Мы можам разам дапамагчы калезе! Аляксандр Корнышаў чакае другую аперацыю
8 лютага редактару «Витебского курьера news» Аляксандру Корнашаву трэба ў чарговы раз класціся ў бальніцу на замену тазасцегнавага сустава. Аналагічную аперацыю на другой назе яму правялі летась. Зараз у яго няма сродкаў на аплату кватэры, лекі і проста на жыццё.
Рэдактар і журналіст Аляксандр Корнышаў з лістапада 2020 года вымушана жыве ў замежжы. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі. На радзіме, у Віцебску, па месцы ягонай рэгістрацыі неаднаразова праводзіліся ператрусы. У траўні 2024 года журналіста аштрафавалі на 20 базавых велічынь (800 BYN) за рэпосты з Telegram-канала ўласнага выдання.
Пасля тэрміновай рэлакацыі яго здароўе пагоршылася. Урачы паставілі дыягназ: некроз галоўкі тазасцегнавых суставаў. Адзінае лячэнне — поўная замена суставаў.
«Па самаадчуванні ўсё здавальняюча. Першая нага, якую мне прааперавалі ў траўні, загаілася. Хоць яна, на жаль, не стала зусім роднай і часам баліць, у цэлым стала нашмат лепш, чым было да аперацыі. Пастаянныя прыступы болю і невялікая тэмпература, якія мучылі мяне раней, прайшлі. Я магу хадзіць! Рэабілітацыю ў трэнажорнай зале я працягваю, але неўзабаве зраблю перапынак на час аперацыі і аднаўленні», — распавёў спадар Корнышаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Перад хірургічным умяшаннем будзе вымушаны ляжаць, таму працаваць не зможа і яго фінансавыя магчымасці стануць яшчэ больш абмежаваныя. Таму ён просіць аб падтрымцы:
«Вялікі дзякуй беларусам, якія дапамаглі мне ў мінулы раз! Але, на жаль, грошы маюць уласцівасць заканчвацца. Тым больш, паміж аперацыямі прайшло занадта шмат часу, не па маёй віне. Я не звяртаўся па дапамогу да апошняга. Хто зможа дапамагчы фінансава — буду вельмі ўдзячны».
Увесь гэты час, апроч рэабілітацыі, спадар Корнышаў займаўся сваім сайтам «Витебский курьер news».
«Выпуск навін і праца сайта, сацсетак спыніцца толькі ў выпадку маёй смерці ці калі я не змагу ўставаць з пасцелі. Спадзяюся, гэтага не адбудзецца.
На фоне таго, што адбываецца ў апошнія дні — страты фінансавання беларускіх СМІ і пагрозы закрыцця многіх з іх — хачу сказаць, што маё медыя, напэўна, самае «ўстойлівае». Я практычна не атрымліваў падтрымкі (акрамя аднаго разу і на вельмі кароткі тэрмін), але пры гэтым працую ўжо шмат гадоў у такім рэжыме.
Цяпер рэгіянальным выданням асабліва цяжка, нават складаней, чым буйным рэспубліканскім медыя. Але мы проста абавязаны працягваць выходзіць і пісаць праўду.
Каля 70% чытачоў «Витебского курьера news» — з Беларусі, і большасць з іх — з Віцебска і Віцебскай вобласці. Аўдыторыя нягледзячы на блакіроўкі да 1000 унікальных у дзень. Калі навіна гарачая можа быць і 4000 у дзень.
Магчыма нехта скажа мала, але для мяне гэта вельмі шмат. Многія незалежныя выданні, якія працавалі для гэтых чытачоў з рэгіёнаў, закрыліся. Некаторыя працягваюць працу з‑за мяжы, але сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі. А тыя, хто застаўся і спрабаваў працягваць працаваць коштам самацэнзуры, змушаныя былі зачыніцца пад ціскам уладаў. Калі мы сыйдзем, то пакінем нашых чытачоў без праўдзівай інфармацыі, цалкам перадаўшы іх ва ўладу прапаганды», — упэўнены рэдактар выдання.
Журналіст хоча захаваць сайт, нават калі для выжывання давядзецца займацца чымсьці яшчэ. Ён спадзяецца аднавіцца пасля гэтай аперацыі хутчэй, чым пасля мінулай.
«Калі нехта, як і я, лічыць, што нам нельга сыходзіць з беларускай медыяпрасторы, можна дапамагчы фінансава і падтрымаць працу сайта», — дадае спадар Корнышаў.
Калі вы хочаце дапамагчы выданню Витебский Курьер news: https://buycoffee.to/vkurier.news