя газеты гісторыі пра лятучыя талеркі.

    Сталіца Эквадора Кіта

    Сталіца Эквадора Кіта 20 лютага 2020 года. Фота: Asam­blea Nacional del Ecuador, CC BY-SA 2.0, commons.wikimedia.org

    Паэсу ўдалося збегчы з Кіта, нейкі час ён хаваўся ў сяброў. Урэшце адвакат пераканаў аўтара эквадорскай «Вайны сусветаў» добраахвотна паўстаць перад судом. Выступаючы перад суддзёй, журналіст прызнаў, што яго ўчынак быў «мастацкай неразважлівасцю», на якую яго натхніла пастаноўка Уэлса 11-гадовай даўніны. Дзіўна, але суд апраўдаў Паэса. Чаго не скажаш пра жыхароў Кіта. Былы праграмны дырэктар сталічнага радыё доўга і беспаспяхова шукаў пастаянную працу на іншых станцыях. Змірыўшыся з тым, што на радзіме яму месца няма, Паэс урэшце выправіўся ў добраахвотнае выгнанне ў Венесуэлу, дзе і пражыў да смерці ў 1991 годзе.

    У 1982‑м Паэс выдаў кнігу пра падзеі лютага 1949-га пад назвай «Тыя, хто пасеяў вецер». Увесь гэты твор прасякнуты меланхоліяй: аўтар да канца дзён сумаваў па любімым родным горадзе, які аднойчы праз яго ж ахапіла страшная паніка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці