RSF і Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікалі прэзідэнтку Еўракамісіі прадухіліць прыпыненне праграмы фактчэкінгу Meta
Журналісцкія арганізацыі перакананыя, што калі рашэнне Meta будзе распаўсюджана на краіны ЕС, гэта «катастрафічна адаб’ецца на інфармацыйнай прасторы».
Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры без межаў» (RSF) і Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) апублікавалі адкрыты ліст да прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен.
У ім яны заклікаюць процідзейнічаць закрыццю ў ЕС праграмы праверкі фактаў на платфомах Meta.
«Нядаўняя заява Марка Цукерберга, які ідзе па слядах Ілана Маска, з’яўляецца крыжовым паходам супраць журналістыкі. Яго бачанне свабоды выказвання супрацьлеглае журналістыцы: кожнаму даецца права казаць усё, што ён хоча, без увагі на факты. Сутыкнуўшыся з цяперашнім распаўсюджваннем замежнага ўплыва і маніпуляцый інфармацыяй, накіраваных на дэмакратыю, Еўрапейскі саюз не павінен баяцца выконваць свае правілы на буйных інтэрнэт-платформах. DSA [Закон аб лічбавых паслугах] павінен выконвацца, і дэмакратычныя правілы павінны пераважаць», — заявіў генеральны дырэктар RSF Цібо Брутэн.
Таксама праваабаронцаў хвалюе тое, што Google разглядае магчымасць адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў падтрымліваць супольнасць праверкі фактаў у адпаведнасці з Кодэксам практыкі Еўрапейскага саюза па дэзінфармацыі.
Урсулу фон дер Ляєн заклікалі «рашуча супрацьстаяць ціску, які аказваецца на еўрапейскую дэмакратыю» і абавязаць Meta часова прыпыніць сваё рашэнне.
Нагадаем, 7 студзеня генеральны дырэктар Meta Марк Цукерберг анансаваў змены ў падыходах да мадэрацыі кантэнту ў сацсетках карпарацыі «ў святле змены палітычнага і сацыяльнага ландшафту». Meta спыніць сваю праграму фактчэкінгу з даверанымі партнёрскімі арганізацыямі і заменіць яе сістэмай, кіраванай супольнасцю, падобнай да Community Notes на платформе Х.
На наступны дзень некаторыя амерыканскія фактчэкінгавыя арганізацыі пацвердзілі спыненне партнёрства з Meta.
Галоўная еўрапейская прафесійная асацыяцыя фактчэкераў EFCSN у адказ на гэтыя дзеянні выдала заяву, у якой асудзіла і зняпраўдзіла выказванні Цукерберга і заклікала Еўрасаюз «прыкласці ўсе намаганні для стрымлівання распаўсюджвання дэзінфармацыі на вельмі буйных інтэрнэт-платформах».
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» абвінаваціла Meta, што тая вядзе паслядоўную інфармацыйную палітыку, накіраваную на маргіналізацыю медыяў на сваіх платформах.