• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    АНТ анансавала праграму з палітзняволеным блогерам Ігарам Лосікам

    У прапагандысцкае тэлешоу «пра супрацоўнікаў амерыканскага медыя», якое 14 студзеня распачало паказваць АНТ, на 20 секунд трапіў блогер Ігар Лосік. Хутчэй за ўсё яго, як і журналіста Андрэя Кузнечыка, прывезлі спецыяльна для гэтага «інтэрв’ю» ў СІЗА КДБ. «Размову» з Лосікам праўладнае тэлебачанне заявіла на 15 студзеня.

    журналіст Ігар Лосік

    Ігар Лосік. Скрыншот відэа, 14 студзеня 2025 года

    Кансультанта Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягоным доме ў Баранавічах. Да здымак прапагандысцкага фільма ён знаходзіўся ў наваполацкай калоніі № 1.  

    Там ён адбывае прысуджаны яму тэрмін пакарання — 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта самы жорсткі вырак у дачыненні да беларускіх незалежных журналістаў і блогераў.

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Лосіка палітычным вязнем.

    Па інфармацыі некалькіх крыніц, блізкіх да Ігара, у чэрвені 2020 года ён адчуваў пагрозу затрымання і збіраўся з’ехаць з Беларусі 1 ліпеня 2020 года. Акурат у гэты дзень аднаўляліся авіязносіны Беларусі з Грузіяй, спыненыя праз эпідэмію каранавірусу. У сям’і Лосікаў ужо былі квіткі на самалёт.

    КДБ рашэннем ад 28 чэрвеня 2022 года ўнёс Ігара Лосіка ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», гэта істотна абмяжоўвае ягоныя правы і магчымасці ў зняволенні.

    У ліпені 2022 года на маёмасць сям’і Лосікаў быў накладзены арышт — дзеля гарантыі выканання прысуду, паводле якога фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі.

    18 кастрычніка 2022 года затрымалі жонку палітзняволенага Дар’ю Лосік і асудзілі на 2 гады калоніі за тое, што тая  дала інтэрв’ю пра свайго мужа незалежнаму беларускаму медыя «Белсат». Яна змагла вярнуцца да іх з Ігарам малой дачкі толькі  ў ліпені 2024 года.

    Ігар Лосік вельмі моцна перажываў за жонку і дачку. Як распавядаюць некаторыя крыніцы, у папраўчай калоніі блогера трымаюць у спецаддзяленні, якое ўключае ў сябе ШІЗА і ПКТ, размешчаныя ў асобным будынку. Яму наогул не прыходзяць лісты, нават ад блізкіх.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці