Група «Навіны Віцебска» аднавіла працу ў Facebook
Пасля тыднёвага перапынку зноў пачала абнаўляцца група «Навіны Віцебска» у Facebook, заўважыла «Віцебская Вясна».
«Група зноў працуе. Зараз навін будзе менш. Або яны будуць з’яўляцца не кожны дзень. Кантэнт застаецца ранейшым. Ніякай палітыкі. Толькі краязнаўства, гісторыя, культура Віцебска», — напісала заснавальніца і адміністратарка групы Таццяна Мацвеева.
Мацвеева адзначае, што будзе «у нейкай ступені асвятляць сацыяльнае жаццё і камунальныя праблемы», але папярэджвае, што не зможа ўзяцца за кожную тэму. І заклікае чытачоў быць уважлівымі да таго, што пішуць у каментарах.
Група «Навіны Віцебска» перастала аднаўляцца 14 студзеня. Тады адміністратарка, не патумачыўшы прычын, напісала чытачам, што спыняе абнаўленні на месяц. Але зазначыла, што далейшыя перспектывы застаюцца няяснымі.
Паведамленне пра закрыццё групы было апублікавана на наступны дзень пасля таго, як перастаў адчыняцца сайт «Народныя Навіны Віцебска». Гэты інфармацыйны рэсурс быў заснаваны ў 2008 годзе, але сёлета 10 студзеня яго прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйный прадукцыяй». Сайт і яго сацсеткі зараз не працуюць.
Таццяна Мацвеева заснавала групу «Навіны Віцебска» 3,5 гады таму, працавала на добраахвотных пачатках. Выключна дзякуючы асабістым высілкам журналісткі ў «Навінах Віцебска» штодня выходзілі 3–4 матэрыялы пра жыццё рэгіёна. Гэта самая шматлікая віцебская суполка ў Facebook, яна налічвае 25,4 тысячы удзельнікаў.