Змяя была сімвалам мудрасці, магічнай сілы, любоўнай магіі, апякунства ачага. Змяя з’яўлялася персанажам, які быў звязаны з урадлівасцю, зямлёй і вадой.

Выявы змей вядомыя яшчэ ў неалітычным мастацтве Беларусі. А ў XI-XII стагоддзях на тэрыторыі Беларусі былі шырока распаўсюджаныя металёвыя бранзалеты і фібулы са стылізаванымі канцамі ў выглядзе змяіных галоў. Ян Лісіцкі (канец XVI стагоддзя) згадваў, што на беларускіх землях «многія трымаюць у доме ручных змей і кормяць іх», а сялянскія дзяўчаты «ўпрыгожваюць шыю каралямі з галоў змей».

А як жа вужы і гадзюкі?

Продкі беларусаў выразна размяжоўвалі вужоў і гадзюк. Да вужоў было асаблівае стаўленне, якое нагадвала стаўленне да буслоў. Казалі, да прыкладу, што продкі беларусаў трымалі калісьці вужоў у хатах. У хаце вужы жылі пад печчу, а калі кармілі дзяцей, то вужы маглі карміцца разам з імі: у вялікім сем’ях дзяцей кармілі асобна ад дарослых, яны елі на падлозе за вялікай міскай са стравай.

Вуж таксама быў ахоўнікам гаспадаркі: знішчаў дробных грызуноў, якія непакоілі свойскую жывёлу.

Яшчэ вужам дазвалялі жыць у хлявах і смактаць малако ў кароў, а гаспадары не мелі нічога супраць. Забаранялася нават трывожыць вужа-даільшчыка, бо карова да яго прывыкала і была спакойнай, а без вужа пачынала трывожыцца і пераставала даваць малако.

Раней вуж быў абераганы і асцераганы ў адрозненне ад гадзюк. Гадзюка ў беларускім фальклоры мае рэзка адмоўнае значэнне. Беларусы баяліся гадзюк, а іх укусы былі (і застаюцца) атрутнымі.

У некаторых мясцінах вужамі называлі ўсіх паўзуноў — і вужоў, і гадзюк.

Якія паданні былі ў беларусаў пра змей?

У беларускіх паданнях часта фігуруюць Змей-Волат, Цар-Змей і Змей-Страшыдла. Супраць усіх іх людзі змагаліся і незаўсёды маглі перамагчы.

Напрыклад, з падання з Дубровенскага раёна вядома, што Змей еў скаціну і людзей. З ім змагаліся, але доўга не маглі перамагчы. Потым з’явіўся асілак, які забіў Змея і рассек яго на тры часткі: галаву, тулава і хвост, а кожную з гэтых частак закапаў у асобны курган.

У Гарадоцкім раёне было паданне, як людзі лавілі Змея, але не змаглі забіць. Тады надумалі яго засыпаць зямлёй, але і гэта не атрымалася. Потым нейкі чалавек запрог чорнага пеўня ў стары лапаць і тры разы на ім прыводзіў зямлю, каб засыпаць Змея. Ад першай жмені той зямлі Змей нібыта зароў, а раскапаная ім раней зямля закрыла яго цалкам.

У іншым паданні расказваецца, што пастух хацеў захапіць у Цара-Змея алмазную карону, але як толькі сарваў карону, на яго з усіх бакоў набегла незлічоная колькасць змей. Пастух кінуўся наўцёкі і выратаваўся толькі таму, што дабег да манастыра пад Полацкам і зачыніў за сабой браму.

У беларускіх паданнях і павер’ях фігуруюць лятучыя і вогненныя Змеі. Лятучы Змей (Цмок) набывае аблічча барадатага чалавека і прыносіць свайму гаспадару ўраджай з чужых палёў.

Бывае, што Змей улятае праз комін і ў хаце ператвараецца ў прыгожага хлопца. Калі дзяўчына закахаецца ў такога хлопца-Змея, то пачынае марнець і неўзабаве памірае. Часта Змей набывае аблічча ўлюбёнага чалавека, якога ўжо няма. Змей можа хавацца ад Бога Навальніцы ў дупле дуба і таму ў гэтае дрэва часта б’е Пярун.

У Беларусі засталіся так званыя Змеевыя камяні (Расоншчына, вёска Гогалеўка ў Чашніцкім раёне), Змеева гара (вёска Вароніна ў Сеннецкім раёне), Змеевы валы (вёска Завідзічы ў Лепельскім раёне) і іншыя. Змеевы камяні звычайна ўяўляюць сабой вялікія, падоўжанай формы неапрацаваныя валуны.