Вандроўка ў мінулае як шлях у цяперака: 30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах
Выстава вядомага беларускага дызайнера Артура Вакарава «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах» нарэшце трапіла ў Варшаву. Адкрыццё праекту адбылося 21 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі – у дзень, калі ў РБ стартавала датэрміновае галасаванне ў так званых прэзідэнцкіх выбарах. «Атрымалася, што я зрабіў дармовую перадвыбарчую агітацыю для Лукашэнкі», – жартуе Артур Вакараў. «Белсат» пабываў на адкрыцці экспазіцыі.
З уваходу – адразу направа і рушыш супраць гадзіннікавай стрэлкі. Так, гэта можа нагадваць вандроўку ў найбліжэйшае мінулае Беларусі. На жаль – па коле.
Пачынаецца з выявы вялізнага паўпразрыстага прусака. Потым – кайданкі (адзін адамкнуты) на чырвоным фоне, якія ўтвараюць лік «30». Далей – тая ж трыццатка, выпаленая на лбе дзяўчыны, некалькі метраў за ёй – турэмная роба ў камплекце са школьным фартухам, за вуглом – жахлівая мёртвая рука з пятнаццаццю сінімі пальцамі (15 + 15), перад ёй – танк з царкоўнаю цыбулінай замест вежы на корпусе. І гэтак далей. Пякельнае кола, трэба прызнацца.
Усё заканчваецца плакатам з напаўразбураным надмагіллем на занядбаных могілках – кадр з горару! На пліце – пабляклая ружовая трыццатка. Ад фінальнага надмагілля да празрыстага таракана, з якога пачыналася ўся прыгода, толькі некалькі метраў, каб замкнуць кола. Але яно застаецца незамкнёным. Вандроўка ў мінулае аказваецца шляхам у нашае цяперака. А трыццатка неўпрыкмет ператвараецца ў «31»…
«А я ўзяў і наступіў на мазоль»
«Ну так, гэта трэш! Але трэшавыя не постары як мастацкія творы, а самая тэма. Можа быць, я і памыляўся, што ўзняў яе, таму што ўсе і так ведаюць, як усё кепска. А я ўзяў і наступіў на мазоль. Але ж мая задача як дызайнера – неяк рэагаваць на тое, што адбываецца», – казаў на вернісажы аўтар праекту «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах» Артур Вакараў.
Экспазіцыю плакатаў Артура Вакарава ўжо пабачылі летась жыхары Вільні. У ліпені 2024 года яна экспанавалася ў вулічным фармаце каля літоўскага Музею акупацыі і барацьбы за свабоду. А на пачатку студзеня 2025-га працы беларускага дызайнера мог ацаніць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас урачыстага прыёму беларускай дэлегацыі на чале са Святланай Ціханоўскай у Бэльвэдэрскім палацы.
Паводле арганізатараў, пасля Варшавы праект «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах» паедзе ў Гданьск: працы пакажуць у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці.
«Год таму я падумаў: гэта ж 30 гадоў, як пануе дыктатура! Напэўна ж прапагандысты не прапусцяць гэтай даты і будуць распавядаць, якія ў нас чыстыя каровы, а жанчыны – толькі з мужыкамі, і ўсе шчаслівыя. І я падумаў, што трэба адказ ім зрабіць – пра сапраўдныя «дасягненні» рэжыму. Ну і вось, так атрымалася, што намаляваў перадвыбарчую агітацыю для Лукашэнкі…» – іранічна пасміхаецца аўтар на адкрыцці выставы.
Кажа, што раней з беларускіх выбараў карміліся і дызайнеры, і друкары, і выдаўцы, бо «выбары – гэта індустрыя», а цяпер у іх «забралі цэлую індустрыю».
«І атрымліваецца, я гэтаму прэзідэнту так званаму столькі выдатных постараў нарабіў! І ўсё задарма. Трэба выставіць яму нейкі рахунак, праўда? Каму там яго даслаць? Міністэрству фінансаў?» – пытаўся Артур Вакараў, і прысутныя на вернісажы адказвалі смехам.
«Дыктатура любіць цішыню»
Рахунак да Лукашэнкі мае быць велізарны. Кіраўніца Музею Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская выказвае ўпэўненасць, што выстава постараў стане не толькі культурніцкай, але і «значнай грамадска-палітычнай падзеяй для ўсіх беларусаў».
«І гэта сімвалічна, што праект адкрываецца менавіта ў Музеі Вольнай Беларусі, бо ў нашай краіне сёння далі старт фарсу, які мы называем «бязвыбарамі», – зазначае Наталля Задзяркоўская.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка, які выступае на імпрэзе, перакананы, што адкрыццё выставы Артура Вакарава адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні ў тым самым палацы, «дзе сядзіць узурпатар».
Згадваючы рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на прамову Доналда Трампа падчас інаўгурацыі («ён пазбавіў Амерыку галоўнага – пераемнасці»), Латушка прызнаецца, што яму было смешна гэта чуць.
«Лукашэнка ўпэўнены чамусьці, што пасля яго ў Беларусі захаваецца лукашызм. У нашым уяўленні гэта штосьці накшталт фашызму, нацызму ці камунізму. Дык я сёння хачу сказаць: не, не захаваецца! У той самы дзень, калі ён спыніць сваю ўладу ў Беларусі, якую ўтрымлівае незаконна, лукашызм будзе забыты», – казаў Павел Латушка.
Але адразу дадае: «Забыты, але не да канца». Пра лукашызм будуць нагадваць музеі, экспазіцыі якіх будуць распавядаць пра гісторыю барацьбы беларускага народу.
«І гэта робіць сённяшняя выстава, бо ў нейкім сэнсе гэта прыклад таго, што зрабіў Лукашэнка за 30 гадоў дыктатуры. Абавязкова створым такі музей. І важна, каб як мага болей беларусаў пабачылі выставу Артура Вакарава», – падкрэсліў Павел Латушка.
Ён заклікаў усіх беларусаў, якія збіраюцца пайсці на «выбары», ставіць у выбарчых бюлетэнях знак «супраць усіх». На думку Латушкі, байкот выбараў не будзе мець вынікаў, бо байкот можа спрацаваць толькі ў дэмакратыі.
«Дыктатура любіць цішыню. Дык не стварайма цішыні! У нас няма іншых інструментаў, і гэта таксама не ідэальны інструмент (галасаваць супраць усіх – рэд.), ён не зменіць сітуацыі ў краіне. Але гэта дзеянне, а дзеянні заўсёды, рана ці позна, прыводзяць да выніку», – падкрэсліў Павел Латушка.
Палітык таксама заклікаў беларусаў за мяжой выходзіць 26 студзеня на плошчы еўрапейскіх гарадоў «за тых, хто не можа выйсці ў Беларусі», каб «паказаць ім, што мы працягваем змагацца». Акцыя і шэсце ў Варшаве пачынаецца ў нядзелю а 12‑й гадзіне на плошчы Трох крыжоў.
«Не чакаў такога маштабу»
Выстава адкрытая. Прыглядаемся да наведнікаў. Адзін з беларусаў доўга стаіць перад плакатам з выявай стылізаванага дарожнага знаку «Стоп», які абрысамі паўтарае мапу Беларусі.
«Штосьці я бачыў да гэтага ў СМІ, але не чакаў такога маштабу. Уражаны, што аўтару хапіла грамадскага крэатыву трыццаць разоў прайсціся па гэтай тэме і так разнастайна абыграць гэты не вельмі вясёлы лік. Троху трэш і шок, але сацыяльны плакат так і павінен працаваць», – дзеліцца думкамі мужчына (просіць не называць ягонага імя).
Дзяўчына Даша блукае паміж двума атлантамі-амапаўцамі, якія з усёй моцы трымаюць небасхіл з трыццаткай. Беларуска гаворыць, што ёй цікава і страшна адначасова, бо «постары закранаюць за жывое».
Будзе «30-плюс»?..
А жывы і ўсмешлівы аўтар «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах», да якога мы маем некалькі пытанняў, прызнаецца пасля цырымоніі адкрыцця, што насамрэч на пачатку было каля сотні сцэнароў «гэтай тэмы». Але арганічна ўпісаць лік «30» удалося не ў кожны.
Як зазначае Артур Вакараў, у кожным праекце такога маштабу моцныя працы складаюць не больш за 20 адсоткаў. Прызнаецца, што самымі першымі паўсталі лаканічныя «Кайданкі», якія былі ўжо адзначаныя на прэстыжным «Luga Poster Biennale». Між іншым, танк з царкоўным купалам замест вежы трапіў у шорт-ліст біенале ў Бухарэсце.
«Страшэнна мне падабаецца і праца са школьным фартухам на паласатай сукенцы, і таракан…» – смяецца Артур Вакараў.
Тэму «30 гадоў дыктатуры» Артур Вакараў лічыць адпрацаванай, але мае што паведаміць нам «пад сакрэтам».
«Лік гэты мне ўжо абрыд, але свярбіць ідэя стварыць другі сезон гэтага праекту – «30 плюс». Бо тое, што я ўжо зрабіў, – гэта «30 мінус», гэта нашыя пакуты. А «30 плюс» – 30 гадоў вольнай Беларусі. Што б было, га? Трактары «Беларус» барозняць прасторы Марсу! «БТ» транслюецца на ўвесь свет як самы «чэсны» тэлеканал. Насекчы чагосьці такога: што б было, каб 30 гадоў мы былі вольныя. Ці, у іншым прачытанні, – што будзе праз 30 гадоў. Пры тым, што ў нас абсалютна класныя людзі – таленавітыя, працавітыя, разумныя. Уяві, як тыя Шабаны расцвілі б хмарачосамі! І зрабіць гэта абсалютна пазітыўна, феерычна і фантасмагарычна!» – дзеліцца ідэяй Артур Вакараў.
Дызайнер прызнаецца, што ўжо «прыкідвае сцэнары» – дык чакайма «30 плюс»!
Артур Вакараў – вядомы беларускі дызайнер, заснавальнік студыі «Адліга» і былы арт-дырэктар менскай антыкварнай крамы «Буржуазныя каштоўнасці». Рабіў дызайны для розных культурніцкіх і грамадскіх ініцыятываў. Аўтар славутага дызайну «Сolorадская пушча» (2011), «Ne VerSashe» (2013), «brAIn» (2023) ды многіх іншых. Стваральнік вокладак да кніг Васіля Быкава («Бліндаж. Афганец», «Знак бяды» і г. д.), палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча («Свабода і мысленне»), Віктара Марціновіча («Мова»), Змітра Бартосіка («Забіць упалмінзага») ды іншых. Аўтар постару да альбому «Грай» «Ляпіса Трубяцкога». У 2022 годзе Артур Вакараў быў вымушаны эвакуявацца з Беларусі.