• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    10 беларускіх плакатаў пра абаронцаў Айчыны

    Менавіта мастацтва мае шанец знізіць ідэалагічны накал, калі ставіцца да савецкіх набыткаў найперш як да помнікаў культуры. А для беларускага грамадства савецкая культурная спадчына — сапраўды каштоўнасць, калі меркаваць па актыўных кампаніях у абарону мінскай Асмолаўкі ці раёна побач з трактарным заводам.

    Аўтар: Белецкі І. Л. 1978 г.

    Сёння савецкае можа выклікаць у маладога пакалення сцёб, жах, патрыятычныя пачуцці… — залежыць ад актуальнай сітуацыі ў краіне пражывання.

    У Эстоніі, напрыклад, у Тартускім музеі КДБ, наведвальнікам прапануецца зрабіць сэлфі з партрэтам Сталіна.

    У Фінляндыі паспяхова існуе камерцыйны дум-металічны праект “Курск”. Вакаліст спявае па-руску ўласныя творы з тэкстамі кшталту “Здесь моя улица, алея Сталина…” Музычны прадукт якасны і “сур’ёзны”, кажуць, на заходнееўрапейскіх фестывалях успрымаецца як сцёб, а ў Расіі, дзе і ёсць асноўная мэтавая аўдыторыя гурта, — “на ура” і без аніякага сумневу ў шчырасці музыкаў. На канцэрце ў Мінску, здаецца, музыку слухалі проста як музыку. Але магчыма мне толькі здаецца…

    У Беларусі, дзе савецкія злачынствы не асуджаныя на дзяржаўным узроўні (а па маім шчырым перакананні краіна ніколі не выберацца з “пераходнага перыяду”, калі не адбудзецца нешта кшталту Нюрнбергскага працэсу над камунізмам), стаўленне да савецкай спадчыны неадназначнае. “Свая” гэта была дзяржава ці “чужая”? “Руская акупацыя”, як у прыбалтаў, ці “адзін з этапаў пабудовы беларускай дзяржаўнасці”?

    Аўтар: Жук У. І. 1990 г.

    Менавіта мастацтва мае шанец знізіць ідэалагічны накал, калі ставіцца да савецкіх набыткаў найперш як да помнікаў культуры. А для беларускага грамадства савецкая культурная спадчына — сапраўды каштоўнасць, калі меркаваць па актыўных кампаніях у абарону мінскай Асмолаўкі ці раёна побач з трактарным заводам. Многія творы савецкай эпохі выконваліся на высокім мастацкім узроўні, што прыцягвае калекцыянераў. Шырока вядомы парк савецкіх скульптур у літоўскім Грутасе, напрыклад. У Мінску музей скульптара Заіра Азгура стаў адным з самых атмасферных месцаў, а сацрэалістычныя творы Заіра Ісакавіча, здаецца, ніколькі не супярэчаць самым авангардным плыням, прадстаўнікі якіх ладзяць імпрэзы ў яго музеі.

    Беларускі саюз дызайнераў збірае плакаты, што ствараліся на тэрыторыі Беларусі. Вялікая частка калекцыі, канечне, адносіцца да савецкай эпохі. У электронным выглядзе дадаюцца плакаты з прыватных збораў і з Беларускай кніжнай палаты. Як ні дзіўна, плакатаў уласна пра 23 лютага ў немалой онлайн-калекцыі Беларускага саюза дызайнераў не знайшлося. Затое выяў больш “агульнай” тэматыкі, пра абаронцаў Айчыны і савецкую армію, назбіралася.

    Магчыма, 23 лютага не лічылася святам таго ж маштабу, што 8 сакавіка. Міжнародны жаночы дзень, напэўна, дзякуючы сваёй інтэрнацыянальнасці, выяўляўся плакатыстамі даволі актыўна. Ці, можа быць, наадварот, “мужчынская” тэматыка ў мілітарызаваным СССР лічылася актуальнай круглы год, а “жаночая”… Як у сумным сэксісцкім выказванні: “Маўчы, жанчына, твой дзень — 8 сакавіка”.

    Аўтар:Хайрулін Я. І. 1988 г.

    Па словах супрацоўніка Саюза дызайнераў Паўла Дарохіна, плакаты маглі вісець на вуліцах ці на прадпрыемствах, часта прадаваліся цэлымі тэматычнымі блокамі. Напрыклад, трэба было аформіць стэнд па барацьбе з алкагалізмам… ці за пажарную бяспеку… На думку Паўла, плакаты ваеннай тэматыкі маюць карані ў агітпрадукцыі часоў Першай сусветнай. Такую прапаганду выкарыстоўвалі і Расія, і Германія, і Велікабрытанія, і Францыя.

    Знакаміты плакат “А ты записался добровольцем?” — копія амаль такога ж брытанскага плаката, які ў свой час перарабілі з амерыканскага “Your coun­try needs you!”

    Хоць на плакатах і складана знайсці прыкметы пэўнага часу, некаторыя дэталі даволі красамоўныя. З 1980‑х на плакатах можна заўважыць матывы з георгіеўскімі стужкамі. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ваенная тэматыка ў плакаце без прывязкі да пэўнай даты страчвае папулярнасць. Але працягваюць вырабляць плакаты да 9 мая і 3 ліпеня.

    Большасць плакатаў, што выходзілі ў Беларусі, — беларускамоўныя. У першую чаргу гэта датычыцца прадукцыі выдавецтваў “Агітплакат” і “Беларусь”. МУС, Міністэрства аховы здароўя ды іншыя ведамствы часцей выдавалі па-руску. Але “Агітплакат” браў колькасцю!

    Аўтар: Хайрулін Я. І. 1975 г

    На выявах вайсковай тэматыкі мільгаюць выразы кшталту “свяшчэнны абавязак” і вытрымкі з Канстытуцыі СССР. Падкрэсліваецца абарончы характар савецкай арміі (“на варце міру”). Сустракаюцца адсылкі да старажытнарускіх былінных герояў. На плакатах, што выходзілі ў іншых рэспубліках СССР, таксама былі адсылкі да нацыянальнай гісторыі, напрыклад, сярэднявечных антыфеадальных паўстанняў.

    Аўтар: Кальмаева Л. М. 1989 г.

    Вось на плакаце Людмілы Кальмаевай — бацька-вайсковец з сынам, які мерае яго фуражку. Выява ўсё ж не тыпова савецкая, бо мужчына ў вобразе бацькі сустракаўся зрэдку… Павал Дарохін тлумачыць, што Кальмаева доўга працавала ў Эстоніі, яе творы былі не зусім савецкімі, а калі паглядзець на яе тэатральныя афішы, то, можа, і зусім несавецкімі…

    Канечне, абаронцаў Айчыны малявалі і на плакатах да 9 мая і 3 ліпеня, але гэта ўжо зусім іншыя гісторыі…

    Аўтар: Лягічаў Ю. В. 1969 г.

    Аўтар: Жук У. І. 1976 г.

    Аўтар: Крэйдзік І. Г.

    Аўтар: Малінoўскі Р. С. 1973 г.

    Аўтар: Сухаў Ю. Л.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці