• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    125 гадоў таму нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. Забыты беларускі геній

    Для адных гэты чалавек — бацька беларускай граматыкі, для іншых — камуніст і агент Камінтэрна. Кім насамрэч быў Браніслаў Тарашкевіч.

    Шлях да беларушчыны

    Браніслаў Адамавіч нарадзіўся ў студзені 1892 г. у засценку Мацюлішкі ў 30 км ад Вільні ў сялянскай сям’і. Хлопчык дэмантраваў цягу да ведаў: народнае вучылішча, Віленская гімназія, гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта — усе гэтыя этапы свайго жыцця Тарашкевіч прайшоў выдатна і яны аказалі вырашальны ўплыў на фармаванне яго беларускай самасвядомасці. Пазней была барацьба за незалежную Беларусь, якая, на жаль, была беспаспяховай. І цяпер і тады, галоўную ролю адыграў геапалітычны фактар, а менавіта знаходжанне нашай краіны на шляху з Масквы ў Берлін і наадварот. З 1920 года Браніслаў Тарашкевіч пачаў супрацоўнічаць з польскімі ўладамі, пры гэтым ён актыўна займаўся справамі беларускай культуры. У 1921 годзе па яго ініцыятыве было створанае Таварыства беларускай школы. У гэты час ён піша выдатны артыкул пра паэта Адама Гурыновіча і працуе над перакладам на беларускую мову паэмы “Іліяда”. Грамадскі дзеяч часта ездзіў у маёнтак Мігаўка ля Радашковічаў, які належаў Аляксандру Уласаву. Даследчыкі жыцця Тарашкевіча ўпэўненыя, што там ён мог атрымліваць савецкую перыёдыку, якую кантрабандай прыносілі з Усходу. “Рыжская” мяжа была зусім побач.

    У верасні таго ж 1921 года навуковец прыняў удзел у канферэнцыі беларускай эміграцыі ў Празе. У мерапрыемстве, акрамя палітыкаў, прымалі ўдзел і шмат беларускіх вайскоўцаў, якія пасля польска-бальшавіцкай вайны аселі ў Польшчы. Сход меў яскрава антыпольскі накірунак. Гэта паўплывала на меркаванні Тарашкевіча, бо пасля вяртання ў Польшчу, ён дыстанцыянаваўся ад польскіх улад і стаў актыўна займацца беларускімі культурнымі справамі.  Браніслаў Адамавіч удзельнічаў у выбарах у польскі Сейм і выступаў за развіццё нацыянальнай аўтаноміі беларусаў у складзе Другой Рэчы Паспалітай. З 1922 па 1924 гг. ён быў старшынём Беларускага пасольскага клуба ў польскім сейме. У Варшаве ён жыў ў доме на вуліцы Новасенатарскай, 8.

    Варта ўлічваць, што ў гэты час, па сутнасці, фармавалася структура дзяржаўнасці Другой Рэчы Паспалітай і беларускі навуковец спрабаваў з сеймавай трыбуны заявіць пра праблемы і жаданні свайго народу.

    Парадокс: не гледзячы на радыкалізм, у той момант польскія ўлады лічылі Тарашкевіча “палонафілам”. 

     

    На баку камуністаў

    У 1924 г. у выданні “Віленскі агляд” Браніслаў Іванавіч надрукаваў артыкул у якім адзначалася: “Вы жадаеце моцную Польшчу, а з сяброў робіце ворагаў; жадаеце грамадзянскай адказнасці і правакуеце незадавальненне. Каб вы пазней, калі прыйдзе час выпрабаванняў, не пашкадавалі”.

    Гэтыя словы былі прароцкімі. Памылкі міжваенных польскіх улад у адносінах да нацыянальных меньшасцяў прывядуць да жуданых забойстваў польскіх грамадзян і прадстаўнікоў уладаў Другой Рэчы Паспалітай ва ўсходніх ваяводствах пасля 17 верасня 1939 года.

    Адмова з боку Варшавы ад федэралісцкай палітыкі прымушала Тарашкевіча шукаць саюзнікаў сярод камуністаў. У чэрвені 1924 г. з трыбуны сейма ён заявіў: “Тэрытарыяльная аўтаномія не змагла б вырашыць усе праблемы. Беларускі народ не верыць у магчымасць гэтай аўтаноміі і сёння яшчэ больш звяртае свой позірк на Усход”. Пазней Браніслаў Адамавіч нават падтрымаў “раскольнікаў” у шыхтах КПЗБ, якія выступалі за падрыхтоўку ўзброенага выступлення ў Заходняй Беларусі з мэтай уз’яднання гэтых тэрыторый з БССР. У чэрвені 1925 г. была створана Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Хутка гэтая партыя стала вельмі папулярнай у заходнебеларускім рэгіёне. У яе ўступалі сяляне (земляробы), працоўныя, інтэлігенцыя. Усяго ў Грамадзе было каля 120 тысяч чалавек.

    Першы арышт

    Дзейнасць беларускага грамадскага дзеяча і амбіцыйнага палітыка нервавала польскія ўлады. Браніслаў Адамавіч не хаваў сваіх сантыментаў да СССР і ўсё часцей выказваўся за тое, што добрая будучыня Заходняй Беларусі залежыць ад уваходу рэгіёна ў склад “дзяржавы працоўных і сялян”. Вельмі часта ён ездзіў па мястэчках і вёсках заходнебеларускага рэгіёна і ладзіў нелегальныя сходы. На працягу года польскія “сілавікі” сачылі за лідарам Грамады. У Радашковічы, напрыклад, быў накіраваны паліцэйскі агент Станіслаў Тымінскі, які павінен быў сачыць за дзейнасцю беларускага апазіцыянера. У ноч з 14 на 15 студзеня 1927 года польская паліцыя арыштавала Браніслава Тарашкевіча. Адначасова “сілавікі” правялі ператрус кватэр Тарашкевіча ў Вільні (на вуліцы Макавай, 15) і Варшаве (вул. Свентакшыска, 28). Паліцэйскія рэквізавалі значную частку рукапісаў прац беларускага грамадскага дзеяча (у тым ліку і публіцыстычных артыкулаў), а таксама справаздачы са сходаў БСРГ у Горадні і Косава. Улады спрабавалі абвінаваціць Тарашкевіча ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Савецкага Саюза.

    Падчас суда ён адмаўляў свой ўдзел у Інтэрнацыянале, а палітыку БСРГ тлумачыў нежаданнем польскіх улад ісці насустрач беларускаму насельніцтву ўсходніх ваяводстваў. Акрамя гэтага беларускі палітык актыўна супрацьстаяў абвінавачванням з боку здраднікаў і правакатараў. Падчас выступлення супрацоўніка дзяржаўнай паліцыі, які прысутнічаў на сходзе БСРГ ў адной з заходнебеларускіх вёсак, Тарашкевіч задаў таму пытанне па-беларуску. Паліцыянт не зразумеў што ад яго хацеў падсудны і, тым самым пацвердзіў, што не мог быць сведкай супраць Тарашкевіча, бо банальна, не ведаў, пра што гаварылі ўдзельнікі сходу Грамады, на якім ён прысутнічаў.

    У сваім выступе ў судзе беларускі грамадскі дзеяч адзначыў: “Павінен падкрэсліць, што тое, што адбывалася ў савецкай Беларусі ў справе адраджэння беларускасці, мяне моцна здзіўляла. Пра гэта мяне праінфармаваў не камуніст, а польскі чыноўнік. Паводле гэтых звестак я зразумеў, што беларуская справа ў БССР была пастаўленая на высокім узроўні. Тады ж я зразумеў, што саветы надаюць вялікую ўвагу беларускаму нацыянальнаму руху. Я сам хацеў ехаць у БССР, але мяне не пусцілі. Я пастараўся атрымаць вялікую колькасць кніг, выдадзеных там, і з іх даведаўся, што ў БССР была праведзеная беларусізацыя дзяржаўных устаноў. Тады я зразумеў, што ў БССР будуецца беларускі дом. […] Калі б на ўсходзе не было Саветаў, то там была б “адзіная і непадзельная”, а мне бліжэй Саветы”.

     

    Другі шанец

    21 сакавіка 1927 года польскія ўлады забаранілі дзейнасць БСРГ. А ў траўні 1928 г. Тарашкевіча асудзілі да 12 год турэмнага зняволення. Праўда, у абвінаваўчым акце, акрамя іншага, адзначалася, што кіраўнік Грамады — найбольш інтэлігентная асоба з усіх членаў партыі. Праз год тэрмін зняволення для Браніслава Адамавіча быў зменшаны на чатыры гады, а ў 1930‑м палітыка ўвогуле вызвалілі з турмы. Хутка Тарашкевіч аб’яднаўся з сям’ёй у Радашковічах. У падтрымку арыштаваных членаў Грамады ён напісаў “Ліст былога дэпутата Браніслава Тарашкевіча”, які разышоўся па ўсёй Заходняй Беларусі. У гэты ж час грамадскі дзеяч актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі палітычнага клуба “Змаганне”.

    У 1931 годзе польская паліцыя ізноў арыштавала беларускага палітыка. Следства ціснула на Тарашкевіча тым, што ў БССР пачаліся рэпрэсіі супраць дзеячаў беларускага руху. З красавіка 1931 года да лістапада 1932 года Браніслаў Адамавіч знаходзіўся ў адзіночцы (№ 45) гарадзенскай турмы. Яго абвінавачвалі ў камуністычнай дзейнасці. Падчас знаходжання ў турме ў Гародні Тарашкевіч паспяхова скончыў працу над перакладам на беларускую мову твора Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”.

     

    Абмен

    У рэшце рэшт, за камуністыную дзейнасць Тарашкевіч быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, а таксама страты грамадзянскіх правоў на 10 гадоў. У прысудзе адзначалася, што Тарашкевіч праводзіў палітыку, накіраваную на адарванне паўночна-усходніх ваяводстваў ад Польшчы. Станавілася зразумелым, што на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай у Браніслава Адамавіча будучага няма.

    У гэты ж час кіраўніцтва Камуністычнай партыі Польшчы актыўна спрабавала знайсці магчымасць абмену беларускага навукоўца на аднаго з “польскіх” вязняў ГУЛАГу. 16 жніўня 1933 года ўрад Польшчы зацвердзіў умовы гэтай “аперацыі”. Як вядома, Браніслава Тарашкевіча абмянялі на памежнай станцыі Коласава на беларускага літаратара Францішка Аляхновіча.

    У дакуменце, які тычыўся справы абмену, адзначалася: “У адпаведнасці з указам Савета Міністраў ад 16 жніўня бягучага года, 6 верасня ў Коласава адбудзецца абмен палітычнага вязня Тарашкевіча Браніслава, які знаходзіцца ў макотаўскай турме, на Аляхновіча Фрацішка, які знаходзіцца ў турме ў СССР.

    Выезд Тарашкевіча адбудзецца 6 верасня бягучага года ў 0–20 з Варшавы — Усходні вакзал, цягніком, які прыбывае ў Стоўбцы ў 13–50. Канвой будзе складацца з двух супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі. У сувязі з гэтым міністр унутраных спраў просіць аб выданні адпаведных распараджэнняў, аб недапушчэнні маніфестацый з боку камуністычных арганізацый па справе Тарашкевіча як падчас праезду цягніка праз важнейшыя населеныя пункты, так і ў Стоўбцах. Перагляд рэчаў Тарашкевіча ў Стоўбцах правядзе КАП”. 

    Беларуса мянялі на беларуса.

    Калі сёння расказваеш пра гэтую гісторыю замежнікам, то тыя хапаюцца за галаву і кажуць, якую ж траўму нанеслі беларускаму народу чужынцы, якія вырашалі наш лёс. Адзін верыў у тое, што лепшая будучыня Беларусі можа быць дасягнутая толькі ў цеснай супрацы з СССР, іншы як мага хутчэй імкнуўся збегчы з “імперыі Сталіна”, бо спаўна даведаўся пра жудасці бальшавіцкай карнай сістэмы. Абодва былі беларусамі і абодва хацелі бачыць Беларусь незалежнай.

