Прапагандыстка БелТА пахвалілася навагоднім адпачынкам у Парыжы
Перад Новым годам у Францыі пабывала Алена Елавік — рэдактарка аддзела газеты «7 дней», што выходзіць пры дзяржаўным агенцтве БелТА. Яна актыўная ўдзельніца расійска-беларускіх інтэграцыйных медыяпраектаў, а некалькі гадоў таму яна была мадэратарам падчас гастроляў расійскага прапагандыста ў Беларусі.
У сталіцы Францыі Алена Елавік пабывала ў нядаўна адрэстаўраваным Нотр-Дам-дэ-Пары, Луўры, Галерэі Лафает, схадзіла ў тэатр Бастыліі на оперу «Рыгалета».
«Білеты бралі загадзя, яшчэ на радзіме, — напісала яна ў сацсетках. — На жаль, у Оперу Гарнье патрапілі толькі на экскурсію, зараз у асноўным усе пастаноўкі, як оперныя, так і балетныя, перанесены ў Бастылію. Тэатр, размешчаны па іроніі лёсу на месцы аднайменнай крэпасці-турмы, па тэхнічных наваротах — нумар два ў свеце, і саступае, калі не памыляюся, толькі Сіднэйскаму. Вонкава будынак выглядае даволі звычайна. Затое Гарнье — сама раскоша. У глядацкай залі вісіць плафон, распісаны Маркам Шагалам! Ведай нашых!»
За апошнія гады гэта не першае падарожжа Алены Елавік у Еўропу. У лістападзе 2024 года яна наведвала міланскую оперу «Ла Скала».
«Цяпер дакладна ведаю: білет у тэатр — выдатны падарунак, — пісала яна. — Не абавязкова, канечне, у «Ла Скала», наш мінскі Вялікі — гэта таксама ўзровень!»
А ў 2023 годзе рэдактарка пабывала ў Малазе, Гранадзе, Ніцы, Канах і Манака. Свае ўражанні ад паездак падсумоўвала: «East or West — home is best, у гасцях добра, а дома лепш!»
Алена Елавік нарадзілася ў Мінску. У 1989 годзе яна скончыла факультэт журналістыкі БДУ, з’яўляецца кандыдатам філалагічных навук. Некалі была сакратаркай праўладнага Беларускага саюза журналістаў.
У агенцтве БелТА Елавік працуе з 1995 года. У газеце «7 дней», што выпускае пры агенцтве, яна з’яўляецца рэдактарам аддзела творчых праектаў. Паралельна працуе на факультэце журналістыкі БДУ.
Уваходзіць у суполку «Друзья — сябры» — праект, які прапагандуе еўразійства і інтэграцыю паміж Беларуссю і Расіяй, а таксама наладжвае камунікацыю паміж журналістамі дзвюх краін. У рамках гэтай ініцыятывы беларускія журналісты катаюцца ў бясплатныя экскурсійныя паездкі па Расіі, а расійскія — прапагандуюць перад беларускай аўдыторыяй перавагі «рускага свету».
У 2015 годзе менавіта Елавік была мадэратаркай падчас выступлення расійскага прапагандыста Мікалая Старыкава ў Доме Масквы ў Мінску. Тая сустрэча скончылася сутычкамі рускаміраўцаў з маладафронтаўцамі.