«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: суполкі «Новости из TUT.BY» у «Одноклассниках» і «Это Витебск, детка!» у «ВКонтакте» і іншыя
16 студзеня Міністэрства інфармацыі чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Складальнікі спіса абралі новую тактыку: дапаўненні ўносяцца не агульным пералікам пасля апошняга абнаўлення, а дапісваюцца ў табліцу па датах судоў, якія адбыліся раней.
Так, толькі сёння стала вядома, што яшчэ 8 студзеня суд Брагінскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай» старонку ў Instagram пад назвай «Филин. Журнал для умных» (ідэнтыфікатар instagram.com/filin.by). «Филин» у Інстаграме – гэта разумныя інтэрв’ю добрых людзей» — так прэзентуюць рэсурс яго стваральнікі.
9 студзеня суд г. Жодзіна Мінскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» Telegram-канал «Редакция SJ: Региональный самоиздат Беларуси» (ідэнтыфікатар t.me/silver_journal).
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны Youtube-канал «Беларусь Будущего» (ідэнтыфікатар youtube.com/@БеларусьБудущего). Адпаведнае рашэнне 13 студзеня прызнаў суд Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.
14 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» суполку «Это Витебск, детка! [Типичный Витебск]» у сацсетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/typical_vitebsk). Група мае 51 тысячу падпісчыкаў, у ёй публікуюцца гарадскія навіны і аб’явы.
Суд Чашніцкага раёна Віцебска 14 студзеня абвясціў «экстрэмісцкай» суполку «Новости из TUT.BY» у сацсетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/53737787490442). У суполцы публікуюцца навіны Беларусі і свету.