«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: TikTok-акаўнт «Позірка» і фільм Марыі Булавінскай пра сталінскія рэпрэсіі
Міністэрства інфармацыі Беларусі 30 студзеня другі раз за дзень папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Сярод іншых у пералік быў дададзены TikTok-акаўнт з назвай «Могилёв \ Бобруйск \ новости» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@mogilevn). Рашэнне лічыць гэты інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкім» 29 студзеня прыняў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 28 студзеня «экстрэмісцкім» прызнаны TikTok-акаўнт медыя «Позірк» з назвай «pozirk_online» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@pozirk_online).
Гэты рэсурс трапіў у спіс на сайце ведамства другі раз за месяц: 11 студзеня яго змест ужо быў кваліфікаваны як «экстрэмісцкая інфармацыйная прадукцыя» судом Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
На пачатку снежня 2024 года «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя старонкі медыя «Позiрк — Навiны пра Беларусь» у Instagram і Х. Іншыя інтэрнэт-рэсурсы праекта былі ўключаны ў «экстрэмісцкі» спіс Міністэрства інфармацыі яшчэ раней. 19 снежня 2024 года года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла медыяпраект «Позірк» «экстрэмісцкім фармаваннем».
29 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй YouTube-канал «1142Х» (ідэнтыфікатар youtube.com/@Homiel_history). І асобна — дакументальны фільм «Лес» («Выжил после расстрела»), размешчаны на гэтым канале (ідэнтыфікатар youtube.com/watch?v=370h3nA8b‑4). У гэтай кінастужцы, якая выйшла ў мінулым годзе, распавядаецца пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.
Рэжысёрка фільма — Марыя Булавінская. Яна з 2020 года вымушана не жыве ў Беларусі, і днямі даведалася, што на яе вясковую хату пад Гомелем накладзены арышт.