15 YouTube-каналаў, якія расказваюць беларусам пра гісторыю іх роднай краіны
Ад анімаваных «Вусоў Скарыны» да камерных падкастаў Ганны Дзягель.
«Салідарнасць» прапануе агляд YouTube-каналаў, прысвечаных гісторыі Беларусі і гісторыі свету па-беларуску. Спіс атрымаўся на любы густ: тлумачальныя ролікі для школьнікаў і іх бацькоў, ваенная гісторыя, акадэмічныя гутаркі прафесійных гісторыкаў і відэа папулярных блогераў, якія адкрываюць цікавыя старонкі мінуўшчыны роднага краю разам са свамі гледачамі.
Белсат History на дадзены момант прапануе 11 плэй-лістоў і агулам больш за тры сотні відэа. Тут можна знайсці аўтарскі цыкл передач гісторыка Цімафея Акудовіча («Вусы Скарыны»), раздзел дакументальных фільмаў, займальныя гісторы ад Лявона Вольскага («Шыльды») ды многае іншае.
Гісторыя на Свабодзе — канал беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода». Тут беларускія і замежныя інтэлектуалы разважаюць пра самыя актуальныя пытанні гісторыі Беларусі і суседніх краін. Гэта адказ на «вайну гісторыяў», якую цяпер вядзе беларуская і расійская прапаганда, сцвярджаюць аўтары канала.
Беларускі інстытут публічнай гісторыі таксама мае свой канал, у якім публікуе дыскусіі адмыслоўцаў, развагі гісторыкаў і лідараў думак над пытаннямі, якія хвалююць многіх беларусаў. Сярод аўтараў і прамоўцаў — Алесь Пашкевіч, Зянон Пазняк, Аляксей Ластоўскі, Аліна Коўшык, Павел Церашковіч, Роза Турарбекава ды інш.
Так склалася гістарычна — канал аўдыё і відэападкастаў Ганны Дзягель. 125 гутарак на дадзены момант. Тут вы можаце даведацца, чым гандлявалі Польшча і БССР між сусветнымі войнамі ў ХХ стагоддзі, якую ролю адыгралі вікінгі ў жыцці нашых продкаў. А таксама, напрыклад, паслухаць па-беларуску актуальную сёння гісторыю араба-ізраільскага канфлікта.
Кава з гісторыкам — больш за два дзясяткі відэа, створаныя на канале Беларускага моладзевага хаба. Тут гісторык Уладзімір Лобач расказвае пра эрас у беларускай традыцыйнай культуры, а Юрый Піскун чытае лекцыю пра залаты век беларускага іканапісу. Гутарыць з калегамі за кавай Віктар Якубаў.
Няпростая гісторыя — адна з рубрык на канале палітолага Андрэя Казакевіча. У ёй уласна сам Казакевіч у тандэме з гісторыкам Аляксеем Ластоўскім ставяць перад сабой задачу «даць панараму таго, што адбываецца ў разуменні і выкарыстанні мінулага ў сучаснай Беларусі і нашым рэгіёне».
Гісторыя з Алесем Краўцэвічам — аўтарскі канал прафесара гісторыі з Гродна. Чатыры дзясяткі відэа пра «пакручастыя шляхі беларускай гісторыі, уздымы і крызісы, бітвы і перамогі, лёсаносныя падзеі і людзі, якія стваралі Беларусь».
Трызуб і Пагоня — серыя падкастаў тэлевячай Кацярыны Ваданосавай на канале «Будзьма беларусамі». Праект пачынаўся пад слоганам «1000 год супольнай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў. Тое, што аб’ядноўвае і пра што варта ведаць». Цяпер жа тут публікуюцца і ўласна беларускія гісторыі — ад удзелу нашых продкаў у Грунвальскай бітве, да Усебеларускага з’езду 1917-га.
ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ — аўтарскі праект паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча. Канал прапануе знаёмства і пераасэнсаванне гісторыі краіны праз творы нашых класікаў — Васіля Быкава, Аркадзя Куляшова, Наталлі Арсенневай. А таксама аналіз актуальных падзей праз прызму творчасці сучасных зорак літаратуры і музычнай сцэны.
Слухай сюды — канал Трансусветнага радыё, на якім вядучы Сяржук Брышцель і гісторык Андрэй Унучак расказваюць пра самыя розныя эпізоды беларускай гісторыі — ад падзелаў Рэчы Паспалітай да падзеяў Першай сусветнай вайны. Тут абмяркоўваюць навуковыя працы Міколы Ермаловіча і творчую спадчыну Уладзіміра Караткевіча.
Загляне сонца — аўтарскі праект блогера і журналіста Мікіты Мелказёрава. Лепей за яго ніхто не апіша сэнс і змест канала: «Мне 35. Я з тых, каго называюць неверагоднымі ці неафітамі. І так, да 2020-га мне было даволі роўна, што там адбываецца з краінай. Цяпер я адкрываю ў сабе здольнасці ганарыцца беларускай мовай і кайфаваць ад яе ўжывання і гучання. А таксама, адчуваць нейкую моц ад новых ведаў па гісторыі сваёй краіны. Калі вы адчуваеце нешта падобнае, далучайцеся. Давайце беларусець разам! Цяжка спачатку, прыемна пасля».
Размовы пра ваенную гісторыю запісвае Віталь Чырвінскі, падпалкоўнік запасу, былы начальніка групы арганізацыі вайскова-гістарычнай працы і геральдычнага забеспячэння Узброеных сілаў Беларусі. На дадзены момант на канале болш за 70 відэа. Многія з іх прысвечаныя традыцыям войска ВКЛ, а таксама легендарным бітвам, у якіх удзельнічалі нашы продкі.
Тутэйшы Шляхціч — гэта блогер Усясляў Пашкевіч, які папулярызуе гісторыю Беларусі. Антысавецкі супраціў, рэпрэсіі і русіфікацыя, зараджэнне дыктатуры ў нашай краіне, ворагі Беларусі — ад Пятра І да Івана Жахлівага. І гэта далёка не поўны пералік тэмаў, якія раскрывае для сваіх гледачоў канал.
TakiBylo прапануе нечаканыя факты пра Беларусь сённяшнюю і яе мінуўшчыну. Хто раней жыў у рэзідэнцыі, якую сёння займае Лукашэнка? Беларуска, якая стала каралевай Даніі. Менск ці ўсё ж Мінск? І ці заўсёды наша сталіца была «самым чыстым горадам»?
Гісторыя Беларусі | Альгерд ужо ня той — канал для школьнікаў, які будзе цікавы і іх бацькам. Асабліва тым, хто наноў ці ўвогуле ўпершыню адкрывае для сябе нашу гісторыю.
«Тут вы знойдзеце займальныя ўрокі па гісторыі Беларусі ў адпаведнасці са школьнай праграмай. Выкладаем цікава і нясумна!» — абяцаюць аўтары праекта.
Гэты агляд не прэтэндуе на ўсеахопнасць. Калі вас цікавіць гісторыя Беларусі, зрабіце сабе закладку на артыкул «Салідарнасці» (калі для вас гэта бяспечна) — ён будзе дапаўняцца па меры з’яўлення новых праектаў.