Галоўны рэдактар «Альфа Радыё» саліраваў у праўладным флэшмобе. Хто ён такі?
Галоўны рэдактар «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет выйшаў з баянам на чыгуначны вакзал у Мінску, каб правесці праўладны флэшоб «Бацька ў нас круты!». Ён акампанаваў студэнтам, якія «загадзя дамовіліся прыйсці на вакзал у пэўны час, каб выканаць гучна і хорам песню».
Будучы прапагандыст нарадзіўся ў вёсцы Русінавічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Баян у руках Вадзіма Шэпета з’явіўся невыпадкова.Ён скончыў музычнае вучылішча па класе баяна і нават крыху папрацаваў на гэтай ніве настаўнікам.
«Але тры дні папрацаваў выкладчыкам па класе баяна ў музычнай школе і зразумеў, што вучыць гамам больш не магу», — расказваў будучы галоўны рэдактар «Альфа Радыё».
Кінуўшы настаўніцтва, Шэпет кінуўся вучобу, але і ў Белдзяржуніверсітэце культуры надоўга не затрымаўся. Як ён прызнаваўся ў адным з інтэрв’ю, навучацца эстраднаму вакалу яму стала нецікава, таму праз год ён сышоў з ВНУ і ўладкаваўся ў рэстаран спяваць. Таксама зарабляў у якасці вядучага на вяселлях і тэматычных вечарынах.
Аднак жыццё яго ўсё ж прымусіла атрымаць дыплом. За адукацыяй эканаміста-менеджэра Вадзім Шэпет пайшоў у прыватны Міжнародны інстытут кіравання і прадпрамальніцтва. Выбіўшыся ў медыйны топ-менеджмент, прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ.
На «Альфа Радыё» ён трапіў у 2020‑м годзе.
«Упершыню мы сутыкнуліся з сітуацыяй, што спрабавалі зламаць краіну, разваліць дзяржаву і пасеяць хаос. Мне самому было цікава разабрацца ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі і за яе межамі», — тлумачыў прапагандыст сваю працу.
Прыход Шэпета супаў са зменамі на радыёстанцыі. Асабліва яны закранулі грамадска-палітычнае вяшчанне. Па меркаванні радыйшчыка, у рэдакцыі «засталіся людзі ідэйныя», якія працуюць «на вастрыі інфармацыйнай барацьбы».
«Мы сталі больш прамымі, менш сціплымі, мы больш гаворым пра плюсы нашай дзяржавы, не саромеемся параўноўваць, як жывем мы і як жывуць нашы суседзі. І часцей гэтае параўнанне аказваецца не на карысць замежжа: там людзі вымушаны эканоміць на элементарных рэчах, тады як беларусы могуць сабе дазволіць камфорт», — успамінае ён той час.
Спачатку Шэпет вёў музычныя перадачы, пасля стаў праграмным дырэктарам радыёстанцыі. Зараз з’яўляецца галоўным рэдактарам гэтага медыя, вядзе грамадска-палітычнае ток-шоу «Будни».