     

    У СССР

    “Мая мама, Вера, таксама збіралася ехаць у Савецкі Саюз, але ў выніку, вырашыла не пакідаць састарэлую маці. Ніхто ж не мог чакаць, што бальшавікі з Тарашкевічам так паступяць. Яна яго суправаджала пры абмене, прывезла на станцыю Коласава рукапісы яго перакладаў “Іліяды” Гамера і “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча”, — узгадвае дачка Веры Андрэеўны (першай жонкі Тарашкевіча) ад другога шлюбу Ірына Ніжанкоўская.

    7 верасня 1933 года Браніслаў Адамавіч быў у сталіцы савецкай Беларусі, а хутка пасля гэтага паехаў у Маскву. Там яму прапанавалі працу ў Міжнародным аграрным інстытуце і кватэру на Чырвонай Прэсні. Праз год Тарашкевіч стаў савецкім грамадзянінам і ажаніўся на Ніне Палянскай. У гэты час ён пісаў шмат публіцыстычных матэрыялаў. Так, у газеце “Савецкая трыбуна” выйшаў яго артыкул, прысвечаны Адаму Міцкевічу. Браніслаў Адамавіч радаваўся як дзіця, калі даведаўся, што яго пераклад “Іліяды” на беларускую будзе выдадзены ў Мінску. Навуковец актыўна цікавіўся навінамі з Іспаніі і паўтараў, што яго месца на Пірынейскам паўвостраве (у 1936 годзе ў гэтай краіне пачалася Грамадзянская вайна). 6 мая 1937 года НКУС арыштавала Тарашкевіча. У студзені 1938 года яго прысудзілі да растрэлу. Па адной з версій ён памёр у турме (у лістападзе 1941 года), невытрымаўшы катаванняў, па іншай, усё ж быў растраляны. У студзені 1957 года калегія Вярхоўнага суда СССР рэабілітавала Браніслава Тарашкевіча. Пасмяротна.

     

    Трагедыя беларуса

    “У 1938 годзе, у адной з польскіх газет, мама прачытала аб арышце мужа і не паверыла. Яна нават ліст-абвяржэнне ў газету напісала, у якім паведаміла, што нядаўна атрымала ліст ад Тарашкевіча з СССР. У 1939 годзе, калі сюды прыйшлі бальшавікі, маю маму, жонку «ворага народа» з дому выселілі, але арыштоўваць не сталі. Бачылі, што мясцовыя жыхары да кіраўніка Грамады і аўтара беларускай граматыкі добра ставяцца. Людзі нават подпісы ў падтрымку мамы сабралі і яе не дэпартавалі. Супрацоўнікі НКУС ёй дазволілі захаваць частку рэчаў, якія належалі мужу. Толькі пасля смерці Сталіна маці даведалася праўду пра смерць Браніслава Адамавіча. Калі б яна паехала з ім у 1933 годзе ў СССР, яе б таксама растралялі, а сына Радаслава накіравалі б у спэцінтэрнат або дзіцячы дом. У Веры Андрэеўны заставаўся архіў Тарашкевіча. Копіі дакументаў, рукапісы шмат фотаздымкаў. Але ўсё гэта загінула 26 чэрвеня 1941 года, калі савецкія самалёты бамбілі Радашковічы”, — адзначае Ірына Ніжанкоўская.

    Гісторыя гэтага чалавека такая ж супярэчлівая, як і ўсё ХХ стагоддзе. Ён шчыра хацеў бачыць Беларусь незалежнай, але зрабіў стаўку, мякка кажучы, не на тых. Для бальшавікоў Тарашкевіч быў усяго толькі пешкай у іх геапалітычнай гульні супраць польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Аднак гэта не змяншае заслугаў Браніслава Адамавіча, які шчыра любіў сваю радзіму і хацеў шчасця для яе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці