• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як беларускія блогеры сталі агітатарамі на «выбарах» і прасоўваюць Лукашэнку: расследаванне «Бюро»

    З надыходам 2025 года ў Беларусі афіцыйна стартавала перадвыбарная агітацыя за кандыдатаў у «прэзідэнты». Але Аляксандр Лукашэнка запусціў сваю прапагандысцкую кампанію нашмат раней за належны тэрмін, і дапамагае яму ў гэтым ягоная нявестка – Ганна Лукашэнка.

    У 2022 годзе быў створаны медыяхолдынг «Музычная медыякампанія», у якім нявестка Лукашэнкі атрымала пасаду генеральнага прадзюсара. За два гады свайго існавання гэты прадзюсарскі цэнтр заняў ільвіную долю беларускай медыяіндустрыі: ён прадзюсуе тэлевізійныя шоу і артыстаў айчыннай эстрады, арганізоўвае дзяржаўныя мерапрыемствы, дзіцячыя святышкольныя выпускныя, запусціў свой уласны відэапрадакшн і мае тры радыёстанцыі.

    Але, як паказала нашае расследаванне, самым маштабным праектам Ганны Лукашэнкі стала перадвыбарная кампанія яе свёкра – «Марафон адзінства». У межах гэтай акцыі беларускія артысты, прапагандысты і чыноўнікі раз’язджаюць па ўсёй краіне і нахвальваюць беларускі рэжым. Асаблівае месца ў гэтай кампаніі адведзенае папулярным анлайн-медыяперсонам.

    Нявестка Лукашэнкі ля стырна агітацыйнага марафону

    Прысутнасць анлайн-інфлюэнсараў у медыяпрасторы і іх уплыў на палітычнае жыццё краіны сталі відавочнымі для беларускіх уладаў яшчэ напярэдадні 2020 года. У адрозненне ад прадзяржаўных СМІ, сфера блогінгу менш успрымальная да націску адміністрацыйнага рэсурсу, таму змагацца з іншадумствам апарат Лукашэнкі тады вырашыў прывычным чынам – зачысткай нелаяльных рэжыму. Першыя блогеры, якія трапілі пад каток рэпрэсій за сваю «антыдзяржаўную» актыўнасць у інтэрнэце, – Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік.

    Аднак у перыяд бягучай электаральнай кампаніі беларускі ўрад змяніў тактыку. Улады вырашылі перацягнуць блогераў на свой бок і ператварыць у рупар прапаганды.

    «[У 2020 годзе] менавіта блогеры былі тымі, хто ў значнай ступені фармаваў грамадскую думку і актывізаваў пратэстную актыўнасць. Тут вырашаюцца дзве задачы. Тыя блогеры, якія знаходзяцца ўнутры краіны, у якіх ёсць аўдыторыя, – трэба зрабіць, каб яны не паўтарылі шлях Ціханоўскага, Лосіка, Пятрухіна, Кабанава і іншых. Другая задача – праз іх інфармацыйныя артэрыі прасунуць свае наратывы», – каментуе сітуацыю беларускі апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька.

    Распрацоўку агітацыйнай праграмы за сябе любімага Лукашэнка даручыў курыраваць сваёй нявестцы задоўга да выбарчай кампаніі. Згодна з дакументамі, якія публікаваў BelPol, менавіта Ганна Лукашэнка і прадакшн «Музычная медыякампанія» сталі куратарамі і арганізатарамі акцыі «Марафон адзінства».

    Ганна Лукашэнка, старшыня працоўнай групы па падрыхтоўцы і правядзенні «Марафону адзінства». Крыніца: sb.by

    17 верасня 2024 года Лукашэнка асабіста даў старт гэтай маштабнай усебеларускай акцыі. У тур па беларускіх гарадах «Музычная медыякампанія» запусціла пул з пралукашэнкаўскіх журналістаў, артыстаў і блогераў. Арганізатары вырашылі ахапіць 13 гарадоў: Брэст, Баранавічы, Пінск, Ліду, Гродна, Салігорск, Гомель, Жлобін, Маладзечна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск і Оршу. У кожным прадугледжаная двухдзённая праграма, якая ўключае разнастайныя мерапрыемствы і маштабныя канцэрты.

    «Гэта аб’яднанне людзей. Аб’яднанне іх, у першую чаргу, у любові да Радзімы і ў тым разуменні будучыні, якое МЫ хочам для гэтай Радзімы бачыць», – агучыла мэту акцыі ў сваім інтэрв’ю «Белтэлерадыёкампаніі» Ганна Лукашэнка.

    Дзякуй блогу

    Сам фармат марафону для Беларусі – не новы. Падобная акцыя пад назвай «За Беларусь» ужо праходзіла ў 2006 годзе. Але ў гэты раз вялікія надзеі Лукашэнкі на выбарах звязаныя з беларускай моладдзю. Аб’ядноўваць малады электарат вакол, па сутнасці, Лукашэнкі вырашалі з дапамогай зусім новага звяна – айчынных блогераў, заявіў дырэктар «Музычнай медыякампаніі» Андрэй Гузель:

    «З моладдзю трэба працаваць нестандартнымі спосабамі. Моладзь тэлевізар і іншыя традыцыйныя СМІ глядзіць радзей. Адпаведна, з імі трэба размаўляць на іх жа мове. І блогеры – гэта якраз тыя, у каго яны бяруць інфармацыю».

    «[Улады] зразумелі, што маладое пакаленне яны прафукалі, і цяпер спрабуюць пераасэнсаваць гэта і дзейнічаць. Ідэй тут не так шмат – проста бяруць савецкія лякалы, як працавалі з моладдзю, і пераносяць іх у цяперашні час», – лічыць Анатоль Лябедзька.

    Наратыў «Музычнай медыякампаніі» падхапілі чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі і праз 10 дзён пасля запуску акцыі арганізавалі першы форум блогераў у Беларусі – «БлогБай». Задача мерапрыемства – «стварэнне формы зносінаў дзяржавы з блогерамі і блогераў з дзяржавай» і «зносіны з моладдзю праз блогераў».

    «Агульная аўдыторыя ўсіх прысутных у зале блогераў – больш за 27 мільёнаў падпісчыкаў. Гэтыя людзі [вашыя падпісчыкі] на вас арыентуюцца, яны вас слухаюць, натуральна, яны ў першую чаргу звяраюць свае думкі з вашымі», – заявіў на форуме міністр інфармацыі Марат Маркаў.

    Марат Маркаў на форуме «БлогБай». Крыніца: belta.by

    «Для іх [уладаў] было сюрпрызам, што ёсць нейкая паралельная рэальнасць, у якой ёсць нейкія маладыя людзі з аўдыторыяй там у сотні і нават мільёны падпісчыкаў, слухачоў, гледачоў. Што яны [блогеры] уплываюць на меркаванне, на адчуванне не аднаго пакалення. Вось і спахапіліся, але [працуюць з моладдзю] так, як яны гэта сабе ўяўляюць. Усе гэтыя метады, гэтыя з’езды – вось гэта вось усё, гэта ж як бы ўсё яшчэ адтуль – з Савецкага Саюза», – упэўненая галоўная рэдактарка праекта Media IQ Надзея Белахвосцік.

    Кіраўнік жа «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант увогуле паабяцаў даваць эфірны час гатовым да супрацоўніцтва блогерам. І ахвотных супрацоўнічаць з дзяржавай знайшлося даволі.

    Бюро» высветліла, хто гэтыя блогеры і як менавіта яны прасоўваюць пралукашэнкаўскую палітыку ў разгар электаральнай кампаніі.

    Дык вось, «Музычная медыякампанія» заявіла, што ў кожны горад накіроўваюцца ад 10 да 20 блогераў з агульным ахопам у 11 мільёнаў карыстальнікаў. Гучыць салідна, калі ўлічыць, што ўсё насельніцтва Беларусі так і не перасягнула адзнаку ў 10 мільёнаў. Хто ж гэтыя самаадданыя інфлюэнсары, што прадукуюць кантэнт не выпускаючы з рук смартфонаў удзень і ўначы?

    Самай яскравай ва ўсіх сэнсах зоркай «Марафону адзінства» па праве можна лічыць спевака і тэлевядоўцу Улада Кабякова – у яго 1,4 мільёна падпісчыкаў у «Інстаграме» і 7,6 мільёна ў «Тыктоку».

    Улад Кабякоў на «Марафоне адзінства». Крыніца: інстаграм-акаўнт @kobyakov_official

    Кантэнт Кабякова арыентаваны пераважна на дзіцячую і моладзевую аўдыторыю. Раней мы расказвалі, што блогера выпісалі ў якасці запрошанага артыста на дзень народзінаў сына топ-менеджараў Віктара Шэймана – Таццяны і Сяргея Аношкаў.

    Яшчэ падчас пратэстаў 2020 года ён адкрыта суперажываў беларусам, але «пераабуўся» пасля нападу Расіі на Украіну.

    Цяпер Кабякоў актыўна гастралюе па ўсёй Расіі. Аднак пра радзіму напярэдадні выбараў ён не тое што не забывае, а літаральна ставіць яе на першае месца. Паводле слоў блогера, яму давялося адмяніць канцэрт, каб выступіць на форуме «БлогБай». Лекцыя была прысвечаная стварэнню кантэнту, але прайсці міма тэмы выбараў ён не здолеў:

    «Я фанат Аляксандра Рыгоравіча! Лічу, што ён таксама свайго кшталту блогер, і вельмі спадзяюся, што выбары 2025 года пройдуць добра. Моладзь павінна будзе падтрымаць нашага Прэзідэнта. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца».

    Адпрацоўвае электаральную тэматыку Кабякоў і на «Марафоне адзінства». Візіт на вытворчасць «Камінтэрн» у «Тыктоку» блогер прадставіў як «пошук фабрыкі для пашыву свайго новага мерчу», а пакуль шукае – носіць мерч Лукашэнкі.

    Улад Кабякоў (першы злева) у «мерчы першага». Крыніца: інстаграм-акаўнт @kobyakov_official

    Экскурсію на «Гомсельмаш» блогер растлумачыў жаданнем «паболей даведацца пра зернеўборачныя камбайны». Але потым прызнаўся, што паўдзельнічаў у праўладным марафоне, і ва ўсіх фарбах распісаў «крутасць» мерапрыемства. Перад Новым годам яго як выканаўцу прыцягнулі і да выступу на гарадскіх святкаваннях у межах «Марафону адзінства».

    Сярод блогераў, якія асвятлялі «Марафон адзінства», «Бюро» заўважыла і ўсю плеяду артыстаў айчыннага лэйбла Flag­man musicАнгеліну Міхалёву, больш вядомую ў сеціве як АнджылішаУльяну Сталярову, якая выступае пад творчым псеўданімам Улька Пулька і Дзмітрыя Сіўчыка – у простанароддзі Дзім Дзімыч.

    Злева направа: Ульяна Сталярова (Улька Пулька), Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч), Улад Кабякоў і Ангеліна Міхалёва (Анджыліша) на «Марафоне адзінства». Крыніца: інстаграм-акаўнт @kobyakov_official

    Прадзюсарская кампанія Flag­man music была створаная ў лістападзе 2020 года. Яе ўладальнікі і па сумяшчальніцтве прадзюсары лэйбла – Кірыл Брэзанскі і Андрэй Паўловіч, людзі з крымінальным мінулым.

    Анджыліша і Улька Пулька – актыўныя ўдзельніцы «Марафону адзінства» і акуратна даюць справаздачу пра «гастролі» ў сваіх сацсетках: посцяць агляды з дзяржпрадпрыемстваў, выступаюць на гарадскіх канцэртах у якасці спявачак і нават мелі гонар сфатаграфавацца з Лукашэнкам-малодшым.

    Ангеліна Міхалёва (Анджыліша) і Мікалай Лукашэнка на «Марафоне адзінства». Крыніца: інстаграм-акаўнт @andjilina

    «Дзяўчаты, я выйграла гэтае жыццё!» – такім каментаром Анджыліша суправадзіла публікацыю з Мікалаем Лукашэнкам у «Тыктоку».

    Акрамя таго, Улька Пулька нанесла візіт у Александрыю, дзе на камеру ўселася за школьную парту Аляксандра Лукашэнкі.

    Нягледзячы на вайну з праўладнай актывісткай Вольгай Бондаравай і на тое, што яго не прынялі ў праўладную партыю «Белая Русь», Дзім Дзімыч усё ж выявіўся даволі добранадзейным, каб далучыцца да сваіх таварышаў па лэйбле на «Марафоне адзінства». Сіўчык выступае як выканаўца перад гараджанамі рэгіёнаў і разам з Кабяковым, Анджылішай і Улькай Пулькай павіншаваў Лукашэнку з надыходам Новага году трэкам «Бацька ў нас круты!».

    Пазнавальныя блогеры-мільённікі, безумоўна, даюць «Марафону адзінства» трафік, які канвертуецца ў папулярызацыю ідэалогіі праекта сярод шырокіх масаў. Але, каб апрацаваць рэгіёны напэўна, абойму топавых анлайн-прапагандыстаў разбавілі не вельмі буйнымі, але вельмі стараннымі мясцовымі блогерамі. Яны маюць свой рэсурс – лакальная вядомасць і аўтарытэт.

    «Калі мы зробім праекцыю на медыя, то рэгіянальныя медыя заўсёды былі і заўсёды будуць папулярныя. Калі з табой гавораць пра тое, чым ты жывеш вось тут, у тваім Жодзіне, умоўна, Ляхавічах або яшчэ недзе, – вядома, любыя лакальныя інфлюэнсары будуць папулярныя. Натуральна, у іх не будзе мільёна [падпісчыкаў] – у іх будзе 100 тысяч, або 10 тысяч, або 2 тысячы ў сваёй вёсцы, але яны будуць. Вядома, гэта абсалютна слушны ход рэжыму», – лічыць Надзея Белахвосцік.

    Адна з такіх блогераў – міс Гомель Кацярына Пшэнцава.

    Кацярына Пшэнцава на «Марафоне адзінства». Крыніца: інстаграм-акаўнт @katti.miss.psh

    Яна мае ўсяго 11,8 тысячы падпісчыкаў у «Інстаграме», затое яна пілуе кантэнт з «Марафону адзінства» аўтаматнай чаргой. У яе сацсетцы мы знайшлі дзясяткі пастоў і сотні сторыс з падрабязнымі аглядамі з беларускіх прадпрыемстваў, якія яна наведвала ў межах акцыі, відэа з акцыі, відэа з канцэртаў у цэхах і «Час абраў нас», інтэрв’ю дзяржвыданням, фатаграфій з прапагандыстамі і зоркамі айчыннай эстрады.

    Сярод сталых «гастралёраў» па гарадах і вёсках «Бюро» таксама запрыкмеціла барысаўчанку Кацярыну Залынскую.

    Кацярына Залынская на «Марафоне адзінства». Крыніца: інстаграм-акаўнт @koshka.beauty

    Яе сумарная аўдыторыя ў «Інстаграме» і «Тыктоку» каля 100 тысяч падпісчыкаў, а асноўны профіль сацсетак – мамскі кантэнт, агляды і распакоўкі. Кацярына працуе настаўніцай і, мяркуючы па яе акаўнтах, апантана падтрымлівае Лукашэнку і запісвае патрыятычныя відэа пад цытаты «бацькі».

    У сваім «Тыктоку» яна ахвотна робіць агляды з прадпрыемстваў і фіксуе «разумныя думкі» на лекцыях беларускіх прапагандыстаў. Акрамя таго, Кацярына раскрывае падрабязнасці бэкстэйджу акцыі: здымае распакоўкі падарункаў, якія ўдзельнікам марафону падносяць заводы, і робіць агляды гатэляў, дзе размяшчаюць блогераў. Шчырасць у прыхільнасці дзейнай уладзе і няўклюдная непасрэднасць яе блога, у тым ліку і ў кантэксце асвятлення марафону, яўна працуюць і прыносяць свой плён у выглядзе прыросту аўдыторыі і дыскусій у каментарах. Некаторыя яе відэа збіраюць дзясяткі і нават сотні тысяч праглядаў. Напрыклад, тыкток, дзе вайсковы духавы аркестр выконвае ў Оршы саўндтрэк серыяла «Слова пацана», заляцеў на 600 тысяч.

    У журналістаў «Бюро» атрымалася пагутарыць з некалькімі блогерамі, якія асвятлялі «Марафон адзінства». Мы не назавём іх імёнаў у матэрыяле, каб беларускія ўлады не пераследавалі гэтых інфлюэнсараў.

    Паводле слоў блогераў, запрашэнне ўзяць удзел у «Марафоне адзінства» ім паступіла ад супрацоўнікаў «Музычнай медыякампаніі» праз сацыяльныя сеткі. Некаторых запрыкмецілі яшчэ на форуме «БлогБай», з чаго «Бюро» можа зрабіць выснову, што гэты злёт блогераў, ініцыяваны Міністэрствам інфармацыі, мог насіць у тым ліку і характар прыхаванага папярэдняга кастынгу для «Марафону адзінства».

    Апытаныя «Бюро» анлайн-інфлюэнсары сцвярджаюць, што арганізатары не выстаўлялі патрабаванняў да кантэнту, але пазней у іх запытвалі статыстыку ахопаў. Акрамя таго, усе блогеры запэўнілі нашага журналіста, што яны не атрымлівалі ніякіх ганарараў за ўдзел у «Марафоне адзінства». Пры гэтым «Музычная медыякампанія» ўзяла на сябе транспартныя расходы, а таксама расходы за размяшчэнне і харчаванне ўдзельнікаў.

    Таксама інфлюэнсары падзяліліся з «Бюро» сваімі ўражаннямі ад удзелу ў акцыі. Паводле іх слоў, яны былі прыемна здзіўленыя выдатнай арганізацыяй і ўдзячныя за магчымасць убачыць мноства славутых месцаў краіны і тое, як працуюць прадпрыемствы.

    Каравай, каравай, як патрэбна, выбірай

    Акрамя аглядаў блогераў, для маладога электарату арганізавалі гутаркі з намеснікам міністра адукацыі Кацярынай Пятруцкай. Сустрэчы называюцца «НЯсумныя НЯлекцыі». На іх Пятруцкая тлумачыць студэнтам, што такое «выбар» і як важна «выбіраць правільна».

    Ёсць у праграме марафону і мерапрыемства пад назвай «Знакавая сустрэча» – нефармальная размова жыхароў рэгіёнаў з запрошанымі гасцямі на зададзеную тэму – спектр абмеркаванняў вельмі шырокі: ад разумення гераізму да ўплыву тэхналогій на свядомасць. У якасці спікераў пераважна чыноўнікі і прапагандысты. Напрыклад, тэлевядоўца Ігар Тур расказваў жыхарам Баранавічаў, што дыктатура Лукашэнкі – гэта «самая прымальная форма праўлення для славян», а старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту Наталля Цылінская, шматдзетная маці, выказала меркаванне, што цялесныя пакаранні розгамі адмянілі рана.

    Фінальны акорд двухдзённай праграмы «Марафону адзінства» ў кожным горадзе – маштабныя гала-канцэрты «Час абраў нас», у пачатку якіх гучыць аднайменная кампазіцыя. Аўтары і выканаўцы – муж і жонка Юлія Быкава і Яўген Алейнік, на сумленні якіх «бессмяротны хіт» «Любімую не аддаюць».

    Пасля вядоўцы запрашаюць на сцэну якога-небудзь чыноўніка сказаць пранікнёную прамову ў рэгіёне, дзе праходзіць канцэрт. Перыядычна спікеры захапляюцца і забываюць, што ўсё, што адбываецца, «нібыта» не агіткампанія ў падтрымку Лукашэнкі.

    «Для мяне вялікі гонар удзельнічаць у “Марафоне адзінства”. Адзінства ў перыяд электаральнай кампаніі – гэта кісларод, гэта тое, што трэба нам, каб выжыць», – прагаварылася на канцэрце ў Бабруйску экс-старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

    «Аляксандр Рыгоравіч лічыць Магілёўшчыну сваёй малой радзімай. Падаецца, што сіла гэтага краю, сіла каранёў гэтай зямлі, ад якіх прэзідэнт ніколі не адрываўся, яны даюць яму магчымасць эфектыўна кіраваць нашай рэспублікай на працягу вось ужо 30 гадоў, застаючыся пры гэтым сапраўды народным прэзідэнтам – нашым бацькам, які разумее праблемы простых людзей і эфектыўна і хутка іх вырашае. Магіляўчане ніколі не падводзілі нашага лідара, і, думаю, што ён вас таксама ніколі ні ў чым не падвядзе», – падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой на канцэрце ў Магілёве.

    За палымянымі прамовамі чыноўнікаў ідзе выступ Мікалая Лукашэнкі і яго настаўніцы Алены Асташкінай-Мысліўчык.

    «На наш вялікі жаль, на нашу сардэчную боль, па гэтым шляху [вайны] пайшлі нашыя браты, нашыя родныя – суседзі ўкраінцы. За карункавай бялізнай памкнуліся яны ў райскі сад, а атрымалі толькі смерць, боль, разбурэнні, знішчаныя гарады, сотні тысяч трупаў і мільёны бежанцаў, і непраглядны морак і гора. І ад усяго гэтага ўжо больш за 30 гадоў абараняе, ахоўвае нас, захінае сабой нас наш чулы бацька!» – прагрымеў Рыгор Азаронак на канцэрце ў Магілёве.

    Рыгор Азаронак на «Марафоне адзінства». Крыніца: sb.by

    Ваенна-патрыятычны блок перамяняецца сентыментальна-патрыятычным, а‑ля «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», які падсумоўваюць развагамі пра тое, як «расквітнела і ператварылася» Беларусь пры Лукашэнку, а затым пачынаецца блок усхвалення культу асобы «моцнага гаспадарніка». Абавязковыя складнікі – кампазіцыі, прысвечаныя Лукашэнку асабіста: «Балада пра дыктатара» і «Бацька ў нас круты!». Апошнюю, дарэчы, выконваюць супрацоўнікі абласных сілавых ведамстваў пад падборку відэа з Лукашэнкам, а гледачы ў зале ў абавязковым парадку ўстаюць і махаюць «транспарантамі».

    «Мы 30 гадоў жывём у суверэннай незалежнай краіне. Мы 30 гадоў разам з нашым прэзідэнтам будуем Рэспубліку Беларусь. Будуем душой, будуем сэрцам, таму яна прыгожая і любімая. І, звяртаючыся да жыхароў прыдняпроўскага краю, да нашых гасцей, я хачу спытаць у залы: мы любім Магілёўшчыну? – Так! – Мы любім горад Магілёў? – Так! – Мы разам з прэзідэнтам? – Так! – Гэта нам трэба? – Так! – Час абраў нас! – Так!» – праскандаваў разам з гледачамі кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

    «Каб заклік нейкі існаваў – зусім не абавязкова яго выгукваць або фармуляваць яго наўпрост. У прынцыпе, тое, што забаронена ў заканадаўстве, – гэта мерапрыемствы, якія павінны прынесці выгаду аднаму канкрэтнаму кандыдату. Калі гэты кандыдат падсвечваецца ў выключна станоўчым ключы, калі траекторыя Беларусі за апошнія 25–30 гадоў паказаная як звязаная наўпрост з праўленнем аднаго канкрэтнага чалавека і паказваецца таксама толькі ў выключна пазітыўным ключы – па-мойму, адказ на гэтае пытанне цалкам відавочны: [«Марафон адзінства»] гэта абсалютная агітацыя», – лічыць эксперт па выбарах і аўтар праекта «Справа выбару» Аляксандр Шлык, які ўзначальваў аддзел па выбарах БДІПЧ АБСЕ.

    У тым, што «Марафон адзінства» – не што іншае, як перадвыбарная кампанія аднаго канкрэтнага кандыдата, упэўнены і беларускі палітык Анатоль Лябедзька:

    «[Марафон адзінства] – гэта і ёсць агітацыя. Гэты марафон праходзіць у поўнай адпаведнасці са спецыяльнай метадычкай: пакуль ёсць Лукашэнка – няма вайны, пакуль ёсць Лукашэнка – у Беларусі ёсць традыцыйныя каштоўнасці, і ўсё дзякуючы яму. І вось гэтыя наратывы толькі рознымі вуснамі паўтараюцца падчас гэтага марафону – пра гэта гавораць мясцовыя чыноўнікі, што з’яўляецца агітацыяй».

    «Бюро» звярнулася да кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама, каб даведацца, як у ведамстве ставяцца да таго, што ў краіне ўжо некалькі месяцаў поўным ходам ідзе агітацыя за кандыдата Лукашэнку. Старшыня камісіі Ігар Карпенка і яго намеснік Аляксей Башан кінулі трубку, як толькі наш журналіст назваўся і задаў сваё пытанне. Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская папрасіла перазваніць на наступны дзень і болей не здымала трубку.

    Таксама мы патэлефанавалі міністру інфармацыі Марату Маркаву, але ён адмовіўся гутарыць з журналістам «Бюро»:

    «Няма такога выдання [«Бюро»]!»

    Акрамя таго, узнікае пытанне: чаму агітацыйная кампанія, няхай і сяміразовага, але ўсё-такі кандыдата ў прэзідэнты, фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту – то бок, з нашых з вамі падаткаў?

    «У Беларусі, згодна з законам, усе траты на выбарчую кампанію павінны ісці з выбарчага фонду кандыдата. Кандыдат можа ўкласці ў гэты фонд свае ўласныя сродкі або прыцягнуць сродкі выбаршчыкаў. Акрамя гэтага дзяржава дае некаторыя бясплатныя рэсурсы: публікацыю ў друкаваных СМІ або бясплатны эфірны час для выступаў. Лукашэнка, ён хоць і рапартуе, што ў яго дастаткова шмат выбарчых рэсурсаў у гэтым фондзе – крыніца іх да канца не зразумелая. Большая частка рэсурсаў, якая расходуецца на дэ-факта кампанію выбарчую Лукашэнкі, – гэта рэсурсы дзяржаўныя. Той жа «Марафон адзінства» – гэта ўсё дзяржаўныя сродкі, і гэта наўпрост забаронена законам», – патлумачыў «Бюро» Аляксандр Шлык.

    А затраты на марафон каласальныя – згодна з тэндарнымі закупкамі, якія знайшло «Люстэрка», адзін толькі канцэрт у Магілёве каштаваў нам з вамі сама меней амаль 690 тысяч беларускіх рублёў. А такіх канцэртаў правялі ўжо 12!

    «Выбарчы фонд Лукашэнкі – гэта бюджэт краіны. Бо ён – той чалавек, які распараджаецца ўсімі фінансамі, і ніхто гэтага не будзе кантраляваць: ні парламент, ні пракуратура, ні іншыя сілавыя структуры. У так званага кандыдата ў «прэзідэнты» Лукашэнкі ёсць бязмежныя фінансавыя магчымасці. «Распілоўваць» бюджэт – гэта матывацыя. Лукашэнку ж трэба ствараць матывацыю для часткі таго, што называецца дзяржаўным апаратам» – упэўнены Анатоль Лябедзька.

    Таксама мы звярнуліся да экспертаў па тлумачэнні: навошта патрэбны «Марафон адзінства» і ілюзія «перадвыбарнай гонкі», калі вынік «выбараў» перадвызначаны загадзя?

    «Для таго каб адкрыць нейкія магчымасці для нармалізацыі адносінаў з умоўным Захадам або нават з краінамі, якія знаходзяцца ў паўнейтралітэце. Для іх для ўсіх вельмі важна мець фармальную адзнаку, што былі выбары і, маўляў, гэты чалавек на нейкіх там выбарах перамог сваіх апанентаў і быў абраны народам. І такія фэйкавыя выбары і закліканыя служыць гэтым фармальным пунктам, для таго, каб перагарнуць старонку шмат з кім. Гэтым будуць карыстацца тыя, каму хочацца ствараць адносіны з Лукашэнкам. Калі б выбараў не было – ім бы карыстацца было няма чым. Я думаю, у гэтым галоўная прычына: іх проста прыходзіцца праводзіць, а раз прыходзіцца праводзіць – трэба нешта разыгрываць», – лічыць Аляксандр Шлык.

    «Лукашэнка быў моцна траўмаваны падзеямі 2020 года. Не толькі з‑за пратэстаў, але і таму, што для яго стала шокам асэнсаванне, што ён болей не «народны прэзідэнт», якім ён сябе лічыў. Ён шчыра верыў, што народ яго любіць і падтрымлівае. Але 2020 год разбурыў гэтую ілюзію, і цяпер ён спрабуе вярнуць любоў народу тымі спосабамі, якія яму зразумелыя. Ён сапраўды хацеў бы, каб за яго прагаласавала большасць. Таму, у адрозненне ад 2020 года, ён праводзіць актыўную перадвыбарную кампанію», – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч.

    Такім чынам, на думку экспертаў, «Марафон адзінства» – паўнавартасная перадвыбарная агітацыйная кампанія ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым агітаваць за «народнага абранніка» пачалі задоўга да афіцыйна дазволенага законам тэрміну і за бюджэтныя грошы – у любой дэмакратычнай краіне да такога кандыдата былі б прымененыя жорсткія санкцыі, сцвярджаюць эксперты.

    «Гэта караецца аж да зняцця з выбараў – пазбаўленнем рэгістрацыі. То бок гэта вельмі сур’ёзнае парушэнне выбарчага заканадаўства», – падсумаваў Аляксандр Шлык.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці