«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: оrsha.еu ў «ВКонтакте», YouTube-канал «Беларуский OSINT «Феникс» і іншыя рэсурсы
Міністэрства інфармацыі Беларусі 23 студзеня ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У яго трапіла старонка «оrsha.еu» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/orsha_eu) — прычым ужо другі раз. Таксама «экстрэмісцкім» абвешчаны «візуальны матэрыял — выявы, лагатыпы, вадзяныя знакі з тэкстам ORSHA.EU» на любых носьбітах. Адпаведнае рашэнне 23 студзеня прыняў суд горада Оршы і Аршанскага раёна.
Упершыню некалькі акаўнтаў з назвай «оrsha.еu» ў сацсетках былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» ў чэрвені 2024 года, праз некаторы час у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі яшчэ шэраг рэсурсаў медыяпраекта, у тым ліку і старонку ў «ВКонтакте».
У жніўні 2024 года праект оrsha.еu ўлады абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем» і ўнеслі ў пералік «арганізацый, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС. У гэтым спісе асобна згадваецца імя і прозвішча Ігара Казмерчака, рэдактара і заснавальніка сайта.
22 студзеня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі інфармацыйнымі матэрыяламі» YouTube-канал «Беларуский OSINT «Феникс» (ідэнтыфікатар youtube.com/@osintphoenix). А таксама «візуальны матэрыял» — выявы, лагатыпы, якія ўтрымліваюць надпіс «Беларуский OSINT «Феникс», размешчаныя на ўсіх магчымых носьбітах.
Летась 26 лютага назва «OSINT «Феникс» была згаданая ў пераліку «экстрэмісцкіх» арганізацый на сайце МУС — у складзе «экстрэмісцкага фармавання» «Вирус Свободы».
22 студзеня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкім» Іnstagram-акаўнт freebelarusians (ідэнтыфікатар instagram.com/freebelarusians). Гэты рэсурс мае 1235 падпісчыкаў і змяшчае 2 590 публікацый, апошняя з іх зробленая ў чэрвені 2021 года.
Таксама гэтым разам у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўнесеныя некалькі Telegram-каналаў, якія асвятляюць вайну ва Украіне. Гэта ўкраінскія інтэрнэт-рэсурсы з рознай колькасцю падпісчыкаў, самая вялікая — 10 754 чалавекі (у Telegram-канала UA_REG TEAM